Фота Марыі Сёдэрберг
Цяжка быць матыльком

***
Чорны зьвер вартуе ягады
не таму, што яны яму патрэбныя…

а каб есьці белых зьвяроў,
якія прыходзяць па ягады…


***
не пытаюся
каб ня ведаць адказу
адказ зьвязвае
зьвязаны не пытаецца


***
адшукай месца
дзе можна паставіць люстэрка
і калі такое месца адшукаецца
то люстэрка ставіць ужо ня трэба


***
Калі ты ўмееш лётаць то ў вёсцы
на цябе паказваюць пальцам
а ў горадзе – страляюць…


***
– А ў цябе ёсьць грошы?
– Ёсьць…
– Хочаш буду тваім сабачкам?


***
гадзіньнік – гэта калі пераводзіш погляд
з аднаго месца на іншае
з блізкага на далёкае
з гары на даліну –
і заўсёды розны час…


***
жыць так цікава
асабліва цяпер
калі нічога
ня мае сэнсу…


***
я хутка праславіўся
і прачнуўся між кветак
на сьметніцы куды кветкі звозяць…


***
з таго боку дзе кветкі я ўжо глядзеў…
вельмі прыгожа
і ўсё здаецца зразумелым
хаця…

а цяпер я гляджу з таго боку
дзе карэньчыкі
усё цёмнае няяснае
хаця тое самае…


Матылёк і дзяўчына

Як цяжка
быць матыльком
калі ты
ўжо стары…


*
каб паляваць на матылька
трэба стаць матыльком
калі ты можаш стаць матыльком
то толькі ты можаш паляваць
на матылька…

палюючы на матылька
ты палюеш на сябе


*
Ёсьць і сярод лісьця такое
што не далятае да зямлі…


*
– Ну як жыцьцё?
– Ружы квітнеюць
але вельмі далёка…


*
– Ало гэта Мікола?
– Так
– Слухай як ты пачуваесься?
– Хварэю…
– Нельга вясна адужвай
– Добра я яму перадам…


*
Кожны з нас быў настолькі спалоханы
наколькі ён быў чалавекам…


*
Усе мы тады эмігравалі кожны ў самога
сябе хто не эміграваў той нікім ня стаў
бо ніколі нікім і ня быў


*
Голас самотнага:
толькі ў прыцемках бачу трохі далей…


*
Думаў пайду далёка…
Азірнуўся – тыя ж будынкі і гоман пагоні ў іх.


*
Сёньня я майструю карабель
які нікому не патрэбны
Але мне патрэбны час для майстраваньня карабля…


*
Я ляжу пасярод утапічнай вясны
яшчарка незварушна глядзіць на мяне
Я ня ведаю хто з нас хто
Я дажыўся да таго што ўжо дажыўся:
крылы жукоў зеляніны
даўно ўжо ляжаць без жукоў…

Пераклаў з украінскай Андрэй Хадановіч

Мікола Вараб'ёў