TAŬBIN

Тадэвуш Бароўскі

Польскі паэт

Тадэвуш Бароўскі (1922–1951)

Тадэвуш Бароўскі нарадзіўся 12 лістапада ў Жытоміры ў Савецкай Украіне, быў другім сынам Станіслава і Тэафіліі Бароўскіх. У 1926 годзе бацьку Тадэвуша арыштавалі (а да гэтага яго кніжная крама была нацыяналізаваная) і саслалі ў Карэлію, у ГУЛАГ. А праз чатыры гады ў Сібір, на бераг Енісея, была высланая і маці будучага пісьменніка. Два браты Бароўскія засталіся адны. Старэйшы, Юліюш, трапіў у інтэрнат, малодшым, Тадэвушам, апекавалася цётка. У 1932 годзе Станіслаў Бароўскі быў выменяны на арыштаваных у Польшчы камуністаў і пераехаў у Польшчу. Туды ж, з дапамогай польскага Чырвонага Крыжа, паехалі і яго дзеці. Бацька сустрэўся з сынамі пры самай польскай мяжы, у Баранавічах. Праз год вярнулася маці, і сям’я Бароўскіх асела ў Варшаве. У 1939 годзе дом Бароўскіх згарэў падчас аблогі Варшавы. У 1940 годзе Тадэвуш скончыў падпольную гімназію (гэтыя, а таксама многія іншыя падзеі апісаныя ў “Экзамене на Тарговай” — “Matura na Targowej”), пасля вучыўся ў падпольным Варшаўскім універсітэце на аддзяленні паланістыкі, дзе пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Марыяй Рунда.

Дэбютаваў Тадэвуш Бароўскі ў 1942 годзе зборнікам вершаў “Усюды, дзе зямля” (“Gdziekolwiek ziemia”), надрукаваным на ручным гектографе ў падпольнай тыпаграфіі. У 1943 годзе падчас адной з аблаў знікла Марыя, каханая Тадэвуша. Бароўскі кінуўся яе шукаць і на адной з канспірацыйных кватэр трапіў у засаду. Яго арыштавалі і завезлі ў турму Павяк, а праз некаторы час — у Асвенцым. Праз некалькі месяцаў ён моцна захварэў і трапіў у асвенцымскі лазарэт, дзе, ачуняўшы, змог з дапамогай сяброў застацца. Ён спрабаваў наладзіць сувязь з нявестай, якая ўтрымлівалася непадалёк, але ў значна горшых умовах, перадаў ёй лекі. Хутка ён пакінуў лазарэт і ўладкаваўся ў лагерныя страхары, каб мець мажлівасць часцей бачыцца з Марыяй. У жніўні 1944 года яго перавезлі ў канцлагер углыб Германіі, спачатку пад Штутгарт, пасля — у Дахаў.

У Асвенцыме Бароўскі не пераставаў пісаць. На Каляды 1943-га ён стварыў цыкл калядак, якія спявалі зняволеныя. Сябры ў Варшаве надрукавалі яго лагерныя вершы асобным зборнікам “Паэтычны аркуш № 2”, але сам аўтар гэтую маленькую падборку вершаў, хутчэй за ўсё, не бачыў: адзіны ацалелы асобнік быў знойдзены пасля яго смерці. 1 траўня 1945-га лагер Дахаў быў вызвалены Сёмай амерыканскай арміяй, і Бароўскі апынуўся ў лагеры для перамешчаных асоб пад Мюнхенам. Хутка ён пераехаў у Мюнхен і атрымаў працу ў Бюро пошукаў родных пры камітэце польскага Чырвонага Крыжа. Тадэвуш шукаў сваю нявесту і праз некалькі месяцаў знайшоў яе, моцна хворую, у Швецыі, але сустрэцца ў іх не атрымлівалася. У гэты час ён напісаў шмат вершаў, а таксама, разам з Крыстынам Альшэўскім і Янушам Нэль-Сядлецкім, — дакументальную кнігу “Мы былі ў Асвенцыме” (1946).

Толькі ў чэрвені 1946 года Бароўскі вярнуўся ў Варшаву. Там ён урэшце сустрэўся з нявестай, і яны ажаніліся. Бароўскі рэзка закінуў паэзію і ўзяўся за прозу. У 1948 годзе выйшаў зборнік яго апавяданняў “Развітанне з Марыяй”. Кніга выклікала ў многіх крытыкаў і чытачоў шок і неразуменне. Аднаго з герояў апавяданняў Бароўскага — чалавека някепскага па прыродзе, які, аднак, навучыўся любымі спосабамі выжываць у лагерах, пачалі атаясамліваць з аўтарам. У тым жа годзе выйшла яшчэ адна кніга — цыкл кароткіх навел “Каменны свет”.

У 1948–1949 гг. пачаўся новы перыяд у жыцці пісьменніка. Новыя лозунгі сацыялістычнага рэалізму не знайшлі водгуку ў творчасці Бароўскага, але неразуменне яго твораў вымусіла пісьменніка засумнявацца ў правільнасці свайго літаратурнага метаду і саміх ідэй. У 1949 годзе Бароўскі паехаў у Германію; у гэты час ён лічыў, што сацыялізм — найлепшы спосаб перастварэння свету, у якім былі магчымыя ўсе перажытыя ім жахі. Назад у Польшчу ён вярнуўся прыхільнікам сацыялізму і сацыялістычнага рэалізму. У 1950 годзе асноўная яго ўвага была аддадзеная палітыцы і публіцыстыцы — уласная творчасць адышла на другі план.

Яго самазабойства праз некалькі дзён пасля нараджэння дачкі — 3 ліпеня 1951 года, калі Бароўскі атруціўся газам, — дагэтуль застаецца неразгаданай таямніцай.

Бароўскі лічыцца адным з самых значных польскіх празаікаў пасляваеннага дзесяцігоддзя, творчасць якога значна паўплывала на наступныя пакаленні пісьменнікаў. Яго сябар Тадэвуш Дрэўноўскі напісаў пра яго некалькі кніг, сярод якіх — біяграфія “Уцёкі з каменнага свету” (“Ucieczka z kamiennego świata”, 1962), а таксама выдаў яго эпісталярную спадчыну.

У 1970 быў зняты польскі фільм “Краявід пасля бітвы”, заснаваны на творах Бароўскага. Нобелеўскі лаўрэат 2002 года Імрэ Кертэс казаў, што ўсе яго творы напісаныя пад уплывам прозы Бароўскага.

Публікацыі Тадэвуша Бароўскага ў часопісе “TAǓBIN”:

Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading