Адна з найважнейшых і найвядомейшых нямецкамоўных паэтак XX стагоддзя, праз габрэйскае паходжанне практычна ўсё жыццё правяла ў эміграцыі.

Першы раз, яшчэ дзіцём, пазбягаючы пагромаў, яна разам з сям’ёй была вымушана пераехаць з Хшанава (горад на поўдні сучаснай Польшчы) у Германію. Другі раз, у 1938 годзе, ужо выдаўшы ў Берліне першыя паэтычныя зборнікі, прызнаныя нацыстамі "шкоднымі і непажаданымі", яна эмігравала ў ЗША, а пазней у Ізраіль. Усё жыццё паэтка марыла вярнуцца ў Берлін, горад сваёй маладосці, але так і не змагла прабачыць яму боль выгнання. Туга па радзіме, цяжар эміграцыі, бязрадасная доля на чужыне ціснулі на яе да самай смерці. Новага дому яна так нідзе і не знайшла, "радзімай абраўшы любоў".

Раннія вершы Машы Калека напоўненыя абаяннем, гумарам, пяшчотай, каханнем, эратычнасцю і лёгкай іроніяй. Менавіта гэта зрабіла яе папулярнай у Берліне ў 1920-х і 1930-х гадах і дагэтуль прываблівае чытачоў, як у Германіі, так і па ўсім свеце. З пачаткам Другой сусветнай вайны яе паэзія ператварылася ў адзін з найгучнейшых нямецкіх антываенных і антыфашысцкіх галасоў у свеце, выкрываючы злачынствы і бескампрамісна заклікаючы пакараць злачынцаў: "Нас вучаць: ворагаў любіць – па-боску, Мы ж ненавідзім іх – па-чалавечы".
Маша Калека
Публікацыі Машы Калека ў часопісе "Taubin":