Крысціна Бандурына
Бяжыць цішыня

Рэдка можна дакладна растлумачыць, што нас чапляе ў тым ці іншым паэце — акрамя глыбіні, канешне, і блізкага досведу. Яшчэ некалькі гадоў таму, чытаючы вершы Сяргея Астрэйкі, я магла захапляцца чароўнай, магічнай мовай, якая ўжо сама па сабе — паэзія, без уліку таго, што схавана за словамі.

Сёння я — ды й мы ўсе — як ніколі блізка да страшных радкоў "Смарагдаў кроз" і "Бенгаліі". І ўжо не трэба хавацца за экзатычнымі назвамі і выдуманымі героямі, каб назваць рэчы сваімі імёнамі. Ад таго яшчэ больш вусцішна чытаць "Звар’яваўшыся, маці зрынаецца ніцам / На змарагды крыві, што на бруку засхлі" і "Нашым дзеям сьмяротны прышоў рачанец". Толькі паэт можа быць такім бязлітасным да самога сябе — ні на градус не змяншаючы жорсткасці выраку. Толькі паэт, у лепшыя часы якога "сьмяюцца стрэхі / У пырсках сонечнай красы...", з такой жа дакладнасцю кожнага адцення эмоцыі цвёрдай рукой можа напісаць: "Больш ніколі ня ўбачым трывожнай зары / (Нас, пахілых, нядэшлых, зямлёй занясе)".

У свае 25 я дакладна не пісала нічога падобнага. У свае 25 Сяргей Астрэйка, сам таго не ведаючы, але, верагодна, прадчуваючы, пісаў сабе эпітафіі. Я моўчкі схіляю галаву перад гэтым талентам пранізлівасці, захапляюся смеласцю шчырасці і вялікім сэрцам, якое — мяркуючы па вершах і паэмах, — адчувала прыгажосць і смутак як мала хто ўмее.

Крысціна Бандурына



* * *
Вясна… І сінія завеі
Ў прасторах жытніх — веснавых…
Сягоньня нівы пунсавеюць
Агнём вішнёвае зары.
Шумяць асмуглыя каліны,
Гавораць тайну над ракой.
Мая блакітная краіна
Іскрыцца сінім васільком.
Які прастор! Цьвітуць паляны,
Маўчаць за рэчкаю лугі.
І вёска ў наквеці вясьнянай
Кіпучай радасьцю бурліць!..
Бурліць яна: сьмяюцца стрэхі
У пырсках сонечнай красы…
А конь жалезны будзіць рэхам
Ў палёх сягоньня каласы.
Таму сягоньня зьнікла гора
Ў прасторах жытніх, дарагіх.
Эх вы, грачнёвыя прасторы
І аксамітныя лугі!

[1928]


Урывак з паэмы “Бенгалія”

Нахапіўся от вечар ды шорхне самота,
Пазалатваны змрокам адчаю сьляды.
У паветры дайходзіць абскубаны лотаць.
І кабета ідзе з гладышамі вады.

Ўсе дашчэнту павеці надзей параскрыты,
І развагу дратуе блуканьняў суток.
Можа лепей было б, каб цяпер Сузарыта
Не кранала хадою састояны змрок.

А калі б спадцішка дзе і бразнулі косьці,
Дык заенчыла б ноч, увабраўшы жуду.
Выбіванка трывогі заўсёды замосьціць
Праварыны згурашчаных, збэшчаных дум.

Пэўна, матчына сэрца зайшлося б дазваньня,
Атрусаючы ўсьцяж спадзяваньняў ірдзень.
Павыросталі б дзіды жуды на майдане
Абязьвечаных кроз, зругаваных надзей.

Але жах неўспадзеўкі ўядаецца ў вочы,
Галавою шпурляе ў нязрушаны мур…
Мітусьня у крыві сваё крыльле намочыць,
Покуль прыйдзе спакой утаймованых бур.

Як падсечаны клён, як страла бліскавіцы,
Як пранізаны сконам апошні усхліп,
Звар’яваўшыся, маці зрынаецца ніцам
На змарагды крыві, што на бруку засхлі.

Апярэшчаны крык устрасае паветра,
Б’ецца водгульле дзіка аб сьцены, слупы.
Гладышы й цішыня пашчапаны упэтрах,
Ды глытае ваду раскатурханы пыл.

Пакрамсаныя рукі ўзьнімаюць гарліва
Падаткой галавы аскабалак і цень.
Ператрушчанай музыкай крохкіх узьвіваў
Адгукаецца жмук абыякіх касьцей.

(З аднэй пары вачэй прагавітым пажарам
Вугалёў на падпалку напэўна было б.)
Груганы, пралятаючы, струджана мараць,
Як застроміць дзюбы пад суцішаны лоб.


Урыўкі з паэмы “Смарагды кроз”

.........................
Чаму дагарэлі тады каганцы,
Як змрочных дарогаў сышліся канцы?..

Крадзецца у сэрца трывогі вястун,
Уцеху патрушчыў у пыл, на жарству.

У грудзях знябытых азглелая мгла,
I роспач тупая нахрапна ўвайшла.

Маё бажаволле, што песціў гадамі,
ўхапілі вятры разбіваць па аддалях.

У вочах туман, мітуслівісты іней,
Праходзяць смяротныя мерна хвіліны.

Ўганяюць у сэрца асінавы кол,
I туліцца цемра ў пагрозе наўкол.

Адштырыць хачу звар’яваныя здані,
На смерць захлынаецца ў горле рыданне.

Ачэрнены клён пазірае ў акно,
А болей нічога нідзе не відно.

Даўно ж дагарэлі усе каганцы!..
Па хаце вандруюць надзеяў жанцы.

Прыдушаны смех і зяркатыя вочы.
Жыўцом дарагое глынуць, мусіць, хочуць.

Нічым іх, агідных, няможна суняць...
Пудліва праз хату бяжыць цішыня.

...........................
Перайшоў нейкі шорах праз поле й кусты.
Дзындра гукаў ня моўкне, надрыўна шасьціць.
Шмат каму давялося ў стагодзьдзях застыць,
Не дайшоўшы туды, куды клікаў сусьціг.

Перайшоў нейкі шорах праз поле й кусты.
З пуду ў далеч пабег звар’яваны спакой.
Нехта нашых надзеяў паворсіў прасты
І саміх нас крануўся магутнай рукой.

Наплывае адчай, і зыбаецца сум
Павуціннаю кволасьцю баб’яга лета.
Нас халодныя ветры латошаць, трасуць.
У тумане прапалі імклівыя мэты.

Наплывае адчай, і зыбаецца сум.
Крыльляў порсткіх ніяк не узьняць. Парахня
Пераела нутро, збузавала красу.
Не адходзіць ад нас ні на крок цішыня.

Нашым дзеям сьмяротны прышоў рачанец,
Дзіды часу навылет пратнулі нутро.
Воблік наш гартаваны ў гадох учарнеў
Ад туманнай імжакі і зыркіх вятроў.

Нашым дзеям сьмяротны прышоў рачанец.
Нас адкінулі шуфлем у згоніны веку,
Як сьвятлом каганцовым жыцьцё мільгане,
Прыляціць мо рыданьне аднекуль?

Больш ніколі ня ўбачым трывожнай зары,
Палахлівых кастроў прыгуменнай рабіны.
Наш апошні, з грудзей анямелых, узрыд
Па жыцьці засумуе і ў далях загіне.

Больш ніколі ня ўбачым трывожнай зары
(Нас, пахілых, нядэшлых, зямлёй занясе).
І бяз нас будуць зь ветрам аўсы гаварыць,
І начамі купацца ў квяцістай расе.

Шмат гадоў перажыта, загашана дум,
Няўпынёных узьлётаў разьвеяна ў полі.
Так напісана, мусіць, было на раду…
То спрунжынавы росхін трагічнае долі…

Шмат гадоў перажыта, загашана дум…
Ўсё бліжэюць магілы халоднай абрысы.
Разьвітаньне усім, што за намі ідуць,
Чые сэрцы гараць, як разьдзьмуханы прысак!

Сяргей Астрэйка