СВЕТАЧ

Як безліч раніцаў таму,
На даляглядзе зноў з нябыту
З’явіўся, у прыса́дах зблытаў
Галлё на снезе кустаўю
І дрэвам у каўтун тугі,
Які не збудуць, не прарэдзяць.
Не ад шкадлівасці гарэзіць,
А з-за пакутлівай тугі,
Бо ад пачатку дзён адзін
Заўсёды змушаны ўзыходзіць
Для тых, што позірк не адводзяць
Ад неба, сочачы за ім.
Зрабілі першым між багоў,
Хаця ў вышынях неабсяжных
Ні спеваў не чуваць удзячных,
Ні шэпту найпрачулых слоў.
Але ж у час выцця завей
Альбо калі адчай агорне,
Нас пясткай залацістых промняў
Мацуе, каб жылі далей.
Спрабуючы даць рады ўсім,
Не зберажэ запал на вечар
І скрушна пойдзе на спад светач,
Як на пачатку дзён, — адзін.

ПАНАВАННЕ

Пануюць немач і паўсон
Між сцен знявечанага храма,
Накрыла бадыллё сакрамант
Дзе колісь высіўся амбон.

Чуваць хрыпаты крык варон
Замест мелодыі аргана —
Пануюць немач і паўсон
Між сцен знявечанага храма.

Бажніцы, выклятай на скон,
Бінтамі промні чулы ранак
Кладзе на незагойных шрамах…
Стагоддзі доўжыцца палон,
Пануюць немач і паўсон.

* * *
На ходніку пустым завея кружыць,
Здаецца, што ліхтарні снег засмужыў,
Але скрозь непагадзь з твайго акна,
Чакаючы, гараць каханнем ружы.

* * *
Уночы вухае пугач у лесе,
Звініць жаўрук апоўдні ў паднябессі
Між імі спрэчкі й водгулля няма,
Бо ў кожнае часіны свая песня.


СВЕТЛАЯ НОЧ

Удзень двары засыпаў снег
І ўночы незвычайна светла,
Хоць месяц ззяе ледзь прыкметна —
Удзень двары засыпаў снег.
Застылы час, бы ў белым сне,
Марозіць зорнае паветра —
Удзень двары засыпаў снег
І ўночы незвычайна светла.


ДЗЬМЕ ВЕЦЕР

Яшчэ лета два тыдні
           і ліпы ў зялёным саеце,
Дням пагодным паклоны
           буслы на аржанцы кладуць,
Але вось, адвідна
           цеплынёй развітальнай дзьме вецер,
Адагнаўшы ў замежжа
           назольных дажджоў каламуць.

Вецер дзьме, папіхаючы
           ў каркі дрымотныя хвалі,
Нават стрэлкі ў гадзінніку
           нібы пабеглі хутчэй
І кавярні дзяўчат,
           на сезон пасталелых, схавалі,
Каб павеў наравісты
           ў тых не вы́красаў слёзы з вачэй.

Апусцелымі сцежкамі
           ў парках гуляе няўтомны,
Як варожачы, з красак
           пялёсткі пяшчотныя рве,
Валасы раскудлаціўшы,
           зблытаўшы думкі і промні
Мне, наконадні прыйсця
           адцвету пары вецер дзьме.

ΣΑΠΦΩ (САПФО)

Ва ўтрапенні палкім гляджу маўкліва,
Як уздоўж мора бяжыш ты са смехам,
А табе пясок залаты і хвалі
Пяты цалуюць.

Мая муза! стогне сэрца паэткі,
Калі бачу, што Кіпрыдападобнай
Ветрык, раптам спод тунікі задраўшы,
Лашчыць улонне.

Дык жа мне дай цела свайго таксама
Паспытаць пад поўнагрудай алівай,
І я заўтра аб лесбійскай нядолі
Верш складу новы.

ПАЛЕННЕ ВЕРШАЎ

Радкі паглынае полымя —
Прачулыя, красамоўныя —
Усё, чым быў колісь поўны я,
Знікае дарэшты ў агні.
Хай гэта здаецца збродняю,
Ды ў неба дымам свабодныя
Лятуць мае рукатворныя —
Аб тым не шкадую ані.

Нямала разам паездзілі,
Кляліся, клялі, гарэзілі,
Іх звалі "вершамі", "песнямі",
Калі для цікаўных гулі.
І душы, і вушы цешылі,
І раптам зрабілася цесна ім —
Да роспачы захацелася
Пазбыць прыцягненне зямлі.

Дзе нават зіма не белая —
Сумёты штогод сшарэлыя,
Хоць геніі недаспелыя
Бляяюць пра час перамен.
Падтэксты і сэнсы звыклыя,
Не родзяць сады паніклыя,
Таму спяшаюцца літары,
Абпальваючы пальцы мне.

Далоў з апрыкрага нерата
Паперы і склепа чэрапа
Імчацца з ветрам у невараць
Праз чыстку абдымкаў рудых.
Што ж, адпускаю без горычы,
Бо, што было, не паўторыцца.
За розвіт глыну, гаворачы:
— Шчаслівай дарогі, браты!



Мае рукатворныя