*з нагоды выхаду першага зборніка абраных тэкстаў
Ян Клапоцкі — менскі музыка і аўтар тэкстаў — з’явіўся на беларускай музычнай сцэне ня так даўно, але даволі хутка набраў вядомасьць сярод аматар:ак інды-сьпеваў. Ягоная творчасьць насычаная лірызмам, фальклёрнымі матывамі і авангарднасьцю, што дае новае дыханьне беларускай культуры.
Самаробны зборнік абраных тэкстаў Яна Клапоцкага увабраў у сябе тэксты аўтара за апошнія гады творчасьці. Тэксты музыкі ствараюць магічны сусьвет, у які хочацца паглыбляцца, каб разгадаці ўсе ягоныя таямніцы.
Метафарычная творчасьць Яна Клапоцкага сыхозіць ад схаванага, неназванага. Эскапізм у існуючае мейсца стае недастатковым, што вымушае паэта стварыць свой сусьвет — неазначаны, але дакладна акрэсьлены. Аўтарская неіснуючая прастора дзейнічае па ўласных правілах, якія нам тлумачыць лірычны герой. Ён нібы папярэджвае нас, госьцяў, пра звычаі і законы сьвету, якія нельга парушаць, нібы водзіць па балотах, дзе ведае кожную купіну. Лепей за ўсё гэта адлюстравана ў наступным кавалку:
Не забірай адлюстраванне летуценнага Не пакідай сябе навокал і не забяры з сабой Не датыкайся да зямлі калі між пальцаў валасы […] Калі няма чаго сказаць то адвярніся і не будзь
Аўтар піша апафатычна: каб даказаць існаваньне нечага ён ідзе ад адваротнага — пералічвае дзеяньні, якія рабіць нельга, а што не забаронена, можна дасьледваць далей. Гэта таксама моцна перагукаецца з хрысьціянскімі запаветамі, якія фармулююцца адмаўленьнем дзеяньня (прыкл. не забівай, не чужалож, не крадзі, ня сьведчы фальшыва супраць бліжняга твайго). Гэтыя веды герой здабываў на практыцы, ім няма тлумачэньняў і абгрунтаваньняў. У ягонай прасторы нічога не пярэчыць, не паўстае супраць плыні рэчаў. Мы вучымся існаваць тут разам і паціху завучваем правілы. Частка радкоў мае менавіта тлумачальны характар — яны, як маленькія выспы спакою, даюць чытач:кам час адпачыць і перадыхнуць, час, калі будзе прысутная вызначанасьць і з’явіцца структура, каб пасьля ізноў шугануць у невядомае. Блаславеньнем гучаць наступныя радкі:
ляці на поўнач
калі дабранач
ляці на поўдзень
калі дабрыдзень
Калі своеасаблівая рытуальнасьць сусьвету не выконваецца, лірычны герой адшуквае сябе ў разгубленасьці:
я камень разбурыў
я дрэва расьсякаў
а цябе няма
цябе ды няма
Несупадзеньне чаканьняў і вынікаў аслабляе веру і выклікае недавер. Немагчымасьць патлумачыць, што зроблена ня так, падбівае апору. Гэта сьведчыць, што сусьвет нельга спазнаць і цалкам зразумець, а значыць нельга завалодаць ім. Такія высновы пакідаюць пачуцьцё спустошанасьці і бясьсільля.
Загадкавасьць і таямнічасьць, для кагосьці, магчыма, незразумеласьць творчасьці Клапоцкага вельмі лёгка дэшыфраваць. Яна фарміруецца на наступных падмурках: займеньнікавасьць, рытарычнае пытаньне, адмаўленьне дзеяньня і своеасаблівы лексікон з сінтаксісам. Праз прысутнасьць гэтых элементаў творы падаюцца звышмістычнымі і таемнымі.
Асаблівую ўвагу мне хацелася б скіраваць на ўдалае выкарыстаньне займеньнікаў. Сакральнасьць датыкненьня да сусьвету Клапоцкага зьвязаная з тым, што сваю прастору ён старанна хавае і ніколі яе не называе. Узьнікае паэзія адсутнасьці імёнаў, паэзія неіснаваньня. Праз гэта словы губляюць сэнс і размова з творам выходзіць на ўзровень пачуцьцяў. Усё інтэлектуальнае і сьвядомае страчваецца і саступае месца метафарычнаму мысьленьню. Пругкасьць, рэчыўнасьць прасторы адчуваецца востра, але сама прастора безназоўная. Ёсьць прыкладнае яе месцазнаходжаньне, але яно моцна завязанае на досьведзе лірычнага героя:
там дзе мары мае
там і мроі мае
там дзе вёсны мае
там і выспы мае можа
там дзе хмараў няма
там і сонца няма
там дзе далечыня
неба я разчыняў
Прастору, створаную Янам Клапоцкім, можна назваць незапоўненая лакунай. Магчыма, яшчэ проста не з’явіліся словы і назвы для абазначэньня таго, што хоча выразіць паэт? Ён прадбачыць вымярэньне, стварае загадзя, запаўняе вакуўм, які цяпер утварыўся на месцы духоўнай пустэчы.
Акрамя гэтага, у тэкстах Клапоцкага галоўны герой цалкам валодае выказаным. Усе фразы вынікаюць ад “Я” і таму так лёгка асацыяваць сябе зь лірычным героем. Гэта дапамагае сублімаваць свае пачуцьці праз вобразнасьць, а зыбкая сэнсавая частка дазваляе чытач:кам перанесьці свой досьвед на словы і пражыць яго мацней. У тэкстах прасочваецца ўзмоцненае лірычнае эга — гэта аўтарскі шлях да шчырасьці і слабасьці. Праз сэрца аголенае так баязьліва Клапоцкі скіроўвае ўвагу на чалавечае “Я” ў моманты кульмінацыйнай крохкасьці.
З лірычным героем мы крочым у глыбіні душэўнага. Сваю функцыю тут выконваюць рытарычныя пытаньні — яны растрасаюць прастору, нагрувашчваюць паветра болем няведаньня. Паэзія насычаная маральнымі ваганьнямі (што засьвяваць калі званы пераплавяць, хто будзе есьці гэты хлеб з пад падэшвы) і воклічамі непаразуменьня (дзе ж вы мае сілы дзе, куды падзецца старасьці).
Лексіка Клапоцкага характарызуецца градацыяй балючага. Вось, напрыклад, нізка прыметнікаў, ужытых аўтарам у розных тэкстах: недасяжная, некранутая, незгаданая, незьлічоная, бязьлітасная, стомленая, нязграбная, крывавая, мінулым, гарэлым, схаваным, спусьцелым. Яны мінорнага ладу, меланхалічнага настрою, сінанімічныя беларускай самоце. Гэта адразу стварае шэраг асацыяцый з “комам у горле”, “ранішнімі туманамі” і “напаўразбуранай хатай без падлогі”. Да няпэўнай таямнічасьці дадаецца журба і ўзмацняе паэтычны эфэкт. Больш за тое, сінтаксічная будова таксама спрыяе ўзьдзеяньню на эмацыйны стан чытач:ак. Часта паэт выкарыстоўвае адмоўныя канструкцыі, каб апісаць пачуцьці і навакольле (няма болю і не будзе, не будзе не стане, дзесьці ды няма нікога раптам не было б і тога). Спалучаючы гэта з шэрагам адносных, няпэўных і адмоўных займеньнікаў, Клапоцкі на выхадзе атрымлівае цьмяную расплывістую еднасьць экспрэсіўнага, эмацыйнага і шчырага зьместу. Асабліва гэта адчуваецца ў вершы “Хіба”, дзе зусім няма нічога канкрэтнага і пануе жыцьцёвая нявызначанасьць:
хіба
штосьці з нечага не выйдзе
быццам зарака ды годзе
прорва не уратавала
быць заўсёды будзе мала
Можа падацца, што ў паэзіі Клапоцкага прырода адлюстроўвае ўнутраны стан лірычнага героя, згодна з клясічнай рамантычнай традыцыяй. Мне падаецца, што гэта не зусім так. Хутчэй, паэт стварае лірычнага героя і сусьвет, а лірычны герой сусьвет напаўняе, надаючы свае характарыстыкі: ён робіць падуладным навакольле і праецыруе на яго свае настроі. Так, маладзік дрыжыць і я дрыжу пераўтвараецца ў я маўчу і маладзік маўчыць, ці лірычны герой кажа, што паветра задушыла мае скроні. Увогуле паэзію Клапоцкага нельга ўспрымаць без прыроды. Менавіта яна з’яўляецца базісам метафарычнасьці, начыненьнем твораў. Існуе два складнікі прасторы: унутраны сьвет лірычнага героя і прыроднае навакольле, якое тлумачыць гэты сьвет. Прастора з’яўляецца толькі тады, калі яе заўважаюць.
Сусьвет, які пабудаваны на ўзаемазалежнасьці дзьвюх асобаў, вызначаецца праз прыналежнасьць ці да асобы лірычнага героя (ты душа мая, па галіне маёй, маім трымценьнем), ці да аморфнай, неназванай асобы, неад’емнай часткі сусьвету (між далоняў тваіх, тваім спакоем, твой цень). Для мяне гэта самая загадкавая частка творчасьці. У прасторы ёсьць яшчэ хтосьці. Падаецца, ад асобы залежыць само існаваньне сусьвету, яго баланс і паўната. Яна заўжды прысутная і заўжды безыменная. Толькі асоба ёсць ключом да раўнавагі лірычнага героя, яго спакою і нечага зразумелага ў сусьвеце. Калі яно тваё — мне ня трэба яго тлумачыць.З гэтага нараджаецца прамяністае і пяшчотнае ў абойме страшнага і непадуладнага.
Тэксты Клапоцкага — беларускае безназоўнае, узьведзенае ў абсалют. Ім перададзены першабытны страх невядомага, невытлумачальнага, страх цёмнага лесу. І ў гэтым сусьвеце Ян Клапоцкі – стары драўляны крыж, які стаіць перад вёскамі. Ён начынены духоўнасьцю і сьвятлом, якое няхай і ня можа даць азначэньне сьвету, але можа акрэсьліць прастору і падарыць пачуцьцё яе існаваньня. А гэта ўжо нямала.
*у тэксьце захаваныя правапіс і пунктуацыя аўтара
Замовіць зборнік Яна Клапоцкага “Абраныя тэксты” можна тут:
ТГ-канал Яна Клапоцкага “Блаславенныя казкі”