Імя Змітрака Астапенкі я запомніла дзякуючы Юлію Таўбіну — яшчэ б не запомніць чалавека, якому прысвечаны самы кранальны, самы лірычны верш любімага паэта. І, як і ў любых такога кшталту тонкіх матэрыях, за тым, другім, пачынаеш сачыць здалёк, раўніва прыглядаючыся: а хто ён такі? А ці варты?..

Я ўжо магла пазнаць па фотаздымках, ведала пра жыццёвыя абставіны, прачытала ўспаміны яго сяброў, аднак да вершаў падступіцца не магла. А між тым, яны — вершы — і былі той мэтай, да якой я ішла. Праз іх я лепш за ўсё вывучаю чалавека, праз іх адбываецца тое самае знаёмства, калі быццам ноч напралёт гісторыі з жыцця, смешныя выпадкі, нечаканыя прызнанні і радасць ад сустрэчы "свайго".

Вершы Астапенкі былі маім абавязкам — я адчувала неабходнасць паклапаціцца пра іх, зрабіць часопіс іх домам. Бо дзе яшчэ, як не тут, могуць захоўвацца часцінкі душы чалавека, якога любіў (а мо і кахаў?) Юлій Таўбін?

Як і ў іншых творцаў таго часу, у Астапенкі можна знайсці вельмі розныя тэксты — час патрабаваў сваіх штампаў, сваіх "кодаў", якія дазвалялі ў літаральным сэнсе заставацца — і не толькі ў літаратуры. Іх тонкія і асцярожныя адгалоскі можна адсачыць у "Радыёстанцыі" — без сумневу, таленавіта напісаным і нечакана для мяне сюжэтным вершы, у якім ёсць усё: небанальныя рыфмы, дакладна вывераны і вытрыманы рытм, тропы, якія чапляюць і ўражваюць, а галоўнае — пачуццё, амаль фізічна адчувальнае, існае, якім і праз дзясяткі гадоў дыхае верш. "А ноч ішла, як брудны звер / У зорных зморшчках і струпкох... // Эўропа слухала мой верш, / Разлёгшыся ў матэрыкох." — якая канцоўка для рэчы, задуманай як агітка! Я магу толькі пазайздросціць аўтару, які напісаў гэтыя радкі, і пакланіцца — за тое, што паэзія ў яго ва ўсім засталася паэзіяй. Ці думаў ён, ці мог уявіць, што калісьці Еўропа сапраўды будзе слухаць і чытаць яго вершы?..

Тэкст за тэкстам унутры раслі павага і пяшчота да невядомага мне, але вельмі блізкага з ужо вядомай прычыны Змітра Астапенкі, і я ўсё больш разумела, адкуль была такая моцная сувязь паміж паэтамі "амсціслаўскай плеяды" і што іх яднала. Не люблю падобныя параўнанні, але Астапенка сам яго правёў, уласнай рукою змяшаўшы ў адзін кактэйль Бадлера і Рэмбо: "Сцеражэцеся, матросы, / Раззлаваных морскіх нетраў! // Паглядзеце, — альбатросы / Нізка рэюць і так злосна / Гафелі гавораць з ветрам..." (верш "Палундра").

Намагаючыся пісаць па-савецку, ён усё адно пісаў па-еўрапейску, ён думаў па-еўрапейску (і той жа "грэх" меў Таўбін), быў чужым таму ладу, які замест падзякі за творчасць адправіў яго ў Сібір. Ім бы абодвум блукаць па завулках міжваеннага Парыжа і ствараць сабою і сваім талентам вольную ад абавязковасцей паэзію... У такія моманты хочацца верыць у існаванне паралельных сусветаў. І калі яны ёсць, няхай дзесьці там, у адным з іх, Астапенка і Таўбін дажывуць да глыбокай старасці, дачакаюцца больш спрыяльных часоў і яшчэ напішуць свае лепшыя вершы, якія ніхто не канфіскуе і не загадае спаліць.

Крысціна Бандурына


У вагоне

Юлію Таўбіну

Я еду ў вагоне ў ліпнёвую ноч,
Ліпнёвыя ветры пяюць за акном.

Ліпнёвыя ветры, раскінуўшы дым,
Цягнік даганяюць, спяшаюцца з ім...

Праносяцца міма, стаяць ля гары
Далёкія гоні, чужыя бары...

Цягнік прамінае — спяшыць на начлег,
Яшчэ не закончаны ночны прабег...

Ягоная справа — вязі і гані!
Мне сумна ў вагоннай сядзець цішыні.

Пытаю ў суседа — куды едзе ён,
І ён неахвотна гаворыць праз сон:

— Вось тут недалёчка паўстанак, а вы?.. —
І сон адганяе кіўком галавы.

Спрачаюцца колы пад намі ўначы,
Цягнік не спыняецца — далей імчыць...

— Я еду далёка-далёка, стары!..
У далёкія далі, ў другія краі...

Цягнік праімчыцца шмат цёплых начэй,
Пакуль даімчыцца да мэты маей...

Нямала ля станцый, для новай хады,
Цягнік будзе браць і апалу, й вады,

Каб вуглем сагрэць у дарозе нутро,
Каб смагу яму прахалодзіць вадой...

— Далёка, каханы мой! — дзівіцца дзед, —
І, пэўна, нямала каштуе білет?!

— Стары! За дасяжнасць да мэты маёй
Плачу я гарачаю, чыстай крывёй.

Найлепшыя грошы, найлепшы разлік —
Струменні натхнёнай юнацкай крыві.

Разліць гэту кроў і аддаць за вясну,
За тысячы вёснаў, за мэту адну!..

— Штось дзіўна, каханы мой, — дзівіцца дзед, —
Такога разліку не бачыў нідзе...

Я быў у акопах, страляў на франтах
І ліў сваю кроў на Маньчжурскіх палях,

Прыгнёт я трываў, і пакуту, і здзек, —
Твайго ж я разліку не бачыў нідзе...

— Маўчы, безразважны, пакутны стары!..
Мы кроў аддаем за другія краі...

Краі будавання і мараў палац —
За гэта крывёй толькі можна аддаць!..

Аддаць сваё сэрца, і кроў, і вясну
За тысячы вёснаў, за мэту адну!..

...Цягнік даў прарэзлівы моцны гудок,
Сусед мой заснуў, паваліўся набок...

Цягнік закрычаў і заляскаў мацней
У знак, што зусім разумее мяне...

Ён мчыцца, нервовы... ў запале імчыць,
Кідаючы крыкі ў ціхай начы.

Ліпнёвыя ветры, раскінуўшы дым,
Цягнік даганяюць, спяшаюцца з ім.

(1930)

На смерць Паўлюка Труса

Не рыдайце так жаласна
Надмагілкавай песняю...
Так жыццё абарвалася,
Так хвіліны пранесліся...

Над крутымі адхонамі
Аганькамі узлётнымі
Дні прайшлі у натхнёнасці,
Смерць — у ціхай самотнасці.

За хадою імпэтнаю
Зніклі межы купчастыя...
Гэта — доля паэтава,
Неразгадная... частая...

З буравеем і холадам,
З песняй сэрца музычнаю —
Паэтычная моладасць
І каханне трагічнае.

Не рыдайце так жаласна,
Струнаў чыстыя россыпы!
Колькі іх абарвалася
І назад не звароціцца!!

Колькі знікла з сутоннямі,
Жаваронкамі веснімі,
З залатымі імёнамі,
З незапомнымі песнямі...

Будзе новая моладасць,
Будзе з постаццю новаю...
З буравеем і... холадам,
І з усмешкай вясноваю...

А жыццё абарвалася,
І хвіліны пранесліся...
...Не рыдайце ж так жаласна
Надмагілкавай песняю!..

(1929)

Інквізіцыя

З гішпанскаю ночкай чатыры сьцяны
Здружыліся моцна і слаўна…
Апоўначы ціха прыходзяць яны —
Кожны ў чорнай сутане.
Прыходзяць як здані, як сны уначы,
У муры гарацешнай цямніцы…
З малітваю дзынкнуць чатыры ключы —
Сант-інквізіцыя…
Таемныя маскі і сьвет ліхтароў,
І складзены вусны ў гімне…
А заўтра на полымя боскіх кастроў
Пацягнуць ў Мадрыдзе, у Рыме…
— У славу Марыі, у славу Хрыста,
У вечную боскую памяць!…
Трагічныя бляскі жывога кастра
Зямлю і стагодзьдзі заплямяць.
Тут Гуса запаляць, Джардано Бруно,
Тут сотня жанчын спапялее…
Тут згасне, згарыць за варожай сьцяной
Вялікі уздым Галілея.
Жыцьцё на стагодзьдзі павернуць назад,
Асудзяць народы, краіны
На чорны застой, на глухі заняпад,
На аўто-да-фэ, на загіны…
Тут розум зьняволяць і возьмуць ў палон,
Зальлюць непавіннаю кроўю,
І кроўю запішуць ў гісторыю дзён —
"Сярэднявякоўе"…
Тут пройдуць вялікія папы чаргой,
З распустай пад чорнай сутанай…
Пральлюць акіянам рабочую кроў
Фашысты ля сцен Вацікану.
У гэтых жа масках на зьдзекі, на гвалт
Людзей павядуць ў камяніцы…
Апоўначы прыдзе ў рабочы квартал
Фашыо-інквізіцыя…
Задушаць за той жа варожай сьцяной
Парывы, узьлёты паўстаньня
І ноч кардыналам паўстане ізноў
У чорнай манашай сутане.
І пройдзе, як шпег праз рабочы квартал,
Прасочыць… Наскочыць нястрымна…
А заўтра пацягнуць на зьдзекі, на гвалт
Ў Мадрыдзе, Вэнэцыі, ў Рыме…

(1930)

***
Празвінеў званок, — і на пероне
Ужо растаў бялява-пухкі дым…
Праз прастораў звонкія парогі
Мы шточас шыбчэй-шыбчэй імчым.

Я вакенца ў золкасць адчыняю,
Папяроса пыхае, трымціць…
За вакном — прыгожая нязнанасць,
Кругабегі рэйкавых пуцін.

Паравоз стучыць-грыміць па шпалах,
Па загонах распусціўшы чад…
Струнных думак звонкія цымбалы
Не спяшаюць тонны ні на час.

Я гляджу — бягуць насустрач далі.
На загонах раніца імжыць…
У істоце нечага не стала,
Не хапае нечага ў душы.

Груст апаў, фарботай задумлёны,
І вішнёвы смутак без пары…
Ці за тым, што ў песенных загонах
Я пакінуў вёскі ля зары…

Паравоз грыміць і ўторыць думкам
І ў разгоне раду хоча даць.
— З-за прыгожых, песенных лятункаў
Хіба варта, хлопча, груставаць?..

І з чыгуннай песняю ўрачыстай
Мы шточас шыбчэй-шыбчэй імчым…
І шапчу я — будзь заўсёды «чыстым,
Будзь заўжды — як вечнасць, маладым»!..

(1931)

Палундра

Аб каменне мора б'ецца,
Караблі на бухты ймчацца.
Вецер, скалы... скалы, вецер.
Ймчыцца пены белай смецце
Пацярухаю купчастай...

Сцеражэцеся, матросы,
Раззлаваных морскіх нетраў!
Паглядзеце, — альбатросы
Нізка рэюць і так злосна
Гафелі гавораць з ветрам...

Налятае шквал і разам
Грудзі ветразям зрывае...
Б'е ў бераг пенным пасам,
Падымае хваляў масы
І рагоча, і гуляе...

Зачарованы разбегам
Ветраў, хваляў белакудрых,
Шумна ў мора ймкнецца бераг
І крычыць у пене шэрай
Хрыплым голасам: "Палундра!.."

Аб каменне мора б'ецца,
Залівае валам плёсы...
Вецер, скалы... скалы, вецер...
Ймчыцца белай пены смецце...
Сцеражыцеся, матросы!!!

(1929)

Радыёстанцыя

З цемры крохкіх начэй
Да гары
Пнуцца дубальты мачт белазорых.
Чым палаюць ярчэй
Ліхтары —
Ноч цямней і туманней высокія зоры.

Калі горад прыпаў
Да зямлі
У курчах сноў, важкіх мар і кашмараў,
Покуль сон не прапаў,
Да зары
Вартаваць будуць стромкія мачты і хмары.

Покуль стрэлак вусы
На другой
Не палягуць кароткім ценем, —
Будуць мчаць галасы
Над дрыгвой
Трапяткога эфіру ў жывым дрыгаценні.

Ноч заносіць руку...
Цішынёй
Ловіць гукі, хавае і глушыць...
Але ў кожным кутку
За сцяной
Ё старожкі навушнік і чуткія вушы.

І з эфірнай дрыгвы,
Праз краі
Праімчаўшыся атамным ценем,
Будзе голас жывы
Да крыві
Біцца ў тонкія струны вясковай антэны.

І калі закрычаць
Захачу
Я народжаным вершам эфіру —
У прызначаны час
Прыхаджу
Гаварыць з мікрафонам нервова і шчыра.

Паслухайце, строгі дыктар,
Я вас на час замяню...
Вецер гудзе, адыхтар,
Як песню пяе маю.

Прашу я вас, не завеце
Чым-небудзь такім цяпер...
Скажэце: паэт савецкі
Чытае свой новы верш.

Падайце ток мікрафону,
Каб чулі ўсе-ўсе...
Сачэце за мовай, тонам,
Нябесны канферансье!..

Адлічвае хвілі млява
Гадзінніку чоткі звон.
Ад роспачных слоў /бялявы/
курчыцца мікрафон.

Над дахам гудуць антэны,
Ў мядзяныя струны б'юць.
Там слоў маіх палкіх цені
Зрываюцца ў даль і муць.

Да Прагі, Берліну і далей
Слова маё імчыць.
Свідруюць радыёхвалі
Немасць глухой начы.

Стракаты, разаспаны звер
У зорных зморшчках і струпкох, —
Эўропа слухае мой верш,
Разлёгшыся ў матэрыкох.

Суровы бізнэсмэн-банкір,
Прыйшоўшы са сваіх кантор,
Узмахам ленае рукі
Спускае столкі шчыльных штор.

Нагамі ўпёршыся ў дыван,
Сухі, крамяны і сівы,
Ён з рупару, як з клеткі льва,
Мой голас выпусціў жывы.

Шматлікіх хваль электраплынь
Перапыніў у спліне ён.
Ён грэбліва мінуў Берлін
І вежы Эйфелевай звон.

І, як пакой напоўніў спеў
Расквечаных прасценкаў між,
Ён нечакана пабялеў,
Як не бялеў ад краху бірж.

За кроў з-пад Гангу, з Самалі,
За Бэнарэсу дзікі крык,
За пот з Цэйлонскае зямлі,
За цяжкі хрып шанхайскіх рыкш,
За крэсы, край мой, над якім
Ён звіў вянок хаўтурных дзён, —
За ўсё ў той час нутром сваім
Пачуў ён цяжкі мой праклён.

За ўсё-за ўсё, што ён зрабіў,
Што ён наважваўся зрабіць —
Мной помсты дзень абвешчан быў,
Дзень грознай помсты, барацьбы.

А ноч ішла, як брудны звер
У зорных зморшчках і струпкох...
Эўропа слухала мой верш,
Разлёгшыся ў матэрыкох.

(1932)

"Эўропа слухае мой верш, разлёгшыся ў мацерыкох"

Змітрок Астапенка
Крысціна Бандурына