Фота Марыі Сёдэрберг
РУКІ ПАХНУЦЬ ВАЙНОЙ


Анатоль Дністравы

* * *
за гарызонтам зноўку кананада
прыйшоў чужынец
ціхі сьнежны вечар
сьляды дзяцей што белаю дарогай
вядуць туды
дзе мы былі шчасьлівыя

3.03.22


* * *
хлопчыку сьніцца бронетэхніка
бацька зьнясілены
сьпіць бяз задніх ног
толькі кот перад акном на варце
слухае як равуць рухавікі

5.03.22


Наша зямля

ціхая як горная скала што помніць старажытныя часы
асірацелая ад сакавіцкага холаду й лёгкага сьнегу
наша зямля маўчыць пад небам нізкім і шэрым
наша зямля маўчыць
пад ботам варожага салдата

яна адчувае крокі родных людзей
яны адчувае гул чужынскіх колаў
слухае роспач нашых птушак і дзяцей
пульсуе судзінамі будучага дня

5.03.22


* * *
мая адзежа ўжо ніколі ня будзе такой
як была да вайны
зацёртая куртка што грэе мяне два тыдні
мае новыя чаравікі цяпер пастарэлі
нібы стапталі сотні дарог
нібы пабачылі колькі зім
падобна застануцца
у гэтых застылых маразах
назаўсёды

12.03.22


* * *
ці ёсьць на тым сьвеце артылерыя
па кім яна страляе
пра што там думаюць артылерысты
якія словы яны кажуць
якія песьні сьпяваюць
якія сны сьняць
на баку дабра ці зла трымаюцца
ці пахнуць іхныя рукі вайной
ці бачаць яны сьвятло з заплюшчанымі вачыма
ці думаюць пра першыя кветкі гэтай халоднай вясны

12.03.22

* * *
сьніўся мне чарнігаў
як гуляю з сыночкам
фатаграфую на вале чарнявых вавёрак
сьніўся горад даўні і велічны
у вэлюме сівога туману над ракой
сьніліся ракеты ў хмарах
з акенцамі сотняў птушыных вёсак
што звонкімі галасамі
напаўняюць дзень без вайны

12.03.22

* * *
калі сьціхаюць размовы пра глабальныя праблемы
і сучасныя навуковыя тэорыі
зьнікаюць стомленыя думкі пра мроі
і прывідныя планы на нерэальнае лета

тады
размаўляюць пальцы
якія дакранаюцца да твару каханай
размаўляюць пальцы
што надломваюць акраец пазаўчорашняга хлеба
саграваюцца ад гарачага дыханьня
заплюшчваюць вочы
вечна
юнаму
байцу

13.03.22


* * *
месяц мы чакалі вайны
і дбайна рэзалі кубікамі
чорны і белы хлеб на сухарыкі
сушылі іх у духоўцы
дзеткам так прыйшліся сухарыкі да смаку
што праз колькі тыдняў яны іх зьелі

тыдзень мы чакалі вайны
і зноў сушылі сухарыкі
якія дзень за днём радасна елі нашыя дзеткі

калі сухарыкі скончыліся
неспадзявана прыйшла вайна

14.03.2022


Пераклаў з украінскай Андрэй Хадановіч
Анатоль Дністравы