Medusa Ludovisi ў Рыме

Спіць Эрынія. Ў грозных веях
Цень прароцтва вялікага лёг.
Помства сьпіць. Касмылёў змеі
У спакоі тояць скачок.
Спіць яна. Бяздумна і глуха.
Сны аб праўдзе і роўнасці сніць...
Ціхі гук:
Будзільнік над вухам
Папярэдзіў, што зазвініць.

Гісторыя з першым каханнем

Шчасце былое ўяўляю
Дзяўчынкаю па вясне.
Загарэлая, кемная, злая,
Дражніла яна мяне.
Памятаю, год у шаснаццаць,
Дурны ад кахання і мук,
Цераз плот я глядзеў на шчасце,
Рамантычны, цыбаты хлапчук.
А шчасце гуляла ў садзе,
Апранутае ў паркаль,
Сабе і птушкам на радасць,
А мне на смутак і жаль.
Разявіўшы рот, як варона,
Гляджу я ў дзівосным сне
На шчасце, што садам зялёным
Ідзе бліжэй да мяне.
Уважна за мною сочыць,
І соладка, як салавей,
Просіць заплюшчыць вочы,
І гладзіць па галаве.
Раскошы цэлыя рэкі
Ў сэрца маё плывуць,
Моцна сціскаю павекі,
Чакаю... Нельга ўздыхнуць...
А дзяўчына з вачыма блакітнымі
Суседу, дурному, як бот,
Адуванчык тыцнула спрытна
Ў шырокі, як ступа, рот.

Склероз
У яго быў склероз — ну чыстае гора!
Але ён быў мужны і не паддаваўся:
Кожны дзень забываў ён, ці піў учора,
І, на ўсякі выпадак, апахмяляўся.

Мова

Праваслаўны або каталіцкі,
Ці які там твой будзе парог, —
Яе разам з матчынай цыцкаю
Даў табе ў твае вусны Бог.
Пі. I ведай: гіне ў пракляццях
I з дзярма павек не ўстае
Той, хто выплюнуў цыцку маці
Або злосна ўкусіў яе.
I на іншых вяршынях суровых
(Вера! Роўнасць! Свабода! Край!)
Ты струменьчык матчынай мовы,
Быццам маці, не забывай.
Ты забыў? Ну што ж, на дасвецці
Ты без сонца будзеш канаць...
Шмат прыўкрасных грудзей на свеце,
Ды не ўспоіць цябе — ні адна...
Сярод ішлых святынь неаджыўшых
Даў яе нам на кожны парог,
Твар да нас, — усялякіх, — схіліўшы
З невымернаю літасцю Бог.

Прыганятыя

Не наша воля, не нашы нівы,
Дубы не нашы над рэчкай ціхай.
Чужыя бору сівыя грывы,
Адное наша — сівое ліха,
Адное наша — змрочныя хаты,
Крывёй мужскою зліты палетак,
Адное наша — пазор дзяўчатак,
Адное наша — няволя дзетак.
Не нашы кнігі, мова, палацы,
Затое наша — ўсіх продкаў слава,
Затое наша — наш гонар людскі,
Вагонь у сэрцы, тапор пад лавай.

Маладая вясна

Маладыя, пушыстыя лісцейкі грушы,
А за імі, на скалах, дубоў галізна.
Ў беласнежным прыбоі, у квецені рушыць
Маладая вясна.
Нібы снег вяршынь ажывае ў цвіценьні,
І садоў і аблокаў звіваецца дым:
Белых хмарак алені ў зыркім небе вясеннім
Пралятаюць да мора і дваяцца над ім.
Ты мне сонца! І мора! І подых маю!
Я люблю цябе так, што кроў, як прыбой!
Што ж ты плачаш, чаго ж ты мяне абдымаеш?
Я з табою.
З табой.

Былому другу

Ну й свінства ж ты зрабіў... Ледзь дашукаўся кораня.
Глядзі,
ў наступны раз не зносіш галавы.
Давай
на антыбрудэршафт з табою дзёрнем.
Хачу ад сёння быць з табой на "вы".

* * *
Вагеньчык у яблынным садзе
Як вецер дыхне па начах,
Яблыкі частым градам
Са стукам ляцяць на дах.
Тут так прытульна і ціха,
Тут добры такі народ,
Як быццам засталася ліха
За шуламі гэтых варот.
Тут цягне жыць і кахаці,
Тут добра так, як нідзе,
У старасвецкай хаце,
У дзедаўскім родным гняздзе.
Бо з гэтай няяркай зямліцы,
З абрываў рудых, з лугоў,
З садоў у начной расяніцы
Наш корань у свет пайшоў.
Блукаем па свету самі,
Часам звяртаючысь ў сад,
Каб слухаць, як начамі
Яблыкі ў дах стучаць.

Лісце

Восень прайшла пералескамі,
Па няголеным ржышчы ніў,
Чырвонымі арабескамі
Лісце лес ураніў.
Глянь на зямлю залатую,
Пяшчотную, сумную, чыстую,
Нехта па ёй вандруе,
Ў паветра ўзнімаючы лісце.
Струменьчыкам тонкім лісце.
Медзь на азёрах сплывае,
Сум у небе імглістым...
Як песня, з галін злятае
Лісце, лісце,
Залацістае лісце,
Сто лісцяў,
Дзесяць лісцяў,
Ліст.

* * *
Стаіць ля ідэі на варце,
Хвалу бессаромную п'е.

Не ўсякая шыя вартая,
Каб меч тупіць аб яе.

* * *
Ўсё, што было, і ўсё, што часам сніцца,
Забуду ў лесе, дзе як той капёж,
Як споры дожджык, аблятае гліца,
І шум яе парывісты, як дождж.

Зноў бранзавеюць шышкі на ялінах,
Зноў восень на бярэзніках ляжыць...
Сястра мая бяздольная, асіна,
Апошняю лістотай не дрыжы.

Лістоты мала, але трэба верыць
Ў жыццё, ў каханне і ў вясны піры,
Пачуўшы нават мерны гук сякеры
У пасівелым восеньскім бары.

* * *
З амбона хтось крычаў пра шлях да раю.
Адзін маўчаў, паказваючы згоду.
Другі маўчаў — на знак сваёй нязгоды...
Маўчанне адназначным не бывае.

* * *
Ўстану ранкам насустрач сонцу
І па цёплай зямлі пабрыду
Там, дзе яблыні мараць бясконца
У блакітным вясновым саду.

Пацягнуся, і сну аковы
Ападуць з пасвяжэўшых рук.
Моц напоўніць вялыя словы,
Сэрца ўзбудзіцца яры стук.

І пайду па расістых палетках
Так, каб з новым спаткацца днём,
І махнатая, алая кветка,
Кветка сонца заззяе агнём.

Ў новым дні ўсё прыгожым будзе,
Ён паўстане над новай зямлёй.
Паднімайцеся, добрыя людзі.
Крочце к сонцу поруч са мной.

Яблычны град
Уладзімір Караткевіч