Нядаўна ў Facebook разгарэлася дыскусія пад публікацыяй пра маладых беларускіх паэтаў: камусьці не спадаблася, што творцы ў асноўным пішуць верлібры, забываючыся на рыфму. Хтосьці, наадварот, лічыць, што гэта цалкам нармальна, і ў кожнага пакалення літаратараў заўжды ёсць свае адметнасці і тэндэнцыі.

Ці з'яўляецца сыход ад рыфмы сучаснай з'явай? Напэўна, так. Але і пяцьдзесят, і сто гадоў таму беларускія аўтары пісалі верлібры. Мы вырашылі ўзгадаць дзесяць класічных аўтараў, якія маюць у сваёй вершаванай спадчыне такія вершы.

Вацлаў Ластоўскі

* * *
Чала я не хіліў прад сілай
і не качаўся полазам у порсці;
клумлівай і тупой таўпе
не біў паклонаў я;
пратораны дарожкі
з пагардай абмінаў
ламаючы шчырэц навіны.
Вось гэта ўсё мае грахі,
вось гэта ўсё у чым я вінны!…
[1926-1927]


Максім Багдановіч

***
Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы
У ціхую сінюю ноч
I сказаць:
"Бачыце гэтыя буйныя зоркі,
Ясныя зоркі Геркулеса?
Да іх ляціць нашае сонца,
I нясецца за сонцам зямля.
Хто мы такія?
Толькі падарожныя, — папутнікі сярод нябёс.
Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?"
[1915]


Янка Юхнавец

***
Вячэрні промень сонца пагасаў.
Хаваўся мерна за гарамі.
Знікаў апошні сцень з зямлі
ў бронзавым святле заходу.
I песні ціхлі,
шорах моўк
у неабсяжнай цішыне.
I хутка змрок іржавы знік
у цемры ночы і дубраў,
і толькі ў небе жоўты месяц
між завулкаў зорных плыў.

I доўга моўкла жудзь начы,
ляжала між людскіх трывог,
і ў ложку росным, у імшарах,
нараджала дзень другі.

I дзень настаў. Дзень нарадзіўся,
і цягнуўся колькі мог.
Але ж...
не вырашыў нічога і гэты дзень.
[1947]


Міхась Стральцоў

***
Сон.
Сон.
Сон.
Ноччу, бязлюднай і цёмнай,
Іду па зямлі.
Вышэзны і лёгкі,
Пакалыхваюся ад тугі.
Галава прыгнута пад небам.
Я плачу.
Зоркі – слёзы мае.
Спяць гарады і вёскі,
Я над імі іду.
Высокі, пахілы і лёгкі,
Пакалыхваюся ад тугі.
Шукаю шэрую вёску,
Вёску сваю.
Баюся:
Вышэзны і лёгкі,
Не прысяду там на парог,
Як самалёт рэактыўны не сядзе
На травяністым аэрадроме...
Я плачу.
Зоркі – слёзы мае.


Рыгор Барадулін

***
Не ведаючы тэорыі вольных вершаў,
Не чуўшы нічога
Пра факт існавання авангардызму,
Мама
Лісты мне пісала верлібрам
Без знакаў прыпынку,
Без абавязковых вялікіх літар.
Падчас у радок
Прарываліся самі рыфмы,
Як вецер зімовы ў комін
Ці восеньскі той,
Што далічваў лісты на яблыні.
А рыфмы не вытыркаліся вельмі,
Яны перагукваліся па сутнасці:
"Мой сынок, каласок, васілёк,
Баравое зеллейка,
Мой каласутанька..."
I ў кожным радку
Столькі было зямлі і неба,
Лесу і мурагу,
I столькі мне добрага напрарочана,
I кожны радок
Быў да сэрца прытулены,
Што Біблію слова матулінага
Берагу.
Каб не сурочылі!


Максім Танк

***
Адрамантавалі дарогу.
Толькі чамусьці
Засыпалі калдобіны
Не пяском, а ракушачнікам.

Раней тут было не да язды,
А цяпер і хадзіць нельга:
Чуеш, як пад нагамі
Шумяць хвалі,
Нехта з разбітых караблёў
Моліць ратунку,
І пажагнальны крык чаек.
[1992]


Рыгор Семашкевіч

Каляровыя сны
Ці снілі вы сны каляровыя?
Салома валасоў каханай...
Рабінавыя навальніцы,
Сойкавыя світанні,
Варажбітныя травы.
Ці, як у штодзённым кіно,
Тон вашых сноў шэра-белы?
Фільмам даруем.
Яны ствараюцца па сцэнарыях.
Большасць сцэнарыяў – шэрасць.
Шэрае афармленне пасуе шэрай задуме.
Іх правал выратоўвае музыка і рэклама,
Яшчэ – канстытуцыя модных акторак.
Але жыццё не сцэнарый, напісаны некім.
Таму і павінен на кожным праглядзе,
У кожным дыханні,
Нават заплюшчыўшы вочы, і ноччу
Бачыць жыццё ну хаця бы такім:
Пунсовыя вусны хлопчыка Лёнькі
З блакітнага з абводкамі кубачка
Смокчуць малако.
Потым рукі, колеру ранняга золата саломы,
Ставяць кубак на стол, і над вуснамі
Адну хвіліну – белая пасачка малака.
Мне здаецца, што свет – гэта фарбы.
Згушчэнне, бег фарбаў.
Нават гісторыя афарбавана ў калёры:
"Чорная ноч рэакцыі...",
"Пунсавее зара рэвалюцыі..."
Шэрасці фільмаў даруем.
Яны напісаны па сцэнарыях.
І большасць з нейкай мараллю
Або закругляюцца гладка.
Але жыццё не сцэнарый.
Кожны сцэнарый жыцця, напісаны некім,
Страціў усё. Гінуць калёры, знікае жыццё.

Шэры попел Асвенціма, Арадура, Майданака.
Але праз попел прабілася вечная кроў,
сінія вочы
І, між іншым, чырвоны сцяг над рэйхстагам.
Не актор на экране, а мы задыхаемся
ў лабірынтах
Сюжэтных схемаў жыцця, без нас.
накрэсленых.
І часам мы плацім жыццём за іх знішчэнне.
У фарбах свет вольны.

Я люблю каляровы свет.
Хата з сінімі аканіцамі
І півонямі пад акном.
А вось і Лёнька з рыжым Барсікам.
Вы ніколі не станеце попелам?
Вы свет ніколі не ўбачыце шэрым?
Добра, тады пабачу, сасню вас такімі –
Блакітнавокага Лёньку,
Хату з сінімі аканіцамі...
[1966]


Анатоль Сыс

Рай
Самыя вясёлыя і галасістыя салаўі –
на вясковых могілках. Напэўна, таму,
што і днююць, і начуюць не ў гнёздах,
а ў душах маіх спрахлых дзядоў. Яны ж,
як сведчыць тутэйшы народ, былі
самымі жыццярадаснымі і жартаўлівымі
людзьмі на Палессі.

I бярозы тут самыя белыя...
Такія белыя, што ўначы здаюцца
прывідамі. Дзяды і нават божышчы
маіх дзядоў, як тварамі, так і думамі,
былі такімі ж светлымі.

I толькі жвір на вясковых могілках
калючы і цяжкі, калі прыходзіцца кідаць
свае тры жмені наўслед нябожчыку, як
самыя важныя словы, якія не паспеў
сказаць яму яшчэ учора.

Жыве старэнькая бабулька каля самых
могілак. Яна іх называе не інакш як
раем і ўсё часцей і часцей думае
пра яго. "Чаму?" – неяк запытаўся ў
яе. "Таму што ў пекле ўжо нажылася".


Таццяна Сапач

***
Цягнік
І я таксама,
калі пераліць у возера возера,
і гатаваць на слабенькай газоўцы
доўга-доўга...
нібы малако для дзіцяці –
разам з усімі нарэшце прачнуся
на самай прыгожай,
канцовай, станцыі,
дзе ўжо не належу Вам,
але і сабе не належу.


Алесь Разанаў

***
На заінелым трамвайным акне
хтось напісаў:
“Я кахаю”.
Усе пазіраюць на свет
праз гэтыя словы.


Дарэчы, вы можаце атрымліваць вершы Алеся Разанава кожны дзень у тэлеграм-канале.



10 верлібраў ад класікаў беларускай літаратуры