Калі чытаць вершы Уладзіміра Хадыкі ад ранніх да позніх, то на апошніх быццам не хапае паветра, быццам вялікая каменная глыба прыціскае цябе ў рэжыме slow motion. Дакладная вобразнасць, нечаканыя параўнанні, трапныя метафары — гэта ўсё прысутнічае ў вершах, і градыент атмасферы ў паэзіі паступова наліваецца цёмнымі колерамі. Паглыбляючыся ў філасафічны і элегічны свет, створаны паэтам, ты на секунду можаш забыць, які лёс напаткаў аўтара радкоў, але пасля ўсё роўна ўспамінаеш, і тым больш змрочнымі і прарочымі падаюцца табе радкі.

Здаецца, з іншага боку раскрываецца талент Уладзіміра Хадыкі, калі ён піша адказ Янку Купалу на жартоўную эпіграму “Валодзю Хадыку” (1934):

Хадыка хадыкае,
дыбае,
Сто вершаў задумністых
выбаяў…

У адказ Янку Купалу малады паэт напісаў верш “Ад сэрца”:

“Задумністых” вершаў я збаяў
За век свой ці многа, ці мала —
Аб лепшых сягоння я дбаю…
Дзень добры Вам, Янка Купала.

Ў падкопах не лыкам вы шыты
І вострае маеце джала…
Вы ж першы ў рэспубліцы крытык!
Вітаю Вас, Янка Купала!

Па-мойму, даўно ўжо вам трэба
Было б так напасці удала,
Каб высмеяць горкі мой рэбус
Ушчыпліва, Янка Купала.

Я рад зразумелым быць свету,
Дзе даль ледзяная адтала...
А што не ўдалося дагэтуль, —
Прабачце мне, Янка Купала.

Прымаю я Вашу уразу,
Што гэтак да месца прыпала…
Жадаю вясёлым з Каўказа
Прыехаць Вам, Янка Купала.

Прывезці нам смеху па мерцы
І думак, што радасць наткала,
Мы ўсе тут — ад шчырага сэрца
Чакаем Вас, Янка Купала!

Не ведаю, гэта супадзенне альбо не, у 1940 годзе выйшаў зборнік вершаў Янкі Купалы пад назвай “Ад сэрца”. Прычым, гэты зборнік — максімальная канцэнтрацыя пралетарска-патрыятычных вершаў, за якія Купала атрымаў Сталінскую прэмію. Ці была гэта дыверсія з боку Купалы? Назваць зборнік назвай верша Хадыкі, які на той час ужо быў рэпрасаваны — асуджаны на 10 год лагераў. У 1940-м Уладзімір Хадыка загінуў на каменяломні. Яму было ўсяго 35 гадоў.

Дар'я Бялькевіч


***
Вецер лётае, вецер гойсае,
Вецер ўвечары будзіць быль..
Мая дзіўная бегла босая,
Бегла босая на кадрыль.

Плот і весніцы. Хаты сонныя.
У небе досвіткі. У сэрцы рань.
Ночка бегала, як палонная,
Мітусілася, нібы здань.

Гумны шасталі, пелі вішнямі —
Спевы вабілі жыць і жыць...
Былі кволымі, былі лішнімі
Словы вострыя, як нажы.

Толькі мне тады сінь русалкаю
Усміхалася у трысці,
Толькі мне тады за заранкаю
Так хацелася ў даль брысці…

Над уцехамі і над крыўдамі
Зоры лёталі і цвілі...
Мы кахаліся, мы і кідалі,
А сустрэўшыся — зноў ішлі.

Мая дзіўная біла ножкамі
Краскі росныя і траву...
Дні разбегліся між дарожкамі,
Марам здрадзілі і жніву.

Вось затым было над балотамі,
Мусіць, гэтулькі і журбы...
Вецер гойсае, вецер лётае,
Вецер ўвечары будзіць быль.

1927


***
Прысядзем, ночка, на траве,
Прытулімся бліжэй к каліне.
Ідылія мая плыве,
Ідылія мая не гіне.

Я помню і дагэтуль твар
I вочкі ў кудзерках заспаных...
Яна была — суладдзе мар,
Яна з лілей была саткана.

Бывала так: вясна гарыць,
I сэрца, чулае ў надзвычай,
Умела ведаць, што з гары
Яго увечары пакліча.

Я многа выпалатых дум
Кідаю па бярозках рэдкіх
I (блудам выпіты) іду
К табе пагутарыць, суседка.

Мне хочацца цябе адну
Туліць цяплом вясновай былі
I ладзіць чыстую струну
Ў страі малюнкавых ідылій.

Мне хочацца, краса мая,
3 табою піць расу пялёстак,
I каб і ты была, як я, —
Непараўнанаю і простай.

1928


***
Ах, якія вятры! Каляровасць ракіт
Ля музычнай вадзілі рукі.
Ах, якія шляхі! — Па адхону зямлі
Веснавую вадзіцу лілі.

Перабегла трава па вільготным пяску
Пракувала зязюля ў ляску.
На каменьчыках звонкі прысеў ручаёк
І замоўк… А чаму ж ён замоўк?

Ад зары да зары, ад цямна да цямна
Калыхалася хмарак сцяна.
Праліваліся буйна на зелень дажджы,
І гукалі русалкі: “Пажджы!..”

Многа ў шопатах хворых бяссэнсавых дрвін.
Я стаяў паміж хвоек адзін.
Чорным вугалем мазала зорка брыво
І ківала вятрам галавой.

Ў захапленні я тварам халодным прыпаў
Да калоссяў гарачых снапа —
А шляхамі вятры і вятрамі шляхі
Пацягалі салому з страхі.

На узвышшы адным пабудованы дом.
Над узвышшам — і стрэлы і гром…
На каменьчыках звонкіх сядзіць ручаёк,
І збягае вадзіца ў лясок.

1928


***
Пад сталом злавіла кошка мыш,
Хруст касцей напоўніў морак хаты.
Неяк модна ты ў акно глядзіш,
I настрой твой выдаўся — пракляты…

Кропка гледжання была твая —
Сумаваць за садам кожны вечар.
А цяпер (ў чаргу) сумую я...
Хто ж мяне (гаротнага) палечыць?

Не хачу цябе агітаваць,
Знаеш ты, чаго мне варты мітынг.
У цябе таксама галава, —
Каго хочаш слухай і любі ты.

Да сяброў хацела — дык ідзі, —
Думаеш, шукаю я ахвяры?
I з табой ўсё роўна я адзін,
Розных душ суладдзе — толькі мары.

Пойдзеш ты, напэўна, праз раку:
Паглядзі ў люстэрак роднай плыні...
Некалі давала ты руку,
Што не здрадзіш ў нашай пуцявіне.

I тады я ведаў гэту... быль,
Я даўно слоў звонкіх знаю таннасць...
...Прашумелі ў досвітках дубы
Бедны верш пра шчырую адданасць.

У сэрцы смех тугой не апавіць
I напорнасць думак не расплёскаць.
Не затым гарэць агнём крыві
Расцвіталі раннія пялёсткі.

Не затым да зор ішлі і мы,
Каб стаяць на сходках прошлай раты...
...Пад сталом злавіла кошка мыш,
Хруст касцей напоўніў морак хаты.

1928


***
Пад сукрыстаю кволай раслінай,
Дзе ускопаны жоўты пясок,
Вецер лютаўскі поўсці аслінай
Адусюль шкуматоў навалок.

Падыходзілі збоку шакалы,
Падвывалі з балота ваўкі…
Веліч дзікая іх падупала,
Адслужылі свой тэрмін клыкі.

І пабеглі за багну ад жаху
Дзікіх мэс і свавольства цары,
Каб не бачыць апошняга шляху,
Каб не чуць негаданай пары.

І ў прамежках брыжовых адтулін,
Ў дбайнай нэндзе сваіх спасцярог, —
Аддаюць на астатнія гулі
Старадаўнюю славу бярлог.

Паблажэлі звярыныя твары,
Вочы сумам глухім заплылі…
Не гуляць ужо ім па абшары
На агнях узбунтаванай зямлі.

1931


***
Я разабраў свой дом стары,
Я папаліў гнілыя сцены,
Я тлумам сноў дагаварыў
Над прысакам настрояў тленных.

Імглу жалоб душа кляла,
Ахвярны трушчыла надгробак.
І шкода мне было сяла
І музыкі жытнёвай вобак.

Гула ў здарожаных касцях
Дня рупнасць, дзе ні заначую, —
Што больш, заціснуты ў мурах,
Я гучных вёсен не пачую.

Што не паеду на начлег
З такімі добрымі хлапцамі…
І зімы ў хлюпаце адлег
Каля жалезнай пройдуць брамы.

І вёсны ў зглушанай ганні,
І леты ў штучным бляску камня
Пераляцяць, як авадні, —
Адгугняць згвалчаным паданнем.

1931


***
Учора вецер біў у дзверы,
Злавала ноч і дождж ішоў.
Прасіў узгоркаў мокры чэрап
Бярозавых капелюшоў.

Ад прудкасці гарэлі рамы,
Хрыпелі сцены хат старых.
На варце прошлай панарамы
Цьмянеў ланцуг гарадавых.

Вітала горада прадмесце
Мудрэйшая з мудрэйшых хэнць:
За матку боскую — двадзесце,
За маршала — двадзесце пенць…

Учора смерць была, як тэма,
Як жаль, рыдалі хмызнякі.
I адцвіталі хрызантэмы,
I нараджаліся ваўкі.

Труною тхло ад панскай цноты,
Як ад радкоў плюгавых строф...
Замежным кашлем кулямётаў
Канаў расійскі Саваоф.

З ражна разбітай райскай брамы
Звісаў архангела шкілет.
I быў жывым малюнкам драмы —
Раздзёрты напал эпалет.

1932


***
Абрысы старадаўняй пушчы,
Святую смагу баек там
Нутром на попел ператрушчу,
Змяшаю з друзам папалам.

Ўскапаю дзедаўскі дрывотнік,
Па каліву перабяру...
I што не змог народ нямотны, —
Я да канца дагавару.

Праз грані дум прайду у негаць
Прыгонных продкаў, курных хат...
За ўласным ценем мне не бегаць,
Не зводзіць вершамі дзяўчат.
Залёты, што былі дагэтуль,
Пазбаўлены свайго кутка...
Прыдумаць дружыну паэту
Цяжэй, як вобраз для радка.

Не схілены на ласку, сорам
Замрэ ў ладах натхнёных струн, —
Тады ніякім загаворам
Не збыць паэзіі каўтун.

Дык лепш змагацца з невядомым,
Ісці благому насустрэч.
Я сон знайду, я буду дома,
Як спыняць рух вужакі рэк.

Зляту на сухазем’е лістам —
Ўладар начэй і дзён ўладар.
Вятры па горле галасістым
Прагоняць вір крыві і хмар.

Тады сваіх здабыткаў кайстру —
Што не дабраў, што стойваў сам, —
Я перадам другому майстру,
Другому сэрцу перадам.

1932
Дом на ўзвышшы
Уладзімір Хадыка
Дар'я Бялькевіч