Уладзімір Хадыка
(03.01.1905 — 12.05.1940)

Беларускі паэт, перакладчык.

Нарадзіўся ў вёсцы Цітва Ігуменскага павета (зараз Пухавіцкі раён) у сям’і селяніна-парабка. Сям’я была шматдзетнай: дзевяць дзяцей. Звыклы да цяжкай працы, Уладзімір з 12 гадоў стаў парабкам.

Яшчэ да школы ён зацікавіўся кнігамі, а падчас навучання сабраў невялічкую бібліятэку. Скончыў Дудзіцкую пачатковую школу, а ў 1923 годзе — агульнаадукацыйныя курсы ў Мінску. Працаваў настаўнікам пачатковых класаў у вёсцы Асака Дудзіцкага сельсавета.

У 1925 годзе ўдзельнічаў у першым з’ездзе літаратурнага аб’яднання "Маладняк", сябрам якога з'яўляўся. З 1929 г. працаваў сакратаром часопіса "Полымя". Быў членам СП СССР з 1934.

У 1930-я гады жыў з літаратурнай працы, быў адным з арганізатараў нефармальнай суполкі ТАВІЗ – "Таварыства аматараў выпіць і закусіць". У 1931 годзе за ўдзел у ТАВІЗе Хадыка быў выключаны з БелАПП.

26.11.1936 года быў арыштаваны, 05.10.1937-га асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Іванаўскім і Марыінскім лагерах. Загінуў на будоўлі чыгункі каля Улан-Удэ.

Рэабілітаваны Прэзідыумам Вярхоўнага суда БССР 29.12.1954.

За сваё жыццё Хадыка паспеў выдаць толькі тры кнігі паэзіі: "Суніцы" (1926), "Выбраныя вершы" (1932), "Радасны будзень" (1935). Рыхтаваў да друку зборнік вершаў на рускай мове, але яны так і не пабачылі свет.

Пераклаў на беларускую мову апавяданні А. Чэхава, М. Горкага ("Песня пра Буравесніка", п’есы "Мяшчане", "На дне", "Чалавек", "Дачнікі", "Дзеці сонца", "Варвары” і інш.), раман К. Гарбунова "Ледалом", кніга выбраных твораў У. Бахмецьева "Людзі і рэчы", раман М. Шолахава "Ціхі Дон".

Публікацыі Уладзіміра Хадыкі ў часопісе "Taubin":