Юрка Лявонны
(16(29).07.1908 — 29.10.1937)

Сапраўднае імя — Леанід Мікалаевіч Юркевіч.

Беларускі паэт. Нарадзіўся 29 ліпеня 1908 года ў горадзе Чавусы Магілёўскай губерні ў сям'і служачага.

Пасля заканчэння сямігодкі ў Чавусах вучыўся ў Магілёўскім педтэхнікуме, затым паступіў у Мінскі педагагічны інстытут, з якога быў выключаны за "распаўсюд контррэвалюцыйных вершаў", але здолеў аднавіцца і скончыць у 1934 годзе літаратурны факультэт.

Першыя публікацыі з'явіліся ў 1924 годзе. У 1930-м выйшлі зборнікі вершаў "Камсамольскія вершы" і "Штурм", у 1931-м — "Жалезныя віхуры" і "Разбег", 1932 год — "Стала і мужна". Многія вершы пакладзены на музыку.

Юрка Лявонны выступаў і як празаік. У 1931 годзе выйшаў зборнік нарысаў "Крок пяцігодкі". Разам з Сяргеем Грахоўскім пераклаў на беларускую мову раман Жуля Верна "80 000 кіламетраў пад вадай" (1937).

Працаваў у рэдакцыях газет "Магілёўскі селянін" і "Звязда", часопісе "Работніца i калгасніца Беларусі", на Беларускім радыё.

30 кастрычніка 1936 года Лявонны быў арыштаваны. 28 кастрычніка 1937 прысуджаны да расстрэлу па абвінавачанні ва ўдзеле ў "шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі". У ноч з 28 на 29 кастрычніка 1937 года расстраляны. Месца пахавання невядомае.

Рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 25 красавіка 1957 г.

Публікацыі Юркі Лявоннага ў часопісе "Taubin":