Міхась Чарот
(07.11.1896 — 29.10.1937)

Сапраўднае імя — Міхаіл Сымонавіч Кудзелька.

Беларускі паэт, драматург, празаік, рэдактар, грамадскі дзеяч. Нарадзіўся ў гарадскім пасёлку Рудзенск пад Мінскам у сялянскай сям'і. Дзед быў ткачом пры панскім двары — адсюль прозвішча Кудзелька (ад "кудзеля").

Да рэвалюцыі скончыў Цітвянскае пачатковае вучылішча і Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. Пісаць пачаў у трынаццаць гадоў, а псеўданім з'явіўся, калі выпускнік семінарыі Міхась быў мабілізаваны ў царскую армію і служыў афіцэрам запаснога палка ў горадзе Кузнецку.

Падчас Грамадзянскай вайны і інтэрвенцыі ўсталяваў сувязь з падпольнымі рэвалюцыйнымі арганізацыямі на Беларусі і займаўся арганізацыяй паўстанцкіх атрадаў. Быў адным з арганізатараў Беларускай камуністычнай арганізацыі падчас польскай акупацыі.

Працаваў у газеце "Савецкая Беларусь", а ў 1925-1929 гадах быў яе рэдактарам. Член Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП), літаратурных аб’яднанняў "Маладняк" і "Полымя", у 1924-1931 гадах член ЦВК БССР. Сумесна з Ю. Тарычам паводле аповесці "Свінапас" стварыў сцэнарый першага беларускага мастацкага фільма "Лясная быль" (1926).

Прысвяціў арыштаваным па справе "Саюза вызвалення Беларусі" верш "Суровы прыгавор падпісваю першым…" (1930), у якім асуджаў іх за "нацдэмаўшчыну". У студзені 1937 года быў арыштаваны сам. У турме Чарот дзяліў адну камеру з паэтам Юркам Лявонам. У суседніх камерах сядзелі паэты Мікола Хведаровіч, Янка Нёманскі, Янка Туміловіч і Масей Сяднёў. Апошні свой верш ("Прысяга") запісаў на сцяне мінскай унутранай турмы НКУС

Расстраляны ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года. Рэабілітаваны калегіяй Вярхоўнага суда СССР 8 снежня 1956 года.

Аўтар трох зборнікаў вершаў, 6 паэм і аднаго зборніка паэм, пры жыцці меў выданне выбраных вершаў і паэм, а таксама збор твораў у 3-х тамах. Напісаў адзін зборнік апавяданняў, 4 п'есы і адну музычную драму.

Публікацыі Міхася Чарота ў часопісе "Taubin":