Калі я паглыбляюся ў гісторыі рэпрэсаваных літаратараў, чытаю іх творы, ува мне кожны раз памірае часцінка душы. Гляджу старыя фотаздымкі і думаю: ці ўяўлялі яны, як скончыцца іх жыццё? ЦІ разумелі, пішучы чарговы твор, што ўвойдуць у гісторыю? Я не ведаю. Я ведаю толькі тое, што напісана пра іх у кнігах. І ў многіх творцаў, жыццё якіх перарвалася несправядліва рана, насычанасць кароткага жыцця, згодна са звесткамі пра іх, была вельмі вялікая. Быццам яны стараліся паспець зрабіць як мага болей, адчуць смак жыцця, хутчэй спасцігнуць і скарыць новае…

Міхась Чарот быў з такіх — шматгранным талентам — ён пісаў вершы, прозу, п’есы, спяваў у хоры, займаўся тэатрам, паводле яго аповесці быў створаны першы беларускі фільм… Пры гэтым ён працаваў рэдактарам газеты "Савецкая Беларусь", кансультантам па рабоце з маладымі аўтарамі ў Дзяржаўным выдавецтве БССР, быў адным са стваральнікаў і кіраўніком літаб'яднання "Мададняк" (з 1923 года) і членам ЦВК БССР. Яго біяграфія ўражвае. Калі я першы раз яе прачытала, падумала: "І гэта ўсё — адзін чалавек?!" І можна бясконца доўга разважаць, што б яшчэ зрабіў Міхась Чарот, як бы склалася ягонае жыццё, калі б яго не расстралялі. Але мы маем тое, што маем. Дакладней, маем тое, чаго не маем. Засталіся літары на паперы і на экране. Хаця б яны.

Дар’я Бялькевіч


ЖЫВЫЯ АКОРДЫ

Спакойна спі, пясняр, далёка на чужыне…
Нашто пакінуў край, які быў сэрцу міл?
Ці, можа, ты хацеў, каб на палёх краіны
Стаяла менш крыжоў і менш было магіл?

Кахаў ты родны край, дзе цемра, здзек пануе;
З народам плакаў ты, як лепшы яго сын…
Цяпер ты замаўчаў… А ўсё ж акорды чуе
Гаротны люд… Не змоўк іх дзіўны гімн.

Ў акордах чуюцца ўсё сумныя напевы;
Адбітак тваіх дум — у іх можна ўгадаць,
Шмат жальбы ў іх чуваць, і радасці, і гневу.
I звоны ланцугоў нявольніка чуваць.

Ты спевам разбудзіў народ свой напрадвесні,
Якому на алтар свой дыямент прынёс…
Яшчэ акорд не змоўк тваёй прыгожай песні,
Хоць струны абарваў жыцця паганы лёс.

Лье слёзы па табе народ і гай, і поле,
I вераць у прамень, які ты ўсім паслаў…
Акорды будуць жыць — твой дар, паэт, — на волі,
А з імі будзе жыць, хто плакаў і стагнаў…

1920


СЕНАЖАЦІ І ПОЛЕ АСНЕЖАНЫ

Сенажаці і поле аснежаны,
Рэкі высланы гладкім памостам.
Воўк з гушчару дарогай няезджанай
Бяжыць к вёсцы няпрошаным госцем.

Лес у шлюбным адзенні, а хмурыцца,
Не вітае ён песнямі рання…
А у вёсках завеяны вуліцы,
Ў мяккіх гурбах купаюцца сані.

Сівалапы гуляе пад вокнамі,
Пазірае хаціне у вочы,
Толькі ў поўдзень часамі замоўкне ён,
А як вечар — у шыбы стукоча.

Дзеці пальцамі шыбы з узорамі
Размалёўваюць, тулячы плечы.
Згорнуць ў жменю сняжыначкі-зоры
I бягуць пасмактаць у запеччы.

Ноччу печ заспявае ім комінам,
Сон салодкі ў пасцелі ім сніцца,
Што ў садку яны з крыкам і гоманам
На сіле ловяць гуртам сініцу.

1922

РАЗБУДЖАНАЯ

Беларусь,
Захутаная ў вопратку туману,
Пакорная і здзеку, і прымусу,
Удаль пайшла к няведамаму стану,
                  Як дзён мінулых здань.

А тут жыве крывёю вымытае цела —
Працоўных Беларусі… I цяпер
Мы ў вопратку прыгожую яе адзелі…
Не сну ўчарашняму, а праўдзе сёння вер…
                  Калі прачнуўся — глянь!

Раскутая,
Імкнецца ўдаль… назад не пазірае
Усё змогшая магутная,
Працуе на зямлі над пабудовай раю…
                  Жыцця змывае бруд.

І ставіць новыя на межах маякі,
Старанна ўвысь вядзе працоўныя палацы…
І вольна жывучы, мінулыя вякі
Дзянніцай знішчаны і болей не прысняцца…
                   На Беларусі тут!

1928

ПРЫПЯЦЬ

Там, дзе сонца агнёвымі крыллямі
Хоча слёзы балота выпіць,
Шэпча хвалямі ціха гуллівымі
Чараўніца —
Прыгожая Прыпяць.

Зачарованы…
Чую, штось мудрае —
Мне гамоняць ўсплёскі ракі…
Я плыву…
Неба сінь… Зелень кудрая…
Берагі з вербалоз ды ракіт.

Як прыгожа!..
Ды толькі па лесе
Стогнуць цяжка сталеткі-дубы…
Ой, радзімае наша Палессе,
Хараство тваё хто загубіў?..

Чую сказ:
Дрэвам жаляцца хвалі,
Што з няволі бягуць —
З пазамежаў…
Ой, не раз дрэвы з ветрам паслалі
Свой паклон
У гушчар Белавежы…

Ну, а хвалям
Назад не пабегчы,
Каб сказаць,
Што жывецца тут люба…
Заўтра іх у вішнёвы вечар
На Ўкраіне Дняпро прыгалубіць.

Ой, Дняпро!
Хлапец сінябровы!
Буду я аб тым, што і ты, пець…
Бо кахаеш ты нашы дубровы
I яе —
Сіня-русую Прыпяць.

Ой, як моцна абнімуцца й шчыра
У краіне прыгожай, блакітнай…
Шлях, што далей —
Шырай і шырай
У стэповых прасторах раскінуты.

Ой, Дняпро!
Прыгалубі, мілы,
Сіня-русую дзеўчыну Прыпяць,
Хутчэй сонца
Агнёвымі крыллямі
Зможа слёзы балота выпіць.

Я плыву…
I плывуць летуценні…
Іх ніхто не пасмее стрымаць…
Рэчкі твар
Цалавалі цені,
Як дзіцятка цалуе маці.

А дубы
Шапацелі нясмела,
Нібы слухалі мудрае веча…
Па-над рэчкай
Туманам белым
Спаць лажыўся
Ружовы вечар.

Толькі хвалямі,
Хвіля за хвіляй,
Калыхала пяшчотна Прыпяць…
Там —
Дзе сонца агнёвымі крыллямі
Хоча слёзы балота выпіць.

1926


***
Заціхла бура, і сонца гляне
Над родным краем балот і ніў,
К жыццю наш вольны край паўстане
І свету скажа, што ён шчэ жыў.

Няхай і стогне, няхай і плача,
Слязьмі хай мые падзелаў след.
Як моцным стане — у бой паскача
І крыўду скажа на цэлы свет.

Няхай рагочуць, няхай не вераць,
Што ты, магутны, усіх змяцеш…
Мужык працоўны сам будзе мераць
Сваю зямельку ад меж да меж.

Паўстань жа дружна за нівы, хаты,
За зліты кроўю і потам шнур…
Арлы мо згінуць, але арляты
Збудуюць моцны краіне мур.

1922

ПЕСНЯ БЕЛАРУСА

Не асенні вецер ў гаі
       Вые-завывае,
Беларус аб родным краі
       Жаласна спявае.
Ў кожнай песні ён ад сэрца
       Праклінае долю,
Жыць не хоча ў паняверцы —
       Рвецца ён на волю.
Няхай ў песні жальбу чуюць
       Аб нашай нядолі,
Можа, прыйдуць, пашкадуюць,
       Дадуць хлеба, солі…
Эх, не трэба нам ахвяры,
       Прасіць вас не будзем,
Вось як знікнуць гэты хмары,
       Самі ўсё здабудзем.
Знікнуць хмары, сонца ўзыдзе
       І над нашым краем,
Грамадою тады выйдзем,
       Песню заспяваем.
Каб пачулі лес і поле
       І памаглі пеці,
Што жывуць ужо на волі
       Роднай зямлі дзеці.
А цяпер не плач дарэмна,
       Беларус, мой браце,
Хоць і кпяць з цябе нікчэмна
       Ў тваёй нават хаце.
Хутка прыйдзе час-гадзіна, —
       Вораг кіне кіпці:
Яму будзе дамавіна,
       А мы будзем жыці.

1919

СВЕТЛАЯ НОЧ

                  Пасвячаю Г. С.

Пад дзіўную казку кахання
Закрыла ты чорныя вочы…
Я бачу грудзей калыханне
У змроку чаруючай ночы.

Я чую, як сэрца пужліва
Стукоча, шукаючы волі…
З табою цяпер я шчаслівы,
Шчаслівы цяпер, як ніколі.

"Кахаю…" — праз сон ты шаптала…
К табе я свой твар прыхіляю.
Хачу, каб у сне ты спазнала,
Што я цябе шчыра кахаю…

Шапчу я: "Дзяўчынка кахана,
У сне хоць пабач свае мары,
Бо заўтра, праснуўшыся рана,
Зноў сонца затуляць нам хмары…"

1919

НА МОГІЛКАХ

                     Ахвярую А…

Спявай мне, дзяўчынка, пра кветкі, пра гай,
Пра лепшыя дні, пра вясну,
Пра наша каханне, галубка, спявай —
Пад ціхі твой спеў я засну.

Ці помніш спатканне, нясмелы пагляд…
Нам зорка там з неба упала,
Там месячык ясны ўзіраўся на сад,
Ты думкі мае ўгадала.

І песню пачуў я, ты пела тады,
А гукі нясліся далёка,
Той песні вясенняй засталісь сляды,
У сэрца запалі глыбока.

Гады праляцелі… Нібы неўзначай
Мы разам спаткалі вясну…
Дык зноў тую песню, дзяўчынка, спявай, —
Пад ціхі твой спеў я засну…

1920

***
Я не чакаў
І не гадаў,
Бо жыў з адкрытаю душою,
Што стрэне лютая бяда,
Падружыць з допытам,
З турмою.

Прадажных здрайцаў ліхвяры
Мяне заціснулі за краты.
Я прысягаю вам, сябры,
Мае палі,
Мае бары, —
Кажу вам — я не вінаваты!

1937
У вопратцы туману
Міхась Чарот
Дар'я Бялькевіч