Самнасамасць

Паэма

Асі

І. Раздзел выпаленых сцежак

1

Механізм пачуцця
зыржавеў.
Не зайскрыцца,
не апаліцца.
Бо —
усё, што ўнутры жыве,
адшукаецца на паліцах.

Гэта – знойдзена ў Дудара,
тое —
мысліў Мамардашвілі,
я сумленна ўсё
паўтараў,
жыць вучыўся
між кніжнай цвілі.
Барадулін смяшыў мяне,
потым поўхай вяртаў трапяткое,
каб душою не замарнеў.
А цяпер у пустым пакоі
Рыжы нешта шапоча ў цьме,
ды пра скон
не ў яго спытаў бы:
калі думка сягае ў смерць,
люта ў скронях пульсуе
Таўбін.
Вучыць сэрца маё Барыс
Пастарнак несвятой любові.
Я магу
разбурыць Парыж,
а магу
проста слухаць Боўі,
напісаць сто лістоў да М. Б.
ці якіх-небудзь іншых літар,
каб не выдаць ні ёй, ні сабе,
што ў той келіх
Айцом
наліта.

Колькі вас набярэцца
— навечных —
яшчэ?
Патанаю ў цытатах і ролях.
Дзікі ток
у маіх
кволых нервах цячэ:
Кант, Купала, Ахматава, Роўлінг.
Колькі вас захавана ў нататках маіх,
перакручаных,
павыразаных:
Караткевіч, санеты, Рэмбо, рубаі
і —
Разанаў, Разанаў, Разанаў.

Толькі як пасярод
незлічоных цытат
мне пачуць
сваіх кніжак
шоргат?
Навучыцца
уласнае сэрца чытаць,
а не кроў выпіваць з чужога?
Я не знаю.
Калі ты наноў паўтарыш:
колькі можна
збіраць старызну? —
адкажу:
колькі трэба.
Нясу гэты крыж
і праклён
культурацэнтрызму.

2

Ты амаль сябе ненавідзіш?
Кінь
такому сябе вучыць,
хваравітыя вершы й сэрцы
зноў чытаць
у нічыйнай начы.

Калі ты заўважаеш горад
з горных сцежак
сваіх пакут,
колькі радасці й колькі гора
табе трэба,
каб выжыць тут?

Найпусцейшае слова —
ростань.
Расставацца не для такіх.
Расставацца не цяжка,
проста —
бессэнсоўна, як плынь ракі
спрабаваць падзяліць надвое.
Расцярушваючы пачуццё,
выклікаеш заўжды другое.
Слёзы —
толькі яго падцёк.

Для цябе — гэты верш,
і чужыя карціны,
і люстэрка менскіх нябёс.
Я шчаслівы,
што не адзіны
частку тайны з табою нёс.
Але іншы
— яго правіна —
не даўмеўся, каго адкрыў.
Найбанальнейшая блытаніна —
за каханне
прыняць надрыў.
Гэта жарсна было, няшчыра,
неўзаемна было, але
найтаемнейшаму навучыла —
гэта праўда было
сталей.

...Ды цяпер над азёрнай пенай
я са схіленай галавой
адчуваю ўсё болей пэўна:
Менск — адзіны
мужчына твой.

Час выпальвае
прошлыя сцежкі,
пакідаючы нас ля мяжы.
Раскажы, што такое каханне.
Без Цвятаевай раскажы.

3

Перад лесам палаюць сцежкі.
Нам — глядзець
і губляць сляды.
Ды чым болей глядзіш,
тым пацешней,
цяміць:
гэтак было заўжды.
Мысліць — нам
і губляць цытаты,
фармулёўкі, пуанты, радкі.
І санет
усё той,
сто трыццаты,
ды не сплецены больш ні з кім.

Не вяртацца да спаленых сцежак,
прысак там
не астыне ўжо.
Падымаць вочы ў ночнае неба.
Быць для цэлага свету мяжой.

ІІ. Раздел змрочных лясоў

1

Тут, дзе лясы ўмеюць толькі палохаць,
тут, дзе морак і багна спрэс,
выбрыдаюць з вусцішных лёхаў
белы воўк
і руды ваўкарэз.
Яны цвёрда ступаюць па твані,
раскапаўшы зымшэлы схоў,
куды й Дзікаму паляванню
не адшукаць шляхоў.
Я блукаю між млосных дрэваў
і баюся кранаць
сырыя камлі.
Не шукайце мяне,
не трэба.
...Знайшлі.

Не чуваць слаты
з-пад калматых лапаў.
Лес вакол непрытомны,
бы толькі ўваскрэс.
Асачылі,
брыдуць абапал
белы воўк
і руды ваўкарэз.

хто ты... хто ты...
гыркочуць пачвары
выюць
існасць сваю
назаві
мы цябе не кранём
але ўсе твае твары
бачым
кожны жыццёвы звіў

Хто я? Вобразы, мары, здані
узвіроўваюцца ўваччу.
Хто яшчэ з дрыготнай
дрыгвы паўстане?
Я не бачу.
Не чую.
Маўчу.

Не згадаю сябе,
не аддам,
ані змрочным лясам, ані вам.
Каб адбыцца,
любога жыцця замала.
Кожны свет, што мяне прымаў,
вам пацвердзіць:
мяне няма.
Не існуе.
Не існавала.

хто ты?..
Шэптам: мяне няма.
скуль ты?..
Шэптам: мяне няма.
дзе ты?..
Моўчкі: мяне няма.
Я — падман.
Як і вы падман.

Быў станчэлай мяжой
ваўкарэза й ваўка,
а цяпер, сябе адмяніўшы,
незаўважна знікаю
ў няісных вяках,
не яснейшы за іншых.

Руды ваўкарэз і белы ваўчыска
без мяжы,
зразумелі, што не вячыстыя.
Ім не жыць.

Не змаглі абодва даўмецца,
хто ідзе, знаёмы, знікомы,
і наскочылі выдраць са свету месца,
дзе мяне не было
ніколі.

Толькі шаснулі трыснягом,
і раздзерлі адзін аднаго.

Расхінула дрыгву.
Ваўкарэз на ваўчыску.
Немы віскат
і гнеў нямы.
Праз імгненне абодва нячыстыя
захлынуліся тванню
уласнай маны.

2

Дзе дрыгва нараджае здані,
не знайсці ні нары, ні гнязда, ні
хоць кагосьці, здольнага на пагляд.
Ці памірышся ўрэшце з сабой, ці
ўжо загінеш у гэтай бойцы —
а жыццё працягне віхляць,
нібы вулачкі ў даўнім горадзе,
брукаванкаю джаліць ногі
і ўжабрачваць душы нямногіх,
хто навечна запомніў дзе зоры, а дзе
агародзяць гаротай зямной іх.

Я з іх?
Вобразы, мары, здані
узвіроўваюцца ўваччу.
Я знік.
Засталося пустое пытанне.
Яго бачу.
І чую.
Маўчу.

Абступаюць сырой сцяною
і стогнуць сцені,
памяць — гэта заўсёды сцены,
абарончы — ад свету — гмах.
Крохкі — прах, павуцінне — гмах.
Заваёўваць — бурыць — дарма:
Даглядаць — абжываць — дарма:

...Сцені тут.
Не згадай, а ўбач іх.
Цемнату
сябе
расхіні, глядачу.

Калі памяці гмах
разбівае немач,
незнаёмцы брыдуць побач,
а паміж — толькі погляд немы,
толькі падла
калісьці жывых словаў.

Набліжаецца першы сцень:
хто я...
Вобраз ягоны расце.
Разнасцежваю сціжму рэхаў:
Імярэк. Ты імярэк.
Наступае другая здань:
хто я...
ўсім ты імёны раздаў...
Разнасцежваю сціжму рэхаў:
Імярэк... Ты імярэк...
Трэцяя адмірае мара:
хто ты...
згублены ў помных мурах,
ты ў сабе назаўжды завяз...
Я не ведаў нікога з вас.
ты не ведаў нікога з нас...
ты не ведаў нікога з нас...
ты не ведаў нікога з нас...

Здані сэрца ў дрыгву ўзялі.
Цела доўга ляжыць на зямлі.

...Наступае
палёгка
здаля.
Безназоўных прымае зямля.
Я вярнуўся, вярнуўся быццам,
сэрца, сэрца прачнулася біцца:
бачыць, бачыць жывых іншых,
а не сцені лясоў нашых.

3

Як здараецца ў драпежным сне,
свет неспадзявана праяснеў.
Змрочны лес
застаўся за плячамі,
яго прывідаў
я больш не палюблю.
Толькі
дрэвы ўстаўлены
карчавымі ключамі,
каб аднойчы адамкнуць
і мне зямлю.

ІІІ. Раздзел адвечнага возера

1

з незапомненых сноў
з ліпкіх трызненняў ночы
з кожных поўных пяшчотай вачэй
мне знаёма
адвечнае возера
куды ты прывяла мяне
яго роўнядзь нашэптвае
вершы паэтам
у глыбінях ягоных шалеюць шаманы
немаўлят
спевы рыбаў ягоных люляюць
я быў ведаў пра возера ад нараджэння
але ты прывяла, паказала: глядзі!

...я зноў тут
без цябе
і заплюшчыўшы вочы
услухоўваюся ў плёскат адвечных хваль
выслухоўваю ў ім свае вершы
выслухоўваю ў ім твае думкі
чую водгулле нашых сварак
чую рык неадбытай пяшчоты
бачу ўсмешку любові
скрозь цемру павекаў
і ўсміхаюся як малы

самасць б’ецца як возера ў бераг асобы
мы трыснёг пры яе берагах
мы калышамся ў рытміцы сплеценых лёсаў
яна звязвае нас адвеку
і яна адпускае нас
з усіх словаў што ў целе блукаюць
з усіх словаў прамоўленых марна
толькі гэтыя важна пакінуць
табе:

колькі б жорсткасці мы ні ўзгадоўвалі
колькі б холаду ні жыло ў нашых далонях
колькі б мы ні вастрылі маўчанне
...колькі б сталасці ў нас ні ўзрастала
непахіснасці
самастойнасці
несмяротнасці
усё роўна існуюць месцы
куды іншыя нас
прывядуць за руку

2

абяцаеш прабачыць?
трымай радок паразважаць
.
я больш люблю аблокі
чым зоры
і гэта сапраўдная здрада
непахіснаму ў нас
і гэта сапраўдная вернасць
таму што рассеецца
разам з намі

3. Эклога

у азёрнай глыбі плывуць аблокі
шапаціць трыснёг на паўісным ветры
маладзік-філосаф спрабуе ўспомніць
неіснаванне

хвалі гушкаюць зоркі ціха-ціха
бо й зачасным трэба супакаенне
а аблокі ўдалеч плывуць памерці
верачы небу

гаспадыня-ноч абдымае сэрца
просіць ветрык выгнаць лясныя здані
і развеяць прысак згарэлых сцежак
з новых дарогаў

аціхаюць хвалі між берагамі
і згасаюць вочы апошніх сведкаў
пасля ўсіх хістанняў нам застанецца
толькі пяшчота

у вадзе заснуў маладзік-філосаф
распускае час ніткі нашых лёсаў
жыць мы будзем колькі зямлі свяціцьмуць
згаслыя зоркі

2.VIII. – 4.IX.2022

Яўген Кунцэвіч