***
тут кожны трэці хоча ўзняцца з каленяў
і піўны жывот — першы прызнак мáча
тут кожнае новае пакаленне
адразу сябе запісвае ў страчанае

тут кожную восень называюць апошняй
і перагортваюць календары
тут вечна пяюць над счарнелай пожняй
пра маладосць памерлыя песняры

тут гуляюць у хованкі і даганялкі
і vae victis таму выбірай
тут кожны хто выскачыў за межы сталкер
а хто застаўся апошні самурай


***
Нечапаны на палях снег,
Пашматаны снег уздоўж дарог...
Хтосьці змог — і па дарозе збег.
Хто не змог — у гурбы снегу лёг.

Па дарозе цяжка йдзе Бог,
На плячы ў яго старцоўскі мех.
І блішчыць ад сонца ўздоўж дарог,
Быццам толькі яшчэ выпаў, снег.
Люты 2022


***
Не спяшаўся нікуды, прыватна жыў
І з дзяржавай поспехі не дзяліў.
Не ішоў у нагу пад бравурны марш,
Адчуваў у пафасе даўкі фальш,
Не хацеў заваёўваць ні Рым, ні Крым,
Бо любіў, як рыбы, свае віры...


КАЛЯДНЫ ГОСПЕЛ

Госпадзе, зірні: тут навокал такая шняга.
Што хочаш фотай — любая фотка прыдасца ў мем.
Але Ты, стварыўшы, сказаў, што гэта няблага...
У гэтым "няблага" дагэтуль мы і жывем.

Госпадзе, Ты чуеш? Мы вечна ходзім па краі:
Нехта — па краі родным, хтосьці — па краі ляза...
І апошняе слова, як міласціну, падбіраем,
І, пэўна ж, "дзякуй" за гэта сказаць.

Госпадзе, Ты ведаеш?.. Зрэшты, чаго я?..
Ты ж усяведны — знаеш і гэта.
Таму я і маўчу падчас размовы з Табою.
А Ты, калі чуеш, запалі зорку.
Або запусці камету.


БАЛАДА ВАРТАВОГА

Я яшчэ лічуся сярод жывых,
Але ўжо гучала "Іду на вы!".
І туман кладзецца на паплавы,
Зацірае мае абрысы.
Я яшчэ жывы і таму іду.
Набіраюць красоўкі мае ваду,
І ад стомы ногі мае гудуць,
І язык — бы асыпаў прысак.

Я, магчыма, апошні між вартавых
І таму лічуся сярод жывых.
Я за спінай чую свіст цецівы,
Але зброі не выпускаю.
І прамень апошні яшчэ не згарэў,
І кладзецца медны водбліск між дрэў,
І мяне яшчэ трымае мой гнеў —
Не пускае мяне да раю.


РАДЫЁ "ТЫТАНІК"

вітаю ўсіх тых хто ў гэтыя хвіліны
да нас далучыўся
вы з намі мы з вамі
у нас у эфіры апошнія навіны
з вамі на хвалі радыё "Тытанік"

на палубе пасажыры гучна ў запале
дыскутуюць пра перавагі глыбоцкай і рагачоўскай
сівы тапёр на разбітым раялі
грае мелодыі роднай вёскі

дайце джазу! распраўце спіны!
радыё "Тытанік"
апошнія навіны

зараз хвілінка на рэкламу VIP-каютаў
утульныя ложкі шырокія ванны
праз сценкі не пройдуць навалы і пакуты
заставайцеся з намі
радыё "Тытанік"

цяпер паслухайце пару зонгаў
а потым у гонар Дня кнігадрукавання
пройдзе футбольны матч і заплыў у шэзлонгах
слухайце анонсы радыё "Тытанік"

дайце джазу! распраўце спіны!
радыё "Тытанік"
апошнія навіны


***
Паветра волі ў краіне засталося хіба дні на тры.
Хочаш — дыхай ашчадна, можаш — не выдыхай.
Лёгкія, бы цыркулярка, раздзірае надрыўны хрып...
Нам засталася толькі гэтая Зона.бай.

Вучы ролю Сталкера — наўкол партызанскі край:
Сюрпрызы могуць паднесці і ворагі, і сябры.
З табой застаецца толькі гэтая Зона.бай,
І ў ёй паветра волі — мінімум дні на тры.


***
зранку зноў давядзецца прачнуцца ў нялюбай краіне
дзе ня можна пазбавіцца цяжкай задушлівай стыні
на'т у думках мяняючы колер нябёсаў на сіні
і да болю, да болю, да рэзі ўваччу ўспамінаць
што ў маленстве зіма мандарынамі пахла, згушчонкай
што гілі за вакном навісалі рабінавай гронкай
і ніхто не будзіў цябе воклічам "Ёбтваюмаць!"


***
табе не здаецца, што нам падмянілі віно?
калісьці яно ап'яняла і нас весяліла
а сёння віно патыхае адкрытай магілай
бы з ворагамі каптэнармус ужо заадно

табе не здаецца, што нам падмянілі паход?
арламі лятуць, як раней, малайцы-камандзіры
а мы свае боты стапталі амаль што да дзірак
як быццам варожы бальшак іх прабіў навылёт

табе не здаецца што нам падмянілі сцягі?
і сонца зіхціць на драпежных арлах бізантыі
а мы застаемся вядома ўсё тыя ўсё тыя
і ўсцяж па-ранейшаму месім пяскі ды снягі


***
...калі абрынуцца траянскія муры,
і запануюць на пажарышчах вятры,
і долу бразнецца зламаны меч стары,
як збіты яблык,
ты прачытаеш крыва крэслены радок
і хапанеш паветра дымнага глыток,
пакуль Харон праз тонкі восеньскі лядок
вядзе караблік.

Радыё "Тытанік"
Зміцер Дзядзенка