***

“хто нарадзіўся і памёр сёння” –
бацькоўскія паштоўкі –

роўна аддаленыя адна ад другой
яны знаходзяць сябе сярод іншай карэспандэнцыі
– рахункаў, падпісак, лістоў ад банка-страхавой-
грамадскага-транспарту –

я змяніла адрас ужо некалькі разоў,
але ніводзін з іх не быў маім цалкам [легальна];
калі запрашаеш у госьці, думаеш пра гэта
выключна [тэхнічна]; наўрад ці гэтым разам
ён стане асабліва кранальным, гэты адрас –
спалучэнне літар-гукаў-лічбаў-індэкса-
ўсьмешкі ўладальніка кіёска на рагу;

як канструюецца блізкасць у адсутнасці дома?
як канструюецца блізкасць у кропцы,
роўна аддаленай ад “тады” і “тады”?
выходзіць, мінула 9 месяцаў,
як было “тады” ўзгадваю,
як будзе “тады” не ведаю;

9 месяцаў – гэта амаль цяжарнасць,
9 месяцаў – гэта ўжо дзіця,
трывогі й сумневы змучылі мяне: цела ведае цела памятае.

адля джала цела
свой срок жужджала
з-с-зжала джала цела

не бя жала
але па му жала
цела


***

(1)

мы ідзём па пустыні, і маскоўская агароджа
змыкаецца за нашымі спінамі,

хлопчыкі, падрыхтаваныя на забой,
нясуць люстраную труну.
кожны глядзіцца ў сябе –

раскажы маё возера, разверадзі мае сьцежкі,
гэта каханне – галеча;

хлопчыкі, падрыхтаваныя на забой,
спыняюцца
вырашаюць, чыя труна.

(2)

што засталося ад гэтых “пост-савецкіх” рэспублік –
я думала мы тысячагоддзі будзем жыць мірна
ў шэрай імзе імперыялізму, што гніе чырвонай ранай,
ў кругласутачных гандлёвых цэнтрах каланіяльнасці,
ў прыпад’ездным смуродзе забойства.

што засталося ад гэтых “пост-савецкіх” рэспублік;
ці мы сапраўды зможам
убачыць новае,
ці ў нас аднялі апошнія вочы?

па вільготных калідорах басейна пачатковай школы
я прабіраюся навобмацак;
здаецца, зусім крыху засталося
да нашай сустрэчы.


***

(1)

аўтобусны przystanek маладзечна – мінск
лёды гарачая хуткая ежа піва семкі
спацелы пашпарт унутранага
аддзела заплечніка.

гаворка бабулінай сяброўкі, даслоўна перададзеная
за супольнай вячэрай, і дзьме вецер, і хтосьці кажа
“обожаю своего батю”,
і баця кажа пра памерлых суседзяў;
і дзьме вецер, і вечары позьняга лета,
пражытыя і пачутыя, ссоўваюцца ў адзін
(потым знянацку бачыш яго
ў выставачнай прасторы за сотні кіламетраў адтуль).

на перон – выйсце праз агароджу
забарыкадаванае – шумныя чужыя дзеці;
дарога з’ядае слінай.

– МАСЮКОЎЧШЫНА –

– МЯСАТА –

беларусь – рэхакамера памяці,
нутраная інсталяцыя гуку;
і трава, вечна б’ецца аб ногі.

(2)

адсутнасць карэнных
– мясцовая эканомія
адсутнасць карэнных
– мясцовая анестэзія

мінск – пасажырскі,
якіх пасажыраў ты вязеш,
якіх – прымаеш,
якім – раптоўна раздрукоўваеш квіткі, бо забыліся
дома
ці
на ўласную бяспеку.

мінск – пасажырскі,
якіх пасажыраў ты змяшчаеш,
захоўваеш ад сонца ды спёкі
ў сваіх утульных шкляных крамах
ды кветніках сутарэння;

мінск – пасажырскі,
на колькі кіламетраў зараз ты абяздолены.

здаецца, пасля ТАТАРЩИЗНЫ,
– бойка і гучна аб’яўляе правадніца –
слых адключаўся, і мы адразу ўязджалі ў маладзечна.


калі ехалі да бацькоў
заўсёды спыняліся на (яшчэ адной)
станцыі беларусь


таксама на пуці чамусьці былі
лебедзі
мора
конезавод
зялёнае
вязынка
романы

мясата
татарщизна.

апошнім годам кудысьці зніклі
масюкоўшчына
і пралескі.


***

сёння я адмовілася ад свайго імя,
скараціла яго роўна да дзвюх літар,
нават – адной;

камень страху,
я прымаю цябе ад дарослых;
як зрасціся з лёсам,
калі няма магчымасці пазнаць яго.

я хачу пачуць гісторыю тваёй маладосці,
калі мы ўжо – пажылыя, дарэчныя
або сварлівыя ў залежнасці ад таго,
дзе будзем дажываць свае дні –

я хачу пачуць гісторыю твайго жыцця
і адчуць твой час у ёй.

мне даводзілася адмаўляцца ад рэчаў і месцаў,
але спадзяюся ты зможаш распавесьці
многа добрых гісторый пра ўсе тыя
кніжкі свечкі малюнкі карціны фота падстаўкі вазы кветкі,
што ты змагла зберагчы
цягам доўгага-доўгага жыцця.

і ў мяне будзе яшчэ некалькі хвілін,
каб увечары сярод сяброў
спустошана і натхнёна
перабіраць у памяці ўсё тое,
што не адбылося.


***

як яны нахіляюцца
над вадзяным фантанчыкам
складаюць далонь у прывітальным жэсце
вады

гарадская пустыня выдае прышэльцаў
не схавацца ў зеляніне паркаў


***

Stalag ist eine Abkürzung
von Stammlager (асноўны лагер)
— таксама нямецкая мова;

як яны вывучаюць сваю гісторыю?
ці ёсць у іх гэтак жа –
“неадназначныя месцы”?
што адбылося 8-га, 9-га траўня,
30-га красавіка?

што адбылося – хвіліна маўчання,
настаўніца замірае,
параза або вызваленне –
не можа прывесьці слова.

генацыдальны гвалт
зусім побач –
які ў гэтага будзе Abkürzung;

камяні тут апавядаюць,
але як звярнуцца да іх.


***

i give you all a boy could give you
ян:ы, што пахнуць ялеем і ўсімі літарамі
невымоўнага алфавіта.
ян:а, што застаецца пылам красовак
у вітальні.
і тут гэтае слова заменена
і той, хто бяжыць насустрач, трэ вочы ад убачанага

but i’m sorry i don’t pray that way

meine Pronomen sind
nein neun nichts null
meine Pronomen sind
wie soll ich mich representieren
um deine Hand zu halten?

у кожнай рэпрэзентацыі – крыху ад жывёлы
ратавання і (вы)ратаванасці.


***

A break-up is a way of learning
german street names
do not have a sound “h”

do not have an “uh”
in “uhland straße”
do not have a “how about?”
in “wedding”
do not have “i have dreamt”
in “pankow”
do not have “i’m heart broken”
in “frankfurter allee”

these are just places; and
the rules of german pronunciation
Бацькоўскія паштоўкі
фота Віялета Саўчыц