Зімовая радасць

Ёсць настроі... А ў іх — пералівы.
Ёсць часіны — здаюцца сном.
Толькі той на свеце шчаслівы,
Хто ўзімку жыве, як вясной!
Я стаю адзінокі на полі, —
Ціха сыплецца золк ў пясок...
Распрануўся вецце — і голы —
Па раллі — ў карагодны скок!..
Дуб галлё пабялелае звесіў,
І не ведаю — можа, ўва сне —
Паваліўся зялёны месік
На калені ў срэбны снег...
Вецер шэпча ліхія пагрозы —
Колькі злосці... Куды ж яе дзець?..
Прытулілі б мяне вы, марозы,
Да асмужаных беллю грудзей!..
Я раздумаў — не вылью слязамі.
За мяне — хай скрыгоча зіма...
Ой ты, замець — сівая замець, —
Прыгажэй за цябе — няма!..
(1924)

Асенняй ранню

Не дзень, не два і не гады
Ляцелі ў доўгі шэраг...
Мацнее сонечны уздым,
Бліжэй чаканы бераг.

І боль застыгшая душы
Здаецца так далёкай
І ў думках ціха так шуршыць
Някошанай асокай.

Не рвіся ж, вецер, на палёх, —
Дажджом не крыйся, просінь;
Жыццём засеяна раллё
Ў калінавую восень!..

Не крыйся шклянасцю вады,
Не мыйся, вечар, сажай, —
Туман смуглява-малады
Мне заўтра ўсё раскажа!..

Хто, сцежкі страціўшы ў гаю,
Мінуламу галосіць?..
Кудзелю песняў пра вясну
Сукаць бяруся ўвосень!..
(1926)


Не схіляюся

Не схіляюся, не плачу, не малю
Пад надрыўны стогн шкляной гітары;
Ведаю: прыходзяць на зямлю
З новай песняй — новыя ўдары.

Паўстае дзянніца з-за сяла,
Шлях асвеціць чырванню і бляскам,
І на словы, поўныя цяпла,
Ціха кіне промневую ласку.

І тады — ні ўзрыдаў тых, ні болю
Не адчуе сэрца аніколі.
Ўстане дзень — як волат-буравей!

Толькі ты не падай, не нямей:
Загуляла на зацвіўшым полі
Радасць нашых здзейсненых надзей!
(1926)


Роднае

На парозе да жыцця
Востры адчуванні.
Шолах нізкага трысця.
Залатое ранне...
У сярэбранай цішы
Расплыліся здані.
Сэрца, сэрца! Калышы
Зжытае каханне...
Ой, празрыста, быццам шкло,
На палях, над жытам...
Мала часу працякло,
Многа перажыта!
Паразбегліся гады —
Іх мне не стрымаці!
А жыве юнацкі ўздым
На зялёнай гаці...
На дубох — узоры лісця.
І далёка гай,
Дзе сказала ты калісьці:
"Пачакай!.."
Памятаю — ці ўва сне?
(Думкі не застылі) —
Церусіўся з вішань снег,
І гарэлі жылы...
"У сярэбранай цішы
Гэтак лёгкі здані...
Ты мяне закалышы
Чарамі кахання".
. . . . . . . . . . . . .
Я не помню і не знаю,
Ці было, ці не...
Толькі вецце таго гаю
Шэпча аба мне!..
(1927)

Сустрэча

Я цябе не бачыў
Гадоў восем...
Дружа мой!
Юнацтва — гэта дым.
Памятаеш?
Каля старых сосен
Эшалонамі ішлі гады...

Валрэўкам у школе...
Шмат настурцый
І ў пажарах
Жоўты небасхіл...
Каляровымі агнямі рэвалюцый
Шторм жыцця
Абодвух захапіў.

Чатырнаццаць мне...
А ты ўжо — дзядзя!
Час такі...
Не злазілі з каня,
Мне здаецца —
У адным атрадзе
Кожны з нас
Ахвяру даганяў.

І прайшоўшы
Грозныя буруны,
Жах франтоў
І бляскі навальніц,
Я настрайваю
Суцішаныя струны,
Каб уславіць
Будаўніцтва дні.

Недаверкі ёсць
І ў нашым стане, —
Хіба не мінуў
Ты іх ніяк,
Што ў тумане
Змрочнага хістання
Загубляеш зараз
Свой маяк?

Бо гаворыш
"Вера ўжо не тая...
І шляхі —
Не тыя, што раней..."
Толькі...
Як мажліва
Гэтак таяць
У трымценні
Радасных агней?!

Браце, браце!
На крыжах, магілах,
На вялізным выбуху пабед —
Ці не наша кроў
Фарты крапіла,
Да сучасся пралажыўшы след?
Ці не намі
Далі грукацелі,
Набухалі гоні
Без дражджэй?

Нам
Рэспублікі натруджаные цела
Ўсіх святынь сусвету
Даражэй!

Не выпадкам —
З бухты ды барахты —
Ў новы час
Дарогі завялі;
Ганарліва адбываем вахту
На вялікім
Нашым караблі.

Значыць — глупства!
Ўсіх клікушаў здужым.
Хай бягуць
Вагонамі гады!
. . . . . . . . . . . . . . . . .
Я даўно
Не бачыў цябе, дружа,
А юнацтва — толькі лёгкі дым...
(1927)


Распляскалася ў прасторы сонца

Распляскалася
Ў прасторы сонца.
Зелянее стромкая трава.
Ад жыцця не стану я ў старонцы,
Буду ранне шчыра вартаваць.

Будуць песні раўчакамі ліцца —
І не сядзе на суку тым жаль.
Не пахіліць лозаў вецер ніцы,
Не загіне ў просіні мяжа.

Заглядзіцца месяц сівагрылы,
Дол пакрые тонкім серабром.
Пройдзе ноч няскончаным урыўкам,
Каб схавацца ўранні за гарой.

У прасторы —
Ураган сваволіць.
Льецца з клёнаў жоўтае лісцё.
Прывітаю я жыццё і словы,
Як вітае родны брат сясцёр!..
(1927)


Крыштальнай цвеценню заружавелі далі

Крыштальнай цвеценню заружавелі далі,
І ціхі поўдзень кволы пах прынёс.
Маю краіну цемрай агарталі,
І груганы прарочылі ёй лёс...

Мая краіна светлых дзён не знала,
Яе удзел — спрадвеку боль і здзек.
Таму ў змаганні — іскарка запалу
На полымя мяняецца ў людзей!

І веру я, што не ў сівых сталеццях
Скрозь заквітнеюць ружамі сады
І злучыцца сусвету гарады.

І чалавек не будзе сніць аб леце,
Шукаючы прытулку на планеце,
Бо ўсюды лета будзе ўжо тады...
(1927)


Тая восень
(Ліст)

...Мне было ў сямнаццатым —
Сямнаццаць.
Люба босай бегаць па расе.
Зацвіталі астры
Ля палаца,
Пунсавелі астры на страсе...

Між калон,
Дзе нам з табой здалося
Дзіўна брыдкім панскае жыццё,
Кінула раз’юшаная восень
Час віхур і гневу на касцёр.

Ты, як вецер Балтыкі, суровы...
Стужкі чорныя ляцелі на фасад.
Помню я:
Ты нешта хмурыў бровы,
Як гарэў на сценцы вінаград.

Потым я —
Настаўніца, дзіцёнак —
За табой — на голад і на штык...
Мы прайшлі ў грымотным буразвоне
Туркестанскія, сібірскія франты.

А цяпер...
Мне будзе дваццаць восем...
Ты далёка... Дзесь кіруеш трэстам...
І лунае тая наша восень,
Бы на моры дробненькая трэска.

І сягоння астры льюць настроі,
І на клёне лісце квола тае...
Сэрца хоча,
Каб было нас трое:
Ты, мой любы, я — і наша Мая...
(1928)


На млыне

У жарнавах шуршыць пшаніца,
Як шурпаты жвір ці шрот.
За ракой гукае гліца...
Мкнуцца хвалі напярод!

Сівы дах парос травою.
Млын увесь — як вадзянік...
Ўсё бурчыць: няма спакою
Ані ўночы, ані ўдні!

Закіпай, бяздонне вод!
Ў белай пене —
Парцы звенні,
Гуля вясенні
Ў летуценнях, —
Правяць хвалі карагод!..

А за гаем — сонца. Даль —
Посцілкаю гладкай...
Льецца песняю вада
За яловай гаткай.

Рып драўляны — рып калёс
Ветры у прасторы.
І кладуцца кроплі рос
Раніцай ля бору.

..."Не хвалюйся... Знай народ!"
Куль нясуць аж трое,
І шуміць, шуміць чарот
На вясёлым строі!

Ношкі збожжа... Белы пыл...
Меле млын паволі.
. . . . . . . . . . . . . .
Вяжуць сонца у снапы
На жытнёвым полі.
(1928)

Па дарозе...

На аблозе — шпілі соснаў,
Моцна спіць дзядуля-бор.
Над палямі ў злую ростань
Свішча вецер у вупор.

Ў беласнежныя фіранкі
Захінулася гара,
І цвіце ў марозным ранку
Цветам-чырванню зара.

Па дарозе — рып ад санкаў.
Бомы звоняць у гаі.
Ў санках едуць з бацькам Янка
На саломцы, удваіх.

Ў белым паркалю палянкі —
Бацьку ж весела таго,
Што сягодня яго Янку
Адзвінела дзевяць год!..

Дзед Мароз жалезнай лапай
Сціснуў рэйкі, правады...
— Хутка, Янка, ў школу трапім, —
Бачыш — горад ужо, дым...

— Па кабыле, татка, жар ты!
(Татка надта дружны з ім.)
Сёння Янку хіба жарты?
Дзевяць вёснаў, дзевяць зім...

Сёння Янка ў белым доме
З кніжкай сядзе ў першы раз,
З ім настаўнік загамоніць,
Запытанню дасць адказ.

А праз годзік матцы Янка
Так напіша (ясна — сам):
— Вёска Ніжняя Туманка...
Прывітанне тату... Вам...

На аблозе — шпілі соснаў,
Моцна спіць дзядуля-бор.
Гэта значыць — будзе ростань
Перад вобліскамі зор!..
(1931)

***
Ён прыйшоў,
Прыйшоў квяцісты травень,
Ахінуты ў белы футарал.
І на яблынях пялёсткавую навісь
Кінула шаўковая зара.

...Светлы мой! Мне сёння —
Цэлых дваццаць!..
Ну, а ты, здаецца, маладзей...
Мне так хочацца вясёла прывітацца
І з табою разам заірдзець!

Людзі ёсць... Глядзяць яны спадлоб’я.
Ты для іх —
Што хмарны лістапад...
Росквіт наш яны імкнуцца ўгробіць,
Павярнуць гісторыю назад.

З-пад каменняў ніцыя вужакі
Напаўзаюць, сеюць ліпкі сон...
Мы гаворым аб тых гадах:
— Гэта — накіп
На бліскучай грэблі нашых дзён.

Толькі марна, марна яны востраць
Па кутах іржавыя нажы;
Прамяністым шляхам
Пройдзем проста
Ў залатую, сонечную шыр!

Травень, травень...
Рассыпаеш гімны...
Па-вясноваму спяваеш у прастор...
Ашчапер мяне ты, неабдымны,
Пакажы зіянне чыстых зор!
(1931)

Грымотны буразвон
Юрка Лявонны
Артур Камароўскі