***
Адкуль пачынаецца поле?
Скажаш:
Пачні з ускрайку.
Заходзь, як у стаў,
пакуль рапс не абдыме за ногі
і не ўпадзеш.

Адкуль пачынаецца поле?
Там, дзе выходзіш з лесу.
Яны ўзаемавыключныя,
як нулі і адзінкі.

А дзе канчаецца поле?
Там, дзе па небакраі
на ровары ймчыць лістаноша
і птушкі — як дзіркі.

А дзе канчаецца поле?
Там, дзе палеглі косці,
і глеба іх спеліць ва ўлонні,
усё ніяк не народзіць.

Дзе пачынаецца і канчаецца поле?
Там, дзе чалавек кажа:
калі зараз не засею, то ўзімку памру.


Сакрэт
У дзіцячым садку нумар тры
Ля сферычнай спаруды
Пад назвай "Вясёлка"
Закапаная спадчына:
Шклянка парфумы (пустая), пацерка і камень.

Апошні аўтобус збягае яшчэ да дзявятай
Кіроўца спяшае дадому, у яго пяцёра дзяцей, усе дзяўчынкі.

Самае сунічнае месца ў лесе:
Выйсці з ваенгарадку, збочыць праз 30 крокаў.

Каму гэта ўсё цяпер?


Праз мяжу

Хадзем са мною
заклятымі сцежкамі,
трасамі,
рэйкамі рэйкамі
шпаламі шпаламі.
Беражы калені —
спатрэбяцца, каб маліцца.
Сцяліся па зёлках,
як вуж,
агінаючы хвоі, яры,
словы накшталт "слухмяны",
балоты, курганы —
на могілках глеба не родзіць,
але ж зааралі.
Кладзіся туманам,
як пенка на сырадоі.
Ну вось, расплёскаў!
Дняпро разліўся.
Усё існае ахапіў сабою:
лугі, караваны кароў —
трухлявы дом
чакае ля вадапою.
Стары рыбак
заснуў у сваім чоўне.
Лавіў Святога Карпа на матыля,
ды нешта не выйшла.
Вынырвай!
Хапайся хутчэй за вясло,
разбудзі старога,
раскажы яму, што вясна наступіла.
Няхай завядзе цябе ў тое месца,
дзе жніво сустракаецца з небам.


***
Я не пішу
Абдымаю сабаку
Яна, гэта сука,
Ліжа мне вочы
Быццам залізвае рану

Я не пішу
Прыбіраюся ў хаце
Памыла падлогу
Гуляю
Абраць гарбату на вечар —
Самы свядомы мой выбар
Ванна тройчы на дзень
І ўсё ніяк не адмыцца

Ты гаварыў:
Вы не маеце права на скаргу
Толькі не зараз
Вы — маскалі й беларусы
павінны ўцяміць
хто тут нападнік
доўгае слова
на дзесяцігоддзі
"ін-тэр-на-лі-за-ваць"
досвед агрэсара
вось ваша доля
і абавязак
Хопіць крычаць, як вам цяжка
ў іншай краіне
быць нелюбімым дзіцёнкам
Зрабіцца ахвярай
Прасцей, чым сядзець у акопе
Сэрца сціскае, калі
З твайго аэрадрому
ўздымаюцца Мігі
І хай бы сціскала
Хай бы балела
Пакуль не сустрэнецца з куляй
Йобані білоруси
На медалі
хай так і напішуць

Ты маеш рацыю
ні ў адной краме
мне не знайсці такой кнігі скаргаў

І я ў яе не пішу.


***
Я хачу, каб мой дзед памёр.
Каб пачаць шкадаваць, што раней з ім не гаварыла
Пакуль не атрымліваецца.

Доўга размаўлялі з мамай па тэлефоне
Яна дала дзеду слухаўку —
Пачакай, з агароду хоць рукі памыю —
Дзед спытаў, як справы
Спытаў па-беларуску
Пачаў чытаць вершы — не ведаў,
Пра што са мной гаварыць
Я ляжала ў ванне
У іншай краіне
І было сорамна
За сваё аголенае цела.

Я хачу, каб мой дзед памёр.
Забраў з сабой маю таямніцу
Як я пяцігадовая
Глядзела з акна нашай хаты
Як яго рабуюць і збіваюць нагамі
Хуліганы? Знаёмыя?
(нас аддзялялі два метры палісадніку, кветкі ў ім былі такія прыгожыя)
Я стаяла здранцвелая
І глядзела.
Ён ляжаў там яшчэ нейкі час,
сярод кветак,
потым зайшоў у хату
Пайшоў адразу на кухню, хаваючы твар.
Ці бачыў ён, як я стаю ля таго акна?

Каму гэта ўсё цяпер?
Марыя Літвін