Рыта-сацработніца

Рыта любіла старэйшых людей.
Яна заўсёды брала іхнія далоні
і чытала мінулае са скручаных пальцаў ды рэльефных вен.
Рыта дазваляла старэйшым паўтараць адны і тыя ж гісторыі.

Галовы старэйшых людзей мелі птушыную форму.
Былі маленькія.
Вочы амаль нерухомыя, сухія.
Дзюбкі дзяўблі ежу.
І ў іх была свая птушыная гаворка,
яшчэ не распрацаваная лінгвістамі.

Рыта, кожны раз, як сустракала новага старэйшага чалавека,
выяўляла падабенства з малюнкамі ў атласе птушак.

Былі ў Рыты пад апекай:

спадарыня Ніна Сініца,
спадар Уладзімір Гіль,
спадарыня Клаўдзія Сойка,
спадар Станіслаў Шпак,
спадарыня Вераніка Галубка,
спадар Лявон Верабейка.

Раз-пораз птушка адлятала
ў вырай.
Рыта запісывала гэта ў белую кнігу.


Шукальнікі

Ходзяць чуткі,
што Бог пакінуў
некаторыя запісы
пасля стварэння свету.

Літары абсыпаліся
і расцярушыліся па свеце,
маглі патрапіць у суп
ці гарбату,
заблытацца ў валасах,
краявідзе,
шуфлядзе,
у вясковай бібліятэцы
ці на камяністай сцежцы.

Толькі некаторыя —
і толькі час ад часу —
разумелі, з чым маюць справу.

У народзе іх называлі дзівакамі,
а яны самі лічылі сябе
шукальнікамі праўды.


Мне сорак

Мне сорак.

— памятаю, як першы раз пачула такі сказ
і падумала, што гэта значыць:
мне кепска, са мной нешта не так.

Чаму не чатыры дзясяткі як на іншых мовах?
Этымалогія расказвае пра сорак cкур сабаліных
для пашыву футра ў старых умовах.

Сорак гэта ўжо ДАСТАТКОВА, каб нешта:

- пашыць,
- зрабіць,
- убачыць,
- стварыць,
- зразумець,
- паспець.

Сорак тыдняў цяжарнасці, каб нарадзіцца.
Сорак гадоў у пустыні, каб дайсці.
Сорак дзён посту, каб памерці.

Мне сорак, а гэта значыць — я магу ўсё,
нават пісаць вершы на іншай мове.
І мне ўсё роўна, што пра мяне падумаюць
людзі ў футрах з сарака сабаліных cкур,
сур'ёзныя як стос рахункаў-фактур.


Назіранні святого Антонія

Святы Антоній ужо чацвёртае стагоддзе
назірае за людзьмі ў Магілёве і здзіўляецца,
як яны не стамляюцца будаваць ды разбураць .

Заходжу ў новы касцёл
і пад коўдрай белай цішыні
чую рэха малітвы даўніх часоў.
Раптам цяжкі гук зачыненых дзвярэй —
і зноў цішыня…
Потым шэпт чыноўнікаў,
якія падпісваюць дазвол.
Далей — выбух, цячэнне Дняпра
і зноў цішыня…

Усім здавалася, што гэта канец.

Але не, людзі працуюць, стукаюць, свідруюць.
Святы Антоній усіх бачыць:
- архітектара, які ствараў новы праект,
- руплівага ксяндза,
- прапрадзеда, які быў першым фундатарам,
а потым прапраўнука, які грошай на вітраж не пашкадаваў.

Заходжу ў новы касцёл і прашу,
каб мае ўнукі паспелі памаліцца
пад коўдрай белай цішыні,
каб знайшлі загінулы скарб веры.

Святы Антоній, калі ласка, паспрыяй,
каб больш ніхто гэты касцёл не разбураў.


Чатыры бакі кахання

Аліна
Поўнач
дыстанцыя
глыбіня, схаваная пад метрамі снегу

Павел
Усход
акардэон
душа на далоні

Ганна
Поўдзень
кампанія
Вялікдзень

Пётр
Захад
закасаныя рукавы
Божае Нараджэнне


Бязлюдны куток мапы

Я ўжо навучылася
ў печы паліць,
варыць на жывым агні.
Ва ўсім дапамагае інтэрнэт,
ён стаў мне найлепшым сябрам,
перад якім не сорамна задаць
самае далікатнае пытанне.
У любым выпадку,
дастаткова ўвесці першыя літары,
і ён можа здагадацца,
што мне трэба.
Рэцэпт хлеба,
клёцак,
бліноў,
расцяжэнне ступні,
бяскрыўднае абмаражэнне...

Лаўлю думку,
што нехта можа ісці
за гэтым безнадзейным пошукам.

А я проста наганяю шмат гадоў,
напоўненых іншым.
Я закопваю разлом пакаленняў на мяжы,
звязваю абарваную нітку гісторыі,
падбіраю згублены штэтл
у сямейным марафоне.

Я стаю на плячах безназоўных волатаў
і ўжо не здаюся смешным гномам
на гэтым бязлюдным кутку мапы.


Згода

Хацелася пабываць у Берліне,
паглядзець на людзей,
адпачыць у іншай атмасферы,
акрамя польскай і беларускай.

Там усё было багацей, хутчэй, больш сучасна:
кнігарні, музеі, пабы,
крамы, вакзалы, цягнікі,
бібліятэкі і людзі з усяго свету.

Я прапанавала Керстын павесяліцца, адгадаць, хто адкуль.
Керстын гэта не спадабалася, бо ў Берліне становішся берлінцам і толькі на самым пачатку мае значэнне, адкуль ты.
Нягледзячы на гэта, Керсцін была непераможнай.
Яна нават магла адрозніць карэйскую, японскую і кітайскую мовы.

Я бездакорна пазнавала толькі беларусаў, незалежна ад мовы, якой яны карысталіся.
За што я палюбіла беларусаў? За блакітныя вочы й блакітныя паштовыя скрыні? За хатняе і паўсядзённае адзенне? За цвёрдае "л" у вуснах? За практычнасць? За ўсе кабачкі і гарбузы, якія яны мне падарылі? За несправядлівасць стагоддзяў?
Я не ведаю,
але буду з імі
ў шчасці і няшчасці,
У здароўі і хваробе.
Амэн.


Бліны

яна рабіла бліны

калі ён не хацеў есці
калі ён не хацеў жыць
калі ён не вярнуўся
калі ён напіўся
калі ён пайшоў у армію
калі ён ажаніўся
калі ён прыехаў з унукам
калі ён разводзіўся

яна рабіла бліны

Столькі пытанняў можна было задаць
а яна толькі
Еш, еш!
З мёдам? з сырам? з варэннем? са згушчонкай? са сметанай?

і зноў стаіць над патэльняй
памінкі
прайшоў год

няроўная тэкстура бліноў
кажа пра нядобрую любоў
якая затыкае рот


Дабраславёная нерухомасць рэчаў

Добра, што рэчы там, дзе я іх пакінула.
5 рублёў у вясновым паліто, якія праз год знайшла ў кішэні.
Дзённік, які доўга чакаў у кутку небыцця, пакуль не з'явіліся ягоныя думкі.
Планы ўрокаў, якія нагадваюць, што я магу працаваць з любоўю.
Візітоўка ў кнізе з актуальным нумарам тэлефона.

Блаславёныя рэчы, якія я знаходжу не шукаючы.




Запісы пасля стварэння свету
Магдалена Лаеўская