Змітрок Астапенка
(10 (23).10.1910 — ?.10.1944)

Беларускі паэт, празаік, перакладчык, які ўваходзіў у "амсціслаўскую плеяду" (разам з Юліем Таўбіным і Аркадзем Куляшовым).

Нарадзіўся ў в. Калеснікі Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Хіславіцкі раён Смаленскай вобласці) у сям’і настаўніка. У 1925–1929 гг. вучыўся ў Мсціслаўскім педагагічным тэхнікуме, дзе пачаў пісаць вершы. У 1930 годзе перавёўся ў мінскі Белпедтэхнікум. Восенню 1931 года разам з С. Астрэйкам, У. Дудзіцкім, Л. Калюгам, С. Русаковічам, У. Сядурам і некаторымі іншымі "забастоўшчыкамі" за ўцёкі "з прарыву" па збіранні мерзлай бульбы ў калгасе "Сцяпянка" выключаны з тэхнікума з "воўчым білетам" як "нацдэм". У 1931 годзе паступіў у БДУ. Атрымаў вышэйшую або няскончаную вышэйшую адукацыю.

Актыўна ўдзельнічаў у літаратурным жыцці краіны, сістэматычна друкаваўся ў рэспубліканскіх часопісах і газетах. Першыя вершы з’явіліся ў перыядычным друку ў 1926 г. Лірычны талент развіваўся імкліва, ярка, самабытна, спалучаўся ў творчай асобе паэта з талентам празаіка. Гэта адчувалася ўжо ў зборніках паэзіі "На ўсход сонца" (1931), "Краіне" (1931), "Абураныя" (1932), якія выходзілі адзін за адным з друку. Змітрок Астапенка пісаў таксама апавяданні. Паспрабаваў свае сілы ў жанры навуковай фантастыкі. Аўтарам быў распачаты раман "Вызваленне сіл" пра работу вучоных у галіне расшчаплення атама. Твор паспеў з’явіцца ў 1932 г. у двух нумарах "Маладняка". Для дзяцей стварыў невялікую кніжку-малюнак "Трактар", якая выйшла ў 1933 г. І выдавецтва, і сам аўтар апярэдзілі свой час. Падобныя кнігі атрымалі шырокае распаўсюджанне значна пазней.

Пераклаў на беларускую мову раманы "Маці" М. Горкага (1932), "Ваколіцы" Л. Первамайскага (1931), аповесці "Завіруха" П. Голубева (1930), "Ударны атрад" А. Дончанкі (1932), "Прыгоды ўдалага ваякі Швейка" К. Ванака (1932), творы іншых рускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў.

У 1936 г. арыштаваны па справе "Беларускай народнай грамады". Асуджаны 10 жніўня 1933 як "член контррэвалюцыйнай арганізацыі" да 3 гадоў ППК. Пакаранне адбываў у Марыінску Кемераўскай вобласці, але знаходзіўся не ў лагеры, а на пасяленні (некаторы час разам з М. Лужаніным).

Паўторна арыштаваны 5 снежня 1936. Асуджаны 5 кастрычніка 1937 пазасудовым органам НКУС за "антысавецкую дзейнасць" да 8 гадоў ППК.

На пачатку Вялікай Айчыннай вайны ўцёк з лагера на фронт. Загінуў у баі ў Карпатах (паводле некаторых версій — выжыў).

Па першай справе рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 24.8.1956, па другой — прэзідыўмам Вярхоўнага суда БССР 29.12.1954. Асабовыя справы З. Астапенкі № 14618 і № 9935-с з фотаздымкамі захоўваюцца ў архіве КДБ Беларусі.

Публікацыі Змітрака Астапенкі ў часопісе "Taubin":