У гісторыі Зямлі выдзяляецца пяць масавых выміранняў відаў (самае вялікае – пермскае, каля 90% відаў, 253–251 млн. гадоў таму) і шмат драбнейшых эпізодаў. Некаторыя вылучаюць таксама шостае, выкліканае дзейнасцю чалавека галацэнавае выміранне, у час якога мы жывём.

Артыкул 1

У выміранні няма нічога
звышнатуральнага,
яно занесенае ў каляндар,
распісанае па літарах алфавіта.
Першае выміранне:
тыя, хто на А, Б і В,
астатнім падрыхтавацца,
другое выміранне,
а я слухмяна стаю ў чарзе
(з прозвішчам пашанцавала)
і гляджу, як мой свет
прасейваецца скрозь сіта.
Пры маім жыцці паміралі
людзі (многа людзей), словы, краіны,
законы,
я ведаю больш таго,
чаго ўжо няма,
чым таго,
што яшчэ засталося.
Трэцяе выміранне,
чацвёртае выміранне,
пад маімі нагамі глыба вызірае з дэвону,
там таксама хтосьці жыў,
выжываў,
не выжыў (не ўдалося).
Пятае выміранне,
шостае выміранне:
сыходзяць літары Э, Ю – і ўрэшце
Я ў гэтай кропцы на карце
з астатнімі відамі,
кропцы зыходу рэчаў,
жывых
і выдуманых.

Артыкул 1. Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава.

Рэспубліка Беларусь валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку.

Рэспубліка Беларусь абараняе сваю незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, канстытуцыйны лад, забяспечвае законнасць і правапарадак.



Артыкул 2

Ёсць у мяне шкодная звычка,
якая сёння цягне на злачынства –
параўноўваць сябе з іншымі,
параўнанне рэдка бывае
на маю карысць,
але не ў гэтым выпадку:
я выдатна выконваю ролю сябе,
і, галоўнае, раблю гэта своечасова,
рамонак у полі варты любой пахвалы,
у лісы атрымліваецца быць лісой,
і сосны спраўляюцца са сваёй работай,
чаго нельга сказаць пра адну
юрыдычную асобу.

Артыкул 2. Чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з'яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы.

Дзяржава адказная перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы. Грамадзянін адказны перад дзяржавай за няўхільнае выкананне абавязкаў, якія ўскладзены на яго Канстытуцыяй.


Артыкул 15

Кожная культура мае свой арэал:
культура штрыхаванай керамікі ці пеніцыліну.
Дрэвы ўзносяць аркады ў гонар гравітацыі,
крапіва ўсмоктвае рытмы месячных сутак,
каб выдраць сябе з невядомасці.
Нават неўроз – гэта не менш, чым джаз,
а арытмія – саната Бетховена.

Артыкул 15. Дзяржава адказная за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх нацыянальных супольнасцей, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь.


Хатні пыл на траціну складаецца з мінеральных і на траціну — з арганічных рэчываў (часцінак скуры, пылку, валокнаў тканіны і паперы). Яшчэ адна траціна мае касмічнае паходжанне.


Артыкул 18

Мая вайна з пылам не ведае перамір'яў,
вайна з пяскамі Сахары,
марскою соллю на стальніцы,
усім, што расце на зямлі і з зямлі дастаецца,
а пасля зносіцца ветрам,
вылятае ў паветра —
гэтая вайна сваім ладам ідзе
у маім доме
і мае статус сусветнай,
вайна з алергіяй
і ўласнай старасцю,
вайна недзяржаўнай формы ўласнасці,
прыватызаваная мной асабіста,
яе адзінай генеральнай...
А можна ж проста нарадзіцца
у іншай краіне,
дзе няма пылу,
без'ядзернай і нейтральнай.

Артыкул 18. Рэспубліка Беларусь у сваёй знешняй палітыцы зыходзіць з прынцыпаў роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, непарушнасці межаў, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутраныя справы і іншых агульнапрызнаных прынцыпаў і нормаў міжнароднага права.

Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю без'ядзернай зонай, а дзяржаву — нейтральнай.


Артыкул 26

Мы вінаватыя ў тым,
што нараджаемся, жывём і паміраем.
Дзяржава і біясфера
выстаўляюць нам розныя рахункі.

Артыкул 26. Ніхто не можа быць прызнаны вінаватым у злачынстве, калі яго віна не будзе ў прадугледжаным законам парадку даказана і ўстаноўлена прыгаворам суда, які ўступіў у законную сілу. Той, каго абвінавачваюць, не павінен даказваць сваю невінаватасць.


Новакаледонскі крумкач не толькі выкарыстоўвае прылады працы, але і стварае іх.


Артыкул 42

Шукаючы, чым разбіць грэцкі арэх,
варона не ведае, што аднойчы гэта
прывядзе да аварыі на АЭС.
Вароніны калгасы
на ўсю моц штампуюць працадні,
дзесяць гадоў без права перапіскі
на варонінай мове,
у працоўнай кнізе ніякіх змен.
Добра, што да эпохі рабаўладання яшчэ далёка.
Арэх лускаецца,
ядро выпадае вонкі.

Артыкул 42. Асобам, якія працуюць па найму, гарантуецца справядлівая доля ўзнагароджання ў эканамічных выніках працы ў адпаведнасці з яе колькасцю, якасцю і грамадскім значэннем, але не ніжэй за ўзровень, які забяспечвае ім і іх сем'ям свабоднае і годнае існаванне.

Жанчыны і мужчыны, дарослыя і непаўналетнія маюць права на роўнае ўзнагароджанне за працу роўнай вартасці.



Значная колькасць клетак у чалавечым целе належыць іншым арганізмам.


Артыкул 44

Абрыўкамі чужых успамінаў,
непражытых момантаў,
варожых ДНК
я поўнюся,
яны мной валодаюць —
размаітыя сутнасці,
фантазмы,
размытыя
галасы ў галаве,
кажуць, палова мяне —
не я,
але я не адчуваю сябе сабой
нават на трэць,
я — дом для чагосьці невядомага,
рухомая маёмасць,
маларухомая жывёла,
што праглынула Ёну,
ува мне праходзяць ізаляцыю
тысячы сусветаў са сваімі прыватнымі клопатамі
мяне законным спосабам набываюць,
абжываюць
і перадаюць у спадчыну,
ува мне — столькі істот і існасцей,
што ў сваім бестыярыі я губляюся,
прымяраючы ролю ўласнасці,
якой лёгка пазбыцца,
скінуць на барахолцы,
прадаць на злом.
І ўсё ж я пакуль стаю,
сплю, прачынаюся і бягу па коле
ад сваіх кантралёраў.
Я — дом,
і ў мяне няма
іншага дома.

Артыкул 44. Дзяржава гарантуе кожнаму права ўласнасці і садзейнічае яе набыццю.

Уласнік мае права валодаць, карыстацца і распараджацца маёмасцю як аднаасобна, так і сумесна з іншымі асобамі. Недатыкальнасць уласнасці, права яе атрымання ў спадчыну ахоўваюцца законам.

Уласнасць, набытая законным спосабам, абараняецца дзяржавай.

Дзяржава заахвочвае і ахоўвае зберажэнні грамадзян, стварае гарантыі вяртання ўкладаў.

Прымусовае адчужэнне маёмасці дапускаецца толькі па матывах грамадскай неабходнасці пры захаванні ўмоў і парадку, вызначаных законам, са своечасовым і поўным кампенсаваннем кошту адчужанай маёмасці, а таксама згодна з пастановай суда.

Ажыццяўленне права ўласнасці не павінна супярэчыць грамадскай карысці і бяспецы, наносіць шкоды навакольнаму асяроддзю, гісторыка-культурным каштоўнасцям, уціскаць правы і абараняемыя законам інтарэсы іншых асоб.



Трэпанацыя чэрапа лічыцца адной з самых старажытных хірургічных аперацый.


Артыкул 45

Мы даўно авалодалі мастацтвам
рабіць адно аднаму ў галовах дзіркі.
Жамчужына калекцыі —
трэпанацыя чэрапа рукой невядомага майстра
з канца неаліту.
Яе пазнейшая версія, тэхнічна прасцейшая, —
куля ў патыліцу
з трыма аўтографамі ў пасведчанні аб смерці,
выдадзеным прыжыццёва,
бо ўсё паводле пратакола —
кожны прастрэл і кожны пракол.

Артыкул 45. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя.

Дзяржава стварае ўмовы даступнага для ўсіх грамадзян медыцынскага абслугоўвання.

Права грамадзян Рэспублікі Беларусь на ахову здароўя забяспечваецца таксама развіццём фізічнай культуры і спорту, мерамі па аздараўленню навакольнага асяроддзя, магчымасцю карыстання аздараўленчымі ўстановамі, удасканальваннем аховы працы.

Тэкст з'явіўся дзякуючы падтрымцы Праграмы літаратурных рэзідэнцый горада Гданьска.

Tekst powstał dzięki wsparciu Programu Rezydencji Literackich Miasta Gdańska.

Канстытуцыя
(фрагменты)
Фота Барташа Банкі для Інстытута гарадской культуры