Публікацыі Сяргея Астрэйкі ў часопісе "Taubin":

Сяргей Астрэйка

Сяргей Астрэйка нарадзіўся 26 чэрвеня 1912 года ў вёсцы Каласоўшчына на Случчыне (цяпер Капыльскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. Скончыў сямігодку ў Капылі і Мінскі педтэхнікум, дзе адным з галоўных здабыткаў стала сяброўства з Лукашом Калюгам. Яшчэ будучы ў сямігодцы, пачаў пісаць вершы, некаторыя з якіх спадабаліся яго земляку Цішку Гартнаму — і той стаў апекавацца маладым талентам. З лёгкай рукі Гартнага 16-гадовы Астрэйка друкаваўся ў "Чырвонай змене", "Полымі" і "Чырвонай Беларусі".

Пасля заканчэння педтэхнікума ў 1930 г. Сяргей Астрэйка працаваў літаратурным рэдактарам у выданнях Беларускага навукова-даследчага інстытута прамысловасці, а з 1932 г. — у слоўнікавай камісіі Інстытута мовазнаўства Беларускай акадэміі навук. Адначасова спрабаваў займацца перакладамі з рускай мовы і пісаць крытычныя артыкулы, адзін з якіх — "Нядбайліцы і бракаробы на моўным фронце" — меў шырокі розгалас. Паэт паслядоўна выступаў за чысціню беларускай мовы і супраць русізмаў, няўдалых граматычных форм і калькаванняў. Балазе, яго прыроджаная жывая і багатая на дыялектызмы мова давала яму на гэта права.

1932 год яшчэ дазваляў такія вольнасці. Яшчэ можна было думаць пра нацыянальны ўздым, моўнае адраджэнне, захаванне народных традыцый. Сумнавядомая рэформа правапісу 1933 г. паставіла крыж на памкненнях Астрэйкі, а следам за ёю пайшлі і гучныя "нацдэмаўскія" справы, адна з якіх адняла жыццё ў "літаратурнага хроснага" паэта — Цішкі Гартнага, а другая — і ў яго самога.

За дзевяць гадоў творчасці Сяргей Астрэйка паспеў напісаць некалькі выбітных твораў, але ўласных кніг пры жыцці, на жаль, не меў. Яго паэму "Бенгалія", напісаную да прыезду Рабіндраната Тагора ў Мінск, ухваліў Янка Купала, які меў магчымасць заслухаць яе ў выкананні аўтара. Некаторыя крытыкі праглядалі ў паэме паралелі з савецкай Беларуссю і таму лічылі паэму "контррэвалюцыйнай". Да нядаўняга часу "Бенгалія" лічылася цалкам страчанай, але ў 2018 г. была знойдзена яе частка ў прыватным сямейным архіве паэткі і перакладчыцы Галіны Гайлевіч.

Другая паэма Астрэйкі, "Змарагды кроз", выйшла асобнай кнігай спачатку ў 1990 г., а сёлета яе перавыдала выдавецтва "Галіяфы". Калі б не сакавітая мова паэмы і закладзеныя глыбока ў падтэкст аўтарскія перажыванні — і захапленне невядомай, але прыцягальнай будучыняй, і страх за страчаную мінуўшчыну, за нейкую глебу, на якой трымаецца ўсё вакол, — гэта быў бы нічым не вызначальны экзэмпляр ударнага сацрэалізму. Але менавіта індывідуальнасць паэта, яго ўнікальнае адчуванне мовы і часу робіць гэты твор адметным, яркім, запамінальным.

У 1933 г. Сяргей Астрэйка па беспадстаўных абвінавачаннях ва "ўдзеле ў контррэвалюцыйнай арганізацыі" быў арыштаваны і разам з Лукашом Калюгам адпраўлены ў ссылку ў г. Ірбіт Свярдоўскай вобласці. Там ён працаваў бухгалтарам на Ірбіцкім падшыпнікавым заводзе, а ў вольны час перакладаў на беларускую мову Аляксандра Пушкіна.

Паўторна быў арыштаваны 14 жніўня 1937 г., а 13 верасня 25-гадовы паэт быў прысуджаны да смяротнага пакарання. 14 верасня 1937 г. прысуд быў прыведзены ў выкананне.

Рэабілітаваны ў 1956 г. Архіў яго творчасці згарэў падчас вайны, да нас дайшлі толькі тыя вершы, што друкаваліся ў газетах, і дзве паэмы — "Бенгалія" і "Змарагды кроз".