Ізі Харык
Беларускі габрэйскі ідышамоўны паэт Ізі Харык (ці Ісак Давыдавіч Харык) нарадзіўся 6 сакавіка 1896 году, паводле іншых крыніцаў, 17 сакавіка 1898 году, у мястэчку Зембін Барысаўскага павета Мінскай губерні (цяпер Барысаўскі раён Мінскай вобласці).

У 1919 годзе добраахвотна ўступіў у Чырвоную армію, удзельнічаў у грамадзянскай вайне ў Расіі. У 1916—1923 гадах — сябар арганізацыі "Паалей-Цыён". У другой палове 1920-х гадоў уступіў у ВКП(б).

Літаратурную дзейнасць пачаў у 1920 публікацыямі ў габрэйскіх газетах. У 1921—1923 вучыўся ў Вышэйшым літаратурным інстытуце імя В. Брусава ў Маскве. У 1922 годзе ў Мінску выйшла яго першая кніга вершаў "Трапятанне". З 1925 друкаваўся ў габрэйскiм часопісе "Штэрн". У 1927 скончыў габрэйскае аддзяленне педагагічнага факультэта 2-га Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1928 пачалі з’яўляцца пераклады вершаў Харыка на беларускую мову. Пераехаў у Мінск, працаваў рэдактарам часопіса "Штэрн". Сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1934 году. Да 1936 году ў Мінску, Маскве і Кіеве выйшла 13 яго кніг на ідышы. З пачатку 1930-х гадоў выступаў з артыкуламі і нарысамі таксама ў беларускамоўных выданнях. Перакладаў на ідыш творы Я. Коласа, М. Чарота. Чалец-карэспандэнт Беларускай АН з 1936 году. Адзін з аўтараў "Пісьма беларускага народа вялікаму Сталіну" (1936). Вершы Харыка "Над Бярозай" і "Хлеб" былі пакладзеныя на музыку С. Палонскім.

Харык быў арыштаваны ў Мінску ў Доме спецыялістаў і прысуджаны пазасудовым органам НКВД 28 кастрычніка 1937 як "сябра трацкісцка-зіноўеўскай арганізацыі" да найвышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Прысуд быў выкананы 29 лістапада 1937 году ў турме НКВД. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 13 чэрвеня 1956. Асабістая справа № 6870-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Біяграфія ўзятая з сайта prajdzisvet.org.

Публікацыі Ізі Харыка ў часопісе "Taubin":