Лёд (урыўкі з паэмы)
#фігурнаекатанне #2018 #2019 #дзяўчыныякіявыжылі
#госпадзезлітуйсянаднамі


ЗЯЗЮЛЯ
#ЯМ #алімпіяда #карэніна #срэбра #цойжывы

А зязюлін голас у лесе ад сёння знік,
Бо зязюля заўчора трапіла пад цягнік.
"Колькі мне яшчэ…" — нема вусны клічуць яе,
А ў адказ — паравозны рык і нягеглы енк.
То не слухай — глядзі, глядачу, на тую з дзеў,
Што ўздымае рукі да чорных нябачных дрэў,
Што струменіцца долам, бы счарнелая ртуць —
А за чорнаю спінай крылы штокрок растуць:
Бо гадоў адмерана — віламі па вадзе,
Бо дарога адсюль — за мора альбо ў нідзе…
Рух спыніўся. Поўніцца воплескамі імгла.
Вось цяпер прыслухайся:
       ла
             ла-ла
                         ла
                                  ла



ДЖУНГЛІ
#ЯМ #пераезд #восень #гэтавыклік #гэтарунэтдзетка

…А дзесь па іншы бок тэлеэфіру,
У джунглях, што ўзраслі на месцы тундры,
У мутнай рэчцы седзячы па пояс,
Чырвоныя гарылакракадзілы
Плявалі шчодра ў постаць на экране
Ды лаяліся брудна, як умелі,
Згадаўшы пол, узрост, нацыянальнасць
Ды сваякоў да сёмага калена;
А з дрэва побач свінапапугаі
Крычалі словы звыклыя пра здраду,
Пра чорную няўдзячнасць, пра адсутнасць
У моладзі пашаны да старэйшых,
І пра знявагу да традыцый слаўных,
І пра падкопы ворагаў заморскіх…
Калі ж нарэшце ўволю нараўліся,
То зноў пераключылі на навіны,
А тыя, ўнізе, сплюнуўшы надосталь,
На дно ракі палезлі па бутэльку.
А там наводдаль — пасярод паляны,
Якую джунглі 'шчэ не праглынулі,
У хатцы непрыкметнай, невялічкай,
Дзе на сцяне між выразак газетных
Парэпаных канькоў вісела пара, —
Дзяўчынка з чалавечымі вачыма
На дыване старым перад экранам
Сядзела, баючыся зварухнуцца,
Ды толькі пальцы крыжыкам трымала
За дзеўчыну — такую ж, як яна.



ШТОРМ
#РК #АЗ #лістапад #фіналгранпры #часамтрэбапіцьваду

Мо я й дарма да таго вяду, але відавочна, што
Калі рацэ перакрыць ваду — рака не дагоніць шторм.
А шторм ідзе, як Зямля вядзе, павольна, бы сыты леў;
У ім — вада. Па ім — у вадзе камлі паламаных дрэў.

Цяжкое золата шыю гне, і слава цісне нагу;
Мае ж здабыткі — усе ўва мне: ці зможаш, штó я магу?
Хоць як пасцí, хоць каго малí, хоць вер у падступны суд —
Нішто, апроч трывалых цягліц, табе не падорыць цуд.

Калі наступнае рандэву — праз год? Чатыры гады?
Я пэўна ведаю: дажыву. Прашу: дажыві і ты.
Нашто без весткі табе знікаць, як шэраг сясцёр былых?
Хай вечна ўецца твая рака ля выспаў і гор маіх.


.. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. ..
.



КАРТЫ
#трэнерякуюнельганазываць #снежань #юніёркі
#будземспадзявацца #поштарасіі

Йдзецца размова чынна,
            ажно да суму.
Простая мэта:
            абы ўсё было без шуму.

І пытанні не джаляць — як тупыя канцы нажніц:
Ні нязручных дэталей, ані прозвішчаў вучаніц;
Усміхніся, паплач, ці там пра ежу пагавары…
Але
     нячыстая сіла
                      без просу
                                      рассоўвае вусны знутры:

— Гэй ты, там, вось ты, па-за чацвёртай сцяной!
Ты якія гульні ўдумаў гуляць са мной?
Мусіш ведаць: у гэтым мне ніхто не раўня —
Бо ўсё тое, што бачыш, і ёсць для мяне гульня!
Недарэмна мы рыхтаваліся да рыўка:
Як ніколі моцная кожная з нашых карт,
І яшчэ раней, чым супернік раскрые рот,
Мы шпурнём з размаху кожную з іх аб лёд;
І, махаючы ім далонямі наўздагон,
Спадзявацца будзем, што вытрымае кардон, —
Бо надзея ўсіх нас пранізвае да касцей,
Шкліць ярчэй за веру, гарыць за любоў круцей.
А сагнецца карта — ну што ж, даплюсуем лік
І адправім "Поштай Расіі" — туды, дзе ўзялі.
Лёс такі — капрызны і зменлівы, як вада…
Гэта проста шкода. Галоўнае — не шкада!

Робіцца чорным акно
                 пасярод экрана.
Чутныя рэдкія воплескі
                 з-за акіяна.
"Пошта Расіі" насупраць
                 падміргвае шыльдай п’янай —
Лепей па ёй сумаваць,
                 чым быць перасланай.



ЛІСЦЕ І СНЕГ
#СМ #ЯМ #снежань #нацчэмпіянаты #пекла

Залатой лістотаю астравы прывячаюць калядны час;
Дзеці ў форме йдуць па схілах крывых, хто ў апошні, хто ў першы клас;
Гэтаксама ў форме, паміж майстроў, робіць лёсы аб чыне спраў
На сваёй зямлі — каралева льдоў, на якую свет — напляваў.

А за морам дрэвы ўкрылі снягі, спяць азёры ў палоне льдзін;
Не ў пашане форма ў дзяцей пургі — мо хіба вайсковы мундзір.
І, хто ў чым, каралі каткоў цягнуць жэрабя ля стала,
І між іх, у бляску былых вякоў, — тая, хто адсюль уцякла.

…Над гарою Коя ўзыходзіць дзень, а на сэрцы думка адна:
Можа, праўда — ў лічбах белых людзей, а ўхвала трыбун — манá?..
Хоць няма сумневу ў нагах сваіх і ў любові глядацкіх лаў —
Толькі плечы хіляцца, бы на іх нехта кучу лістоты ўсклаў.
І ніяк за хвост не ўхапіць спакой, скача позірк з кута у кут…
І раптоўна ў думках:
"Ану пастой! Ды чаго мне страшыцца тут?
І падлога, й сцены, і столь — свае, і наўсцяж — свае гарады;
Не старое сонца з пушчы ўстае — маладое, толькі з вады!
За мяне — над стромай сасновы лес, сад вішнёвы, і луг з травой,
І калі між суддзяў закраўся бес — дык чырвоны, насаты, свой!
Хай усе сумненні жарэ пажар; на мяне чакае народ!" —
А тады злятае з плячэй цяжар і правальваецца скрозь лёд.
І — ў палёт, віхураю па вадзе, бы за ластаўкай наўздагон;
Расступіся, люд! Каралева йдзе, і сягоння за ёю трон!

…А за морам зноўку не ўсё на лад: ці да ног прывязалі дрот,
Што ў паветры вязне ўдалы́ накат і зрываецца ў дол палёт?
Пад каньком нібыта не лёд, а глей — бо на шыі гурба ляжыць,
У якую ўмерзла: "Упадзі! Здалей! Спатыкніся! Перамажы!"
І надзеі зыбкія ліхтары аддаляюцца пакрысе,
А аркестра люта грыміць згары і да прорвы яе нясе;
І злятае лаянка з языка, і вось-вось пабяжыць сляза…
Хісткім крокам сходзіць яна з катка.
…А чаму ж не сціхае зал?..
І раптоўна — твары, а не лычы пазіраюць з усіх бакоў;
І не брэх — а ўхвальныя воклічы разлятаюцца над катком;
І любоў — здзімае, любоў — пячэ! Прапускае сэрца ўдар —
І спадае гурба ў яе з плячэй і правальваецца ў тартар.

…А ў пекле раніца настае, ў казане скварчыць ліхадзей,
І вусаты чорт на працу ўстае — насылаць адчай на людзей.
Прагарне пякельных газетаў стос і ў акно памкнецца глядзець...
А тады з кляцьбой, як п’яны матрос, па лапату лезе ў прыклець:
Бо падперлі ў хату яго ўваход і ляжаць пры самым акне
Залатое лісце зямлі Ніхон
І прамерзлы мардоўскі снег.


.. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. . .



РАЗЛОМ
#ЭТ #сакавік #чэмпіянатсвету #чацвярны #першаяздарослых

Было: цябе спынялі межы, чужыя бздурныя законы, ірваліся дарогі й планы, была на ключ замкнёна Поўнач, і Захад не прымаў Усход…

І будзе: пад тваёй нагою карá зямная скаланецца, і пабяжыць ушыр і ўдалеч разлом бяздонны, неадольны паміж "учора" і "цяпер";

І дзень надыдзе неўзабаве, калі, стрыножаная болем, ты на адлегласці пабачыш, як дзевы іншыя натоўпам, забыўшы страх, праз бездань скачуць, каб не застацца ў небыцці…

Ды дзень наступны — таямніца, ды ўжо забытае былое;
А сёння ты, нібыта лётчык, што смерць нясе у тыл варожы,
На ўзлёт заходзіш без ваганняў —
          І свету ўжо не быць ранейшым,
                                   Бо на табло — "4S".




.. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. . .


НОЧ
#навоштагэтаўсё

Бо гэта Ён так захацеў ад пачатку —
каб сталася
небывалае,
              немагчымае,
                                неапраўданае.
І гэта Ён так зрабіў —
хай нават цаною самога Сябе, —
каб нехта іншы, падобны да Яго,
мог разам з Ім агледзець
плён Ягонай мары
і сказаць:
                "Гэта добра".
Таму ў кожным родзе
бласлаўляюцца тыя,
хто ступае на лёд,
каб здзейсніць
небывалае,
                немагчымае,
                                неапраўданае —
хай нават цаною саміх сябе.
І таму ў кожным родзе
загараюцца любоўю
вочы й сэрцы тых, хто іх бачыць,
каб ніколі не сціхалі словы:
                                   "Гэта добра".
А хто зняважыць хоць адно з малых гэтых,
хто растопча й перакруціць іхнія мары,
прамяняўшы мару сваю
                     на славу й нажытак —
на такіх чакаюць млынавы жарон
                     на стужцы ад медаля
і талая прорва пад нагамі;
бо выплыць з бездані
з каменем на шыі —
гэта апошняе
небывалае,
               немагчымае,
                                 неапраўданае,
што для іх застаецца.
І ў святую ноч,
калі сціхаюць гарады Зямлі
і першыя роўна з апошнімі
                     забываюцца ў ложках,
Ён сам падыходзіць
да кожнага й кожнай з адважных,
дакранаецца, бласлаўляючы,
                      адчуваючы
кожны запалены мускул,
кожны стомлены нерв,
кожную драбінку лёду
                      ў трывожных снах, —
і шэпча,
            разам з мільёнамі далёкіх:
"Держись.
           Be brave.
                         頑張.
                                   Трымайся".


#канецібогуслава



P. S.
#2020 #светперакулены

.. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. . .


#ЯМ

мы збіралі слёзы на тую хвіліну
калі Карэніна ўзыходзіла на рэйкі

мы вылілі з іх адчайныя воплескі
калі Тоска кідалася са сцяны

далоні знямелі
і мову адняло
калі Сэйлар Мун аддавала Грааль

на калені
раскінуць рукі
бязгучна прамаўляць імя

любоў не мінае

сякера не праміне


.. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. .. . .