Міхась Багун
(09.11.1908, Мінск — 17.02.1938)

Сапраўднае імя — Міхаіл Фёдаравіч Блошкін. Беларускі паэт, празаік, перакладчык.

Пасля заканчэння настаўніцкіх курсаў пры Белпедтэхнікуме імя Ігнатоўскага настаўнічаў у в. Рожна на Бягомльшчыне. На пачатку 1930-х перабраўся ў Полацк, дзе працаваў журналістам "Чырвонай Полаччыны", потым вярнуўся ў Мінск, быў стыльрэдактарам Белдзяржвыдавецтва, у 1935-1936 гг. — літсупрацоўнікам газеты "Літаратура і мастацтва".

Арыштаваны 4 лістапада 1936 года, прысуджаны да 8 гадоў пазбаўлення волі. Знясілены і хворы памёр у перасыльным лагерным пункце. Рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР 29 снежня 1954 года. Месца пахавання невядомае. У Гродне, на Праваслаўных могілках (паблізу Фарных каталіцкіх могілак) на магіле яго маці, Веры Блошкінай, устаноўлены кенатаф з партрэтам паэта.

Меў некалькі зборнікаў паэзіі ("Рэха бур", 1931; "Рэвалюцыі", 1932), паэм "Крокі ў вяках" (1930), "Канчыта з-пад Таледа" (1936). Пісаў апавяданні для дзяцей ("Жэнька", 1934).

Пераклаў на беларускую мову раманы М. Астроўскага "Як гартавалася сталь" (1936), Л. Первамайскага "Ваколіцы" (1931, са Зм. Астапенкам), Ф. Панфёрава "Брускі" (1932, з Т. Кляшторным), вершы А. С. Пушкіна, У. Маякоўскага, Э. Багрыцкага і інш.

Некаторыя вершы Багуна, пакладзеныя на музыку, увайшлі ў фальклорныя запісы.

Публікацыі Міхася Багуна ў часопісе "Taubin":