* * *
на наступным тыдні
я абавязкова знайду час
і пакапаюся ў сабе
каб адшукаць там час
хаця б яшчэ на тыдзень


* * *
што нас аб’ядноўвае?
пот
сліна
слёзы
кава
піца
алкаголь
музыка
танец
кіно
спалоханыя вочы маленькага сабачкі
і моцная яркая жарсная
нянавісць да мяне


* * *
можна паслізнуцца на лёдзе
і зламаць руку

можна паслізнуцца на думках
і зламаць жыццё

калі ў цябе ёсць сілы
можна падняцца і пайсці далей

а калі сіл няма
можна стаць помнікам
ці пудзілам
ці проста снегавіком
якому наканавана сузіраць
як іншыя топчуцца па месцы здарэння
і не падаюць


* * *
ранішнія вочы
бачаць будучыню
дзённыя вочы
сочаць за сутнасцю
вечаровыя вочы
зазіраюць у сябе
ночныя вочы
любуюцца любоўю

затым
час спыняецца ў адной кропцы
і ў яе бясконца ўзіраюцца
згаслыя вочы


* * *
цёплыя фота
дзе мы бяжым
скрозь сонечныя промні
трымаючыся за рукі і смеючыся
на фоне радаснага і бесклапотнага свету

чаму мы іх не зрабілі?


* * *
надвор’е магло б быць лепшым
я мог бы быць лепшым
ты магла б быць…

зрэшты
мне ўжо лепей


Я абавязкова знайду час