I.
падгінаюцца ногі нібы плаўнік
і адчуваю ніжэй кален
пустату…
замест рук крылы,
але толькі ў снах дзіцячых
там жа знікае голас,
калі вусцішна,
калі сэрца рвецца
ў арытмічны танец.

знайсці лес
з самымі незвычайнымі птушкамі
і таемнымі жаданнямі.
альбо плыць далей
сярод рыб
у бруднай вадзе,
як у фантане дзяцінства.

адзінота паўсюль —
устаўце патрэбнае месца.

II.
вуліцы гарадоў,
якія дакладна ведаеш,
сярод бясконцых сноў
ператвараюцца ў зблытаныя
ніткі

плёткі
сярод сяброў,
між якімі бясконца бегаеш,
часам існуюць толькі
ў тваёй галаве
я зноў хаджу ў сне
пасярод іншага сну

вёска, дом
ружовыя фіранкі над печкай
толькі не магу знайсці дзверы,
канапа, каштаны, цацкі…
тады была жоўтая,
пазней блакітная
едзем у цягніку
на Чорнае мора
ці ў Мінск
верхняя палічка
мама не будзі мяне,
жыццё не ідзі хутчэй

Бярэзіна, Днепр
разбаўляюць соль…
моль і пах нафталіну
працягваю спаць
з адкрытымі вачыма

прыпынкі, рынак
без пластыку
самы вялікі скарб —
накрыўкі з-пад фанты,
чорны хлеб з алеем і соллю

Дняпро разбаўляе соль
Чорнага мора
я распускаю яе
ў сваіх вачах

аддайце ногі замест хваста.


***
Мора шуміць тысячай цягнікоў,
якія вязуць эмігрантаў
на наступныя прыпынкі
жыцця.

Яго хвалямі
то кідае аб камяністы бераг,
то люляе, як маці
сваё дзіця,
і так жа кляне,
калі ты хацеў перамен.

Ці зачэпішся ў гэтым горадзе,
ці будзеш боўтацца,
як медуза пасля шторму,
у натоўпе такіх жа,
страціўшы колер, форму
і надзею апошнюю.


***
мае сэрца валяецца дзесьці
сярод пунктаў тваіх перавалаў
я спрабую наздагнаць час
калі не ведала цябе і не чула
але гэта немагчыма

як немагчыма,
каб яблыні цвілі ўвесь год
ці каб Зямля перастала рабіць
вакол Сонца зварот

імгненна
ўсё цела ператвараецца на кавалак мармуру
і адзінае, што працягвае
                                      варушыцца, —
мае думкі
я б хацела іх спыніць
але святлафораў тут не паставіць
ці спецыяльных паляўнічых пастак
і птушкамі думкі
вырываюцца ў вонкавы свет
канцэнтратам эмоцый
кіслым, як яблычны сок
ці воцат

магчыма, ён дапаможа раз’есці
горную пароду
пад тваімі рэбрамі


***
схавацца ў моры канюшыны
марамі параноіка
катакомбамі дзяцінства
бела-чырвоныя
чырвона-белыя
дымніцы фабрыкі.
з горкі - уніз
з горкі - уніз — і…
самакат паляціць у неба
калена ў крыві

баракі на станцыі каля рэчкі
зялёным колерам мятнага захаду
скажуць, што часу болей няма
што ўсё цяпер і зараз
у пялёстках сакуры
застыла.


***
Я — яблыня,
нагамі-каранямі
трымаюся ў глебе.
Цвіту бела-чырвонымі кветкамі,
пялёсткі пад ногі мае аблятаюць.

Я не ведаю, які месяц і год,
карані мае скруціліся ў вузел,
зямля больш не насычае маё цела
праз гэтую пупавіну, што звязала
радзіму,
мяне,
сусвет.

Калі мяне спілуюць, то на што пойдзе мая драўніна?
На скрыначку для завушніц?
Ці самых цёплых успамінаў,
што зацукраваліся, як шматгадовы мёд?
Я — яблыня, на якой ніколі не з‘явіцца плод.
Медуза пасля шторму