Без будучыні

***
складана жыць з чорнай дзіркай у сэрцы
яна ўсіх паглынае ёй заўсёды мала
нікім не нажарэцца пачынае жэрці мяне

я не бясконцая не каменная
я зламалася
мяне вельмі лёгка сцерці з жыцця й успамінаў

калі чарговы сеанс карыстання мной заканчваецца
я мушу спаганіць і тое што было
(калі не даглядаць пральную машыну
яна таксама будзе капрызнай
пачне пакідаць вам болей вады чым трэба
недапрацоўваць замоўчваць ігнараваць)

тут калі верыць практыцы правілы простыя
не вытрымаеш канкурэнцыі — выкінуць на сметніцу

незаменных няма


білінгва

жыць на дзве мовы
гэта як жыць на дзве сям’і
мець жонку і палюбоўніцу

адна заўсёды побач і вельмі сур’ёзная
другая падабаецца больш
але з ёю прасцей нецвярозым

разрываешся паміж імі
не хочаш рабіць выбар

аніводную з іх ты не разумееш цалкам
аніводная з іх не будзе ўласна тваёй

ратуе толькі што ты не самотны
у гэтым бясконцым вызначэнні адносінаў
з мовамі і да моў

парк паўлава

“Сук было шмат”

Паўлаў.


“Паўлаў быў адзін”

Сука.


(Дарота Коман, “Справаздача за год”

пераклад А.Х.)


хто такі гэты грэбаны Паўлаў
калі сустрэнеце перадайце
ён зламаў мне жыццё

калісьці
рамантычна натхнёны
трымаў за руку і ўсміхаўся

цяпер гэты Паўлаў
перастаў існаваць як ідэя
канцэптуальна знішчаны
няхай і толькі для мяне

бітае шкло
шпрыцы
і ніякай рамантыкі

мне страшна дакранацца да яго дрэў
мне страшна хадзіць па яго крывых сцежках
я ведаю яны бачылі ўсё
да апошняга

слёз не было
агіда і крыўда
якія з часам ператварыліся
ў перманентнае раздражненне

перапрацоўка адкідаў мінулага дала вынік

перадайце Паўлаву
калі ласка
калі пабачыце

я прымаю яго
такім які ён ёсць
але вяртацца не збіраюся

у выбары паміж экалагічнымі стасункамі і транспартам

ведаеш я заўсёды марыла
кожны дзень катацца на трамваі

гэта ірацыянальная любоў

рэгіёны твайго і майго жыцця аднолькава бедныя
на гэты экалагічны транспарт

але ён відавочна не апошні
з тых хто трымае мяне ў гэтым горадзе
на гэтай зямлі

а ты не трымай
трымайся за поручні

калі ты чымсьці і падобны да трамвая
то толькі сваёй абыякавасцю
да мяне


шавасана

любіць цябе зранку
пад evening 4 эплпікера
і нічога што яшчэ не вечар
так нават лепей

усё яшчэ чыста і проста

любіць удзень можна й без музыкі
я засланяюся табой ад ветру
гэта мяне ратуе

і вечарам які пераходзіць у ноч
любіць цябе проста так
без асаблівай прычыны
на асабістае шчасце

лепей цяпер чым ніколі

тым больш што цяпер — адзінае што мы маем
людзі без будучыні якія жывуць мінулым
цяпер такое няўлоўна хісткае
цяпер падзеленае паміж намі

і засынаючы побач цягнуцца
да цябе бы да сонца
што імаверна апячэ

я б хацела памерці побач з табой
расцягнуўшыся ў поўным спакоі

шавасана
поза мерцвяка


***
ёсць словы
і ёсць пачуцці
а ёсць іншае штосьці
невымоўнае
куляй
прабівае
скуру
чуеш?
і я
не чую
і не магу вымавіць
але адчуваю.


liminal spaces

бо ня можна з чыстым сумленнем пасьвячаць ім свае думы*


1. ліючаяся форма

гэта заўсёды адна й тая ж думка
выказаная рознымі словамі

безадносна месца і часу
мы у працэсе — заўжды перад пытаннем
адказу на якое няма

бо адказ застылы
адказаў не будзе

трыванне
ліючаяся форма
альбарутэнія

праўда вымаўленая вуснамі немаўляці

2. ката страфізм

у гэтым вершы толькі адна страфа
але мы ведаем якіх яна колераў

3. няма куды бегчы

яна засынае
яе засыпаюць зямлёй
жыцце у чатырох сценках больш не эфемерны прывід
жывая
астатняе акалічнасці

кожны з наноў страчаных
кідае зямлю на труну

яна ў зямлі вільні варшавы батумі
лейпцыга касэля кракава
а трэба было толькі
пражыць усё жыццё ў менску

няма куды бегчы?
трывай

4. па няздейсненым

калі каханкі з мінулага раптам апынаюцца па-за межамі
фізічнай дасягальнасці
я ведаю што ўсё было слушна

яна была аркай, лесвіцай, форткай, медыумам
найменш заўважнай часткай любой дарогі

аб’ектызаваная настолькі
што любы свой рух усведамляе ў трэцяй асобе

чаго не было
пра тое і не напішаш

я не ведаю за што садзяць людзей
можа сярод нас ёсць кветкі

кветкі якія думаюць аднолькава

5. fairytale for the deeptime lovers

Вікці

табе — бы дрэву на дзяржаўнай мяжы
маўчаць
расці

нейтральная тэрыторыя
небяспечнае страшнае месца
паміж тут і там
дыскурсіўная прорва

but is this place
originally
liminal?

што ёсць ад нараджэння быць паміж?
каго больш любіш: маму ці тату?

*
такая прыгожая ноч ні дадаць ні забраць
бо дрэва ўжо напіталася гэтай вадою
water that has no origin
world's water
напілося вады без вытоку
вады сусветнай

дрэва стаіць да мяне і да лесу тварам
паўсюль яно і паўсюль я
глядзім адно на аднаго

дрэва
вада
і памяць

*
Адвечным шляхам: “Упалі ўсе формы, якія хацелі панаваць над чалавекам, бо ня можна з чыстым сумленнем пасьвячаць ім свае думы”.





Вікторыя Трыфанава