I

дом – гэта глядзець на знаёмыя рэчы чужымі вачыма
на фотаздымак
дзе ранішняе сонца выходзіць за рамку

дзе можна басанож ці наогул не разбувацца
і даўно памерлая бабуля ставіць на печ
(каб уздымалася) цеста

дзе межы настолькі тонкія
што немагчыма адчуваць сваё цела
якое зліваецца з прасторай, смугою і часам

дзе ён першы раз запрашае цябе дадому
і гатуе для цябе
і пасля вы глядзіце бландзінку ў законе

дзе бывае так страшна што нават забываешся дыхаць
і так свабодна
што забываеш як бывае страшна

аднойчы я ехаў на ровары позна ўвечары
а міма несліся фуры
загружаныя рознымі рэчамі
і вецер за гэтымі фурамі быў такі моцны
што я сціскаў рукі – і яны свяціліся ў цемры

я б думаў лежачы на ўскрайку невядомага леса
што так і не даехаў дадому
і як хутка вялікая сіла на небе пераключае кнопкі ўкл/выкл

маё цела збудаванае з дрэва й камення
я не ведаю навошта мне сіні пашпарт
РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ гучыць нібы вырак
заплюшчваю вочы і бачу:

ціха-ціха крадзецца азіраючыся ліса –
між пустых аголеных дрэў
мой малодшы брат у тоўстым камбінезоне
і сабака Гера
(у гонар страражытнагрэцкай багіні, канешне)
вядзе нас праз сумёты кудысьці наперад

вялікія прыгоды маленькага чалавека
мяне
у свеце дзе я адмаўляю сваім веццем
межы пашпартныя кантролі і візы

дом – дзе не існуе ніякага дома
толькі думка пра гэты дом
створаная ўяўленнем таго самага філосафа

дзе я зноў і зноў перавожу рэчы
з месца на месца
з аднаго цела ў іншае
з аднаго сусвету ў нейкі яшчэ

дзе смерць робіцца эпіграфам
кожнай недапісанай кнігі

дзе так часта згадваецца буэнас-айрас
што я і сапраўды адчуваю кончыкам носа вецер

дзе зіма мяняецца месцамі з восенню і вясною
а лета бавіць з табою час у чарговым парку
некалькі прыпынкаў на метро –
і можна сядзець на траве і глядзець
як прыгожыя хлопцы распранутыя да шортаў
ганяюць мячык

а на пашпартным кантролі ты прымушаеш сябе ўсміхацца
бо можа так стацца
што гэтая краіна будзе занадта для цябе харошай
занадта багатай і шчодрай

што я адчуваю жывучы ў чарговай краіне?
толькі сум што тут так рана цямнее

дом – гэта ўздымацца ўгару і марудна падаць
перабіраючы ў роце адпаведныя літары
і не знаходзячы да падзення

калі я быў яшчэ ўнутры жывата
быў семя быў пачатак быў нішто
ужо тады, я думаю, я выбіраў сабе мову
і неяк так атрымалася
што беларуская праплыла побач і знікла за пупавіннем

можа зараз пішу нават не я
не кончыкі маіх пальцаў выстукваюць літары
а сама беларуская мова
якая нарэшце выплыла і ўздыхнула

што можна сказаць пра польскую і грузінскую?
толькі тое што яны ўсё яшчэ блытаюцца ў маім вецці

дом – гэта напятая цеціва ў руках вербалоза
я намагаюся ўспомніць:
пошум вады разбураны ганак
класная кіраўнічка што выганяе цябе з лінейкі
(бо ты не так апрануты)
першы пацалунак з хлопцам (імя не ўспомню)
застылая прабабуля ў труне і студзень
а далей страла ляціць і трапляе ў цэль

у якой краіне я б хацеў жыць?
спытаю вясною ў новага лісця

дом – гэта птушка што глядзіць на цябе
адным вокам праз шкло аб'ектыва
выпрошвае зерне і хлеб

гэта яна пытае: з'язджаеш ці застаешся?
і глядзіць і глядзіць
кыш адсюль

мае ўяўленні пра месцы сутыкаюцца з рэальнасцю
і выйграюць
я – мячык у руках прыгожых польскіх хлопцаў
мая галактыка багатая на спадарожнікі

мая заплюшчаныя вочы малююць на ягоных руках
падлогу і столь
шэсцьдзясят квадратных метраў адзіноты і напоўненасці

дом – гэта шчасце не задаваць пытанні
і прадугадваць адказы
выходзіць у бязмежжа без скафандра і падрыхтоўкі

распраўляць зморшчынкі ўзораў
на вечнай драўніне

адразу пазнаваць па вачах
каму самотна і холадна
праходзячы праз праходзячы побач
кранаючы рукою белыя рукі

дом – гэта баяцца думаць пра дом
нібы баяцца дручка пасля першай цыгарэты
нібы баяцца свайго цела пасля першага сэксу

больш нічога няма – і ўсё ёсць
застылыя нібы жэле цягнікі
абарваны палёт самалётаў
кіслая журавіна на языку
і так лёгка нібы гэта зіма ніколі не скончыцца
так і не наступіўшы


II

што робіць мяне асобай з прывілеямі?

амерыканскі пашпарт
нямецкі пашпарт
французскі пашпарт
пашпарт з якім я магу ездзіць паўсюль
куды сягае маё ўяўленне

пашпарт
з якім я еду са свайго невялічкага мястэчка
на поўначы Францыі
ў іншыя мястэчкі ў пошуках дома
дома
які я да сёння шукаю

быць францужанкай – мець прывілеі

салёнае масла
бясплатная адукацыя
высокія заробкі і дапамога па беспрацоўі

быць францужанкай – мець прывілеі

рост гарадоў
элітарнае грамадства
слабаразвітае вулічнае мастацтва

калі б я мела дастаткова грошай
я б навучылася будаваць дом і збудавала б яго
дом як цела – кантакт з рэчаіснасцю
адчуванне асалоды і болю
дом
які я буду слухаць, кранаць і бачыць
адчуваць востры пах дарагой драўніны
прарастаць у ім

быць францужанкай – ведаць
што кожны дзень людзі паміраюць
спрабуючы перасекчы закрытыя межы

людзі дастаткова адказныя
рабіць свае ўласныя выбары

людзі што прымушаюць мяне
ўсміхацца і плакаць


III

мой сябар сказаў мне:
калі ты такая шчаслівая –
загадай жаданне і яно спраўдзіцца

мы ехалі аўтаспынам да Кутаісі
ўвесну
я памятаю
я загадала жаданне
і яно спраўдзілася

магчыма я загадала дом –
побач з сябрамі сям'ёй і кнігамі
пабач з морам ракою ці возерам

усё што я адчуваю – хаос
у якім маё цела –
тое што людзі не выбіраюць самі
цела як хаос

цела
з якога я назіраю за старым Тбілісі
павялічваючы дыстанцыю
гэта павінна мяне супакоіць

якое жаданне я загадала?


IV

a reality of life
the pacific ocean
the american west coast

месцы да якіх я прывязаны ўспамінамі
людзі з якімі я адчуваю сябе "дома"
паўсюль
дзе мае рукі кранаюць пясок і ваду

маё цела пазбаўлена адчування канкрэтнага месца
падпарадкаванае жорсткім правілам існавання
што значыць быць немцам, пытаю ў яго
а ў адказ цішыня –
цела не спраўджвае мае чаканні
не спраўджвае нічые чаканні
аўтарытарнае ў сваёй асабістай дзяржаве

баланс целаў у прасторы –
магчымасць адчуць сябе жывым і ўваскрэслым
у пошуках новага паўсядзённага вопыту
жыцця і ўваскрасання

не ўсе межы знікнуць заўтра
але ці магчымая дзяржава ўсеагульнага дастатку?
без візаў і іншых паперак
што апраўдваюць існаванне мяжы
ў прасторы бязмежжа

усё ўва што я веру ўкладаецца ў нямецкую мову
якая выйграе ў французскай і фарсі

што значыць быць немцам, пытаю
і сачу
як на бераг бяжыць хваля за хваляй


V

мне прыкладна пяць
на выхадныя ў Львоў прыязджае мама
(яна працуе ў іншым горадзе)

ці адчувала яна вяртанне ў наш дом
як вяртанне "дадому"
тое што я адчуваю нават тады
калі вяртаюся ў гатэль падчас доўгага ў ім адпачынку
"дадому" – як месца дзе я застаюся
Германія больш чым Украіна

я стомлены апантанасцю іншых людзей "радзімай"

дзядуля будзіць мяне лёгкім пастукваннем
па драўлянай шафе –
рытм футбольных фанатаў
раз, два, раз-два-тры

рытм адсутнасці барацьбы з візамі
і дазволам на працу
дазволам жыць
рытм пераезду людзей у Германію
і скандынаўскія краіны
рытм ліберальнай палітыкі
што падтрымлівае іміграцыю
кваліфікаваных спецыялістаў
рытм турызму бяз межаў

мы сустракаемся з мамай на аўтобусным прыпынку
пасля яна п'е каву з маёй сястрой на кухні

я хачу адчуваць горад жывым
і ненавіджу верагоднасць вяртання ва Ўкраіну
і гэта ніяк не датычыць вайны
я проста больш не належу гэтай краіне

водар!

што яднае мяне з водарам кавы на кухні
сентыментальнай адданасцю месцам
вялікімі надзеямі і стратай гэтых надзей

я люблю суразмернасць нямецкіх гарадоў
чалавеку
пачуццё сацыяльнай абароненасці з боку дзяржавы
і ненавіджу бюракратыю і левых радыкалаў

калі мама з сястрою дап'юць каву
мы пойдзем гуляць па цэнтры горада


VI

бывае я ганаруся сваёй краінай
маёй беднай краінай
маёй халоднай краінай
дзе ўвосень і ўзімку можна
па-сапраўднаму адчуць адзіноту
і танчыць з ранішнім туманам
ідучы дадому а пятай летам
але болей чым прагнозам надвор'я
я не давяраю cмі –
што яны рыхтуюць для нас штоночы?
што мне рабіць з гэтымі звесткамі?

што мне краіна, калі я – дзіця Сусвету?
паглядзі, я магу выбіраць розныя колеры,
выбіраць музыку
пад якую зручна ляцець абмінаючы астэроіды

што мне дом, калі маё цела – магічная машына
з якой мне дасяжны ўвесь вопыт зямнога жыцця?

бывае я ганаруся сваёй краінай
краінай у якой мяне тройчы абрабавалі
але што ў мяне скралі?
вось ён – дом
месца якое я клічу домам

я гляджу кудысьці ў нікуды з акна самалёта
і чую – вяртайся.


VII

я вырасла ля возера Охрыд
возера Охрыд вырасла ў маім сэрцы
і людзі ў ім плёхкаюцца нібы вялікія рыбіны

час ад часу я думаю
што мая краіна мяне не хоча
што мая краіна мяне не прымае
за дачку за дзяўчыну за грамадзянку

дзякую
і гляджу як між намі расце
нібы ком у горле дыстанцыя

і сэрца разрываецца на вялікія кроплі
што нідзе няма зараз месца
да якога я прывязаная
нібы вартавы сабака да ланцугу

калі людзі пытаюць адкуль я –
я адказваю: Паўночная Македонія (і сама не веру)

калі б не было ніякіх межаў
я б ляжала на ўскрайку леса
чытаючы Стэфана Цвейга пра ўчорашні дзень
і гладзіла сваёй мяккай рукою ў кішэні пашпарт

і думала б пра родных людзей
значыць
думала б пра дом

там
дзе падчас канфлікту
больш за дваццаць гадоў таму
у гандлёвым цэнтры Скоп'е
мая мама сказала мне
(так як кажуць каханым раніцай
кранаючы пвейкамі скуру плячэй)
не размаўляць па-албанску
(яна думала што з намі можа нешта здарыцца)

я думаю што з намі можа нешта здарыцца
і гладжу мяккай рукою ў кішэні пашпарт

Калі людзі пытаюць, адкуль я