"Сталася, што да мяне прыйшла Самота.
І мы аказаліся разам. Я — самотным, а яна не адна, яна — са мною.
Каб ураўнаважыць гэтую няроўнасьць, я ўзяў у хаўрусьнікі Месяц. Так мы і прабавілі 30 дзён і начэй разам.

І штоночы, прайшоўшы кожны з гэтых дзён, я складаў верш. Ці вершык. Ці тое, што магло б імі быць. І адразу ж зьмяшчаў у сторыз Інстаграму. Кожны зь іх ёсьць адбіткам веснавога дня і ценем ад соннага месяцовага сьвятла.

Там, у інстасторыз, яны і меліся застацца. Момантнымі, недасканалымі, маімі.

Але сталася”.

30

Маладзік і ліхтар
падсьвятляюць маю самоту,
зазіраюць на ґанак
дзе ў ценю калёны — я.
Маладзік стальной фібулай
неба трымае ад з рэек сыходу,
а ліхтар проста сьвеціць —
нешматслоўная праца у ліхтара.

Цень ліхтарны нязрушны,
як і я, нерухомы ў тым ценю,
назіраю, як неба свайго смаркача-абаронцу
спаць кладзе на паддашку пратэстанскай царквы.
Ліхтары ў маім горадзе
сыходзяць а гадзіне другой са сцэны.
Застаемся з самотаю ўдвох.

Я б хацеў, каб мяне яна
называла толькі на "вы".

23.04

28

не лятуць самалёты над домам маім
дакладней лятуць
ды ня тыя...
не мігцяць агеньчыкі ў небе начным
і ня крэсьляць рыскі маўкліва

25.04

26

колькі фарбы слаёў ты не пакладзеш
на забору бэтоннае цела
не стрымаеш, ня спыніш, не разаб'еш
срэбра збруі ўжо прагрымела

27.04

22

котка на дрэве
ратуецца ад сабак
па Вербнай месяц

01.05

21

Ручка дзьвярная
поціск кожнай рукі
вызнае за вітаньне
у госьцю кожным
бачыць ня прыйсьце:
вяртаньне

02.05

20

Усё будзе добра.
Я — грамадзянíн Картагену,
я веру, што ўсё будзе добра,
і іншым кажу, што я веру.
Схаваўшы сябе ад Рыму
у ценю няісных сьценаў,
я вас заклікаю
верыць
і веру,
што маю
веру.

03.05

18

Яблык упаў ад дрэва далёка.
Скаціўся з узгорку,
са стромы абрынуўся ў сьвет.
Як звалася дрэва — ня ведаў:
антонаўка, штрэйфель, лоба,
каштэля, ранэт?

Яблык стаў косткай, увабраны зямлёю,
дрэвам узьняўся,
вышэйшым за хаты ґмах.
Але якія б
ні прымяраў імёны:
у пладоў ягоных будзе
той самы
адметны смак.

05.05

11

вецер узьняў дым
да самай аблачыны
раўнуе комін

12.05

6

плітка бітая
між цэлых у ходніку
не вытыркайся

17.05

3

хрушч настойліва
б'ецца ў начную шыбу
не хачу гасьцей

20.05

1

Месяц ізноў на мейсцы,
Месяц расьце нанова,
у гэтым "няісным сьвеце"
часам часам кіруе кола.
Цыкаль замкнёны.
Рэшту
неўпрыкмет
каля шкла пакіну:
нехта па ёй шчэ праедзе
кола свайго часьціну.

22.05
Маладзік і ліхтар