гонка

пакуль я чытаў
600 старонак
набокаўскай Ады
ты паспела адужаць
адно пад сотню старонак
нон-фікшэна пра пахаванні
(які я, зрэшты,
заказаў для сябе)

але

пакуль я чытаю цябе
ты, дайшоўшы да зместу,
пакідаеш да мяне
каментарыі

і нават мая
філалагічная адукацыя
ды дзясятак прачытаных прац
пра грэкаў, рымлян
ды нас з табой, —
сярэднявечных літоўцаў —
не дадаюць мне хуткасці:
пакуль я на 200-й,
ты пішаш сваю 600-ую

асабліва мне страшна думаць,
што дайшоўшы да шостай сотні
цябе
я не траплю і на сярэдзіну
(не кажучы ўжо пра зноскі,
клапатліва пакінутыя
табой)


рэфлексія

штодзень капаць калодзеж самога сябе:
у спадзеве знайсці ваду,
у страху дайсці да каналізацыі.


***
еду ў іншы горад і слухаю казкі Гофмана,
заўважаю на дарозе мёртвую мыш
                мышу́ — сказала б бабуля
                мышу́ — сказала б мама
                мышу́ — сказаў бы я —
                такія рэчы паміраюць занадта доўга

жахаюся больш, чым калі
слухаю раманы Крысці
і праязджаю праз могілкі
                кладбішча — сказала б бабуля
                кладбішча — сказала б мама
                могілкі - сказаў бы я —
                такія рэчы забіваеш у сабе першымі.


злачынства

сёння ў мяне было чацвёра саўдзельнікаў і адна ахвяра.

першы саўдзельнік — яўна мужчына, бо хто яшчэ
спланаваў бы маршрутку, паставіўшы
ў ейным канцы шырокае крэсла на пяць месцаў,
а ў ейным пачатку, роўна насупраць, —
тэлевізар, адзін з тых, што не працуюць ніколі.

другая — адзіная жанчына сярод маіх саўдзельнікаў — непрыемная цётка,
што не пусціла ахвяру на аплачанае ёй месца.

трэці — кіроўца, што ўказаў на вольнае месца ззаду па цэнтры.

чацвёрты — хлопец справа, які засяроджана ўглядаўся ў цьмянае чорнае люстра .

і ахвяра —
дзяўчына гадоў васямнаццаці.

тэлевізар паказваў каленкі

прабач, я не глядзеў,
але мне
крыху
сорамна.


фантазія

у гэты раз
калі ты з’язджала
я не плакаў і не сумаваў
як у першы

у адрозненне ад другога раза,
калі ты прыязджала на тыдзень
і штодзень сустракала мяне ў дзвярах,
я не расплакаўся ў калідоры
не ўбачыўшы цябе па вяртанні,

цяпер
надта моцным было здзіўленне
чаму з нагоды твайго ад’езду
па адзін бок цягніка не пасадзілі аркестр
а па другі — не паставілі хор
каб граць паланэз Агінскага
і спяваць тэкст Сакалова-Воюша

на шляху дамоў я ўключыў
спачатку запіс аркестра, а потым хора
бо супольных на Spotify я не знайшоў
гучала так, быццам інструменты трымае хор,
а спяваюць артысты аркестра

паабапал твайго цягніка
ў маёй выпадковай фантазіі
спявалі і гралі
лепей





такія рэчы забіваеш у сабе першымі