Да таго, як пазнаёмілася з "расстралянымі паэтамі", я і не ведала, што Родзевіч пісаў вершы. Пра яго нам расказвалі на філфаку як пра літаратуразнаўцу, які шмат зрабіў для беларускай навукі — выкладчык вяртаўся да гэтай фігуры так часта, што прозвішча ўелася мне ў памяць. Але ніколі не гучала пра тое, што ён быў рэпрэсаваны.

І вось неяк я адкрываю "Расстраляную літаратуру" — і позірк падае на знаёмыя літары. Родзевіч? Тут? Штосьці адразу пераварочваецца ў свядомасці, і я пачынаю пераглядаць тое, што ведала і што ўяўляла, чытаць яго вершы. Часткова, канешне, нешта супала: Беларусь, змаганне, фальклорныя матывы, — але знайшлося і іншае, невядомае. Сярод "абавязковых" для кожнага тагачаснага аўтара вершаў, як пробліскі маланкі, такія ж бязлітасныя і рэзкія, праскоквалі радкі-звароты да катаў, пра катаў і — волю: "Душаць... / Людзі ці зверы? — // Сэрца гвалтоўна б'ецца ў дзверы, / Жалезныя дзверы жыцця, — / Волі! Волі!". І пакуты ў такіх вершах не ўяўляюцца найгранымі — як бы там ні было, у сваім енку аўтар шчыры, што не можа не падкупаць.

Родзевіч быў розным — гэта бачна па тых вершах, якія я тут сабрала. Нахабна-містычны, часам летуценны, наіўна-апантаны і безнадзейна прыгнечаны — ён сам па сабе твор, які пісаў, быць можа, не майстар слова і сюжэтных хадоў, але дакладна не банальны творца. І нават калі недзе не чапляе (а часам, бывае, і раздражняе), за ім усё адно цікава назіраць — асабліва калі заўсёды трымаць у галаве абставіны, якія прымушаюць людзей да зменлівасці, і тое, чым такая гульня заканчваецца. А фінал у яе — несувымерны з умовамі і выпрабаваннямі, бо і ў выпадку паразы, і ў выпадку перамогі кошт удзелу адзін: жыццё.

Крысціна Бандурына

***
Няўжо я шчасце калі сустракаў,
Няўжо яго у будучыні бачу,
Што без развагі слёзам волю даў
І ўсё кляну жыццёвую няўдачу.
Не, я знаю, што шчасця няма.
Хоць шукаць яго будзем да смерці…
Ахутаюць зямлю холад і цьма…
Але дух Беларусі, паверце,
Будзе жыць,
Сонцам быць!
Бо было халадней і цямней,
Як гібеў ён вякі між людзей.

Адраджэнне

Бач, світанне напрадвесні,
Ўсюды гоман, льюцца песні,
Ўсход шырэе, цемра тае…
Эх, жыццё, святло буяе!
"Вераб’я" танцуе сэрца.
Верашчака у талерцы.
Со смеху жывот трасецца,—
Слуцкі пояс красой ўецца.
Го! Ка мне не прыступіцца:
Урок — наўцёк, ціпун баіцца,
Вораг лашчыцца, сябрыцца.
Бо, наеўшыся аладак,
Новы ўводжу я парадак.
Дрэнь — жыццё, жыццё старое,
Неўдалое і худое.
У дрыгву яго з імпэтам
Чабулдыхнуць перад светам.
Толькі камень прывяжыце,
Стопудовы,— паспяшыце,
Хай барзджэй на дно балота
Ляжа гэтая няцнота.

Роспач

О, беспатольная, бел-чыстая,
З ліхадзеямі нерашучая —
Аб Табе да зямелькі камяністае
Прыпадаю ад болі пякучае.
Б'юся як рыба аб лёд, —
Кроў, слёзы, пот...
То ж адабралі, глумяць Жалейку.
Крывавым штыком распаловілі
Безабаронную, працоўную Сямейку.
З падваротні сытым назласловілі
Пра гора ціхае, жабрачае;
Пра хараство юначае;
Пра заімшэлую Вялікую Руіну.
А кругом каркаюць, што не ўваскросшы згінеш,
Што мову матчыну
У забыццё кінеш.
А кругом дужыя, ляскаючы клыкамі,
Рвуць сквапна цела кускамі —
Няміга, Люблін і Рыга —
Калі скрыша іх вясны нашай крыга!
Ах, ясі Ты праклёныя кусочкі.
Нахадзілася з сваёй хаты ўпрочкі.
Настаялася ў пераможцаў пры парозе.
Намадзелася нявіннай у астрозе.
Начулася гідкіх нагавораў.
Пакалечыла душу аб нораў
Прагавітых прыблуд-ліхадзеяў.
Спахмурнела ад грозных падзеяў.
Як балюча цягучая ноч роспачы, ўора.
Бы ліпкае павуцінне, аплутала змора.
Рабскі жах, нявера душы набалелай
Точаць корань Руні і цяжараць думу.
Па Краіне працы і задзірванелай
Значан след крывавы ўладарнага Глуму.
Славу здратавалі!
Замест неба — клетка, каваная з сталі.
А замест світання — зарыва пажараў...
Ах, годзі жа, годзі ахвяраў!
Ах, раніца-краля і вечар-багач,
Усцішце жальбу, стогн і плач
Дзіцяці ад глебы, плач сіраціны
Без Імені, Долі, Айчыны.
У немач кінула адвечная пакора.
Не ўтопіш у слёзах Ты гора.
Ах, калі ж узойдзеш без прынукі
На гальготу адраджэнскага Руху!
Ах, калі ж працерпіш тыя мукі,
Што дадуць незалежнасць Твайму Духу?!

"Лявоніха"

Рунь, пралескі доўга лучыў стары снег,
А як сонца напужала, дык пабег
Ў лес схаваціся да свята Саракоў.
Пасля травень маем вымеце ў роў.

Шум і гам пад рукі Оха узялі,
З печы весела на прызбы павялі.
А на выгане бушуюць бугаі.
Лескавік русалку соча ў гаі.

Не сцярпеў нябесны Юр'я ды ураз
Падцягнуў падол свой ёмка пад паяс,
Весялушку Лялю крута падхапіў
І па лузе з ёй "Лявоніхай" паплыў.

(1922)

Вы і мы

Вашы сэрцы, бы апенькі,
На карчы жыцця грыбеюць.
У бястайных душах зрэнькі
Цвіллю лужы зелянеюць.
Вы — начных прывідаў цені.
Вам скон дня збаўленнем сніцца, —
Плюйце ж, кідайце каменні
На усход — там дзень крыліцца.
Што ж, цвікі падносьце катам,
Укрыжуйце церняваных.
...Аж падойдзе к буднім хатам
Дзень Вялік, вясной прыбраны.
Сцебане Бог бліскавіцай
Ды прыб'е пыл дажджавіцай.
Дудне Ілля на дудзе.
Па краіне галасістай
Радасць узрасце квяціста,
Радасць Нам, Агню, Вадзе.
Нас ёсць тройца. Мы змест Слова,
Вечны рух, жыцця аснова,
Згучнасць, вечнасці закон
Ды нутра зямелькі тон.

(1922)

***
Ноч падзяліла... Светач дзе? Жыва!
Шоўгаем... Слізка... Балота ці кроў?
Сыкаюць цені... Абоймы... Тужліва
Дбайце аб волі. Волі!
Хрыпат братоў...
Душаць...
Людзі ці зверы? —
Сэрца гвалтоўна б'ецца ў дзверы,
Жалезныя дзверы жыцця, —
Волі! Волі!
Свету праменьчык хаця!
Так не было і не будзе ніколі.
Ланцуг-спавіяч з адчаю зубамі
Грызуць... Скрогат, стагнанне...
Пры катаванні для мук тамаванне
Робяць святымі славамі:
"Жыві, Беларусь — святліца працоўных!"
Ах, колькі ж ёсць мук невымоўных!

"Замест неба — клетка, каваная з сталі"

Леапольд Родзевіч
Крысціна Бандурына