Леапольд Родзевіч
(12.06.1895 — 1938)

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, драматург, публіцыст, паэт.

Нарадзіўся ў фальварку Кур’янаўшчына Вілейскага павета, (цяпер Лагойскі раён). Бацькі Ян і Гелена (у дзявоцтве Яноўская) належалі да збяднелай шляхты. У сям’і гадавалася пяцёра дзяцей. Леапольд быў самым малодшым.

З малых гадоў ён захапляўся літаратурай, выявіў здольнасці ў маляванні, з цікавасцю слухаў розныя фальклорныя творы, якія расказвала ўнуку бабуля.

У 1909 годзе скончыў гарадское вучылішча ў Вілейцы. Пад уплывам "Нашай нівы" пачаў пісаць па-беларуску. З 1910 года жыў у Вільні, працаваў рабочым на цукеркавай фабрыцы "Вікторыя", чарцёжнікам пры зямельнай камісіі Сялянскага банка. Разам з братам і сёстрамі ўвайшоў у тэатральны калектыў Ігната Буйніцкага, у 1912 годзе напісаў сваю першую п’есу "Блуднікі".

У 1914-м пераехаў у Вільню, перад наступленнем нямецкіх войскаў у 1915-м пакінуў горад. З 1919-га жыў у Мінску, у 1921-м зноў вярнуўся ў Вільню. Рэдагаваў беларускія газеты ў Вільні: "Беларускі звон", "Наша будучыня" (1922-1923), з 1921 года — дзеяч Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі (БРА).

Арыштаваны ДПУ БССР 18.07.1933 года па справе так званага "Беларускага нацыянальнага цэнтра". Адпраўлены ў Саратаў, дзе працаваў у лясніцтве. Чарговы раз арыштавалі ў 1938 годзе. Далейшы лёс невядомы. Магчыма, быў расстраляны. Рэабілітавалі Родзевіча ў 1956 годзе.

Аўтар п'ес: "Пакрыўджаныя", "Блуднікі", "Збянтэжаны Саўка", "Пасланец", "Багаты і бедны", "Досвіткі", "Кавалі", "Конскі партрэт"; зборнікаў вершаў: "Беларусь" (1922), "На паняволеных гонях" (1928); зборнікаў апавяданняў: "Рэвалюцыйным шляхам" (1928), "Вогнішча барацьбы" (1930).


Публікацыі Леапольда Родзевіча ў часопісе "Taubin":