TAŬBIN

Паміж сёння і ніколі

Водгук на паэтычны зборнік Ліны Казаковай "Лілі не спіць"

Вера Бейка

(зборнік Ліны Казаковай “Лілі не спіць”)

Помніцца, калісьці, у тыя блаславёныя гады, калі нам усім не было чаго рабіць і ў сацсетках перыядычна сварыліся раварысты і маладыя мамачкі, аматары жоўтых ваз на праспекце і абаронцы белых, а таксама беларускія літаратары адно з адным і супраць усяго свету, у адной з дыскусій кшталту “ці ёсць рускамоўныя паэты часткай беларускай літаратуры” нехта напісаў: “Прынамсі, Строцава і Казакову я рускай літаратуры не аддам”.

Ліна Казакова тады — як і цяпер — не ўдзельнічала ў сварках, не адзначалася на пратакольных літаратурных мерапрыемствах, не друкавалася ані ў “Першацветах”, ані ў “Дзеясловах”, а раз-пораз публікавала вершы на сваёй старонцы ў Фэйсбуку — і тады з гэтай старонкі бруіла празрыстае сіняе святло і цягнула ранішняй рэчкай. Асцярожна, каб не парушыць чараўніцтва, я ставіла лайк і некаторы час сядзела ў гэтым святле і з гэтым пахам, ледзь заўважным, далікатным, невытлумачальным.

Памятаю, што тады мне вельмі хацелася, каб Ліна выдала зборнік – і каб усе тыя вершы, якія зрэдчас трымцелі ў стужцы незразумелым святлом, можна было б прачытаць агулам і нарэшце зразумець, адкуль бярэцца гэты эфект: крохкае і няўлоўнае слова, якое знікае ў той самы момант, калі ты яго прамовіш услых.

Былі вершы, у якіх гэтая матыльковая недаўгавечнасць падавалася мне недапрацаванасцю — не было яркіх лінгвістычных зачэпак, яскравых метафар, нечаканага сюжэту альбо карцінкі. Былі вершы, у якіх празрыстасць і няўлоўнасць тлумачыліся асаблівасцю дэталяў — будзёных, звычайных, непаэтычных. Але вось гэтая памяць пра верш — як памяць пра пах, без абрысаў, без апісання, без літаратуразнаўчай тэрміналагічнай вызначанасці — вярэдзіла сэрца і часам ныла, як ные на перамену надвор’я старая і ўжо падзабытая траўма.

Неяк усё ў тым жа Фэйсбуку Ліна напісала, што не збіраецца выдаваць зборнік. Ужо і не памятаю, чым яна гэта патлумачыла. Памятаю толькі, што стала мне неяк непамысна — не горка, не крыўдна, а неяк млосна, як бывае, калі раптам разумееш, што той пах, які трывожыў асцярожным намёкам на нешта далёкае і, відаць, шчаслівае, ніколі болей не зловіш, бо свет незваротна змяніўся і нішто ўжо так не пахне.

І вось жа неспадзяванка: дзякуючы Дзмітрыю Строцаву і ягонаму выдавецтву мы маем нарэшце зборнік Ліны Казаковай “Лілі не спіць”.

І я збіраюся нарэшце злавіць цябе за крылцы, трапяткі і шпаркі матылёк мімалётнага верша.

Цяпер, калі гэтыя тэксты ідуць адзін за адным, старонка за старонкай, я, здаецца, разумею іх сакрэт.

Да чаго б ні звярталася Ліна ў вершы — гэта заўсёды пра сёння. Нават калі аўтарка згадвае дзяцінства альбо проста вяртаецца ў нейкае нявызначанае мінулае — а яна надзвычай часта туды вяртаецца — яна заўсёды апынаецца ў “сёння”, у тым моманце, дзе не адбываецца нічога значнага, яскравага альбо зачэпістага. Але менавіта таму і адбываецца ўсё: там здымаюць сумку з пляча, з трубы ТЭЦ ідзе дым, праз двор бяжыць сабака, “кто-то ставит камеру на штатив, кто-то раскладывает мольберт под липой”, “грабли, рабочие перчатки, трава”, “на дворе стоял голубиный март, а в ушах звенел комариный писк”. Дзятва ў ейных успамінах заўсёды паіменаваная: гэта нейкія адной ёй вядомыя, але дакладныя Вася, Света, Лілі, у іх рукавічкі, шарфікі, зайцы, мячыкі, у дарослых — блакноты, маленькія аловачкі, “вздутые руки”, усё да дробязі дэталізавана. Гэта не абагульненне, не тыпізацыя, не паяднанне сэнсаў унутры чытэльнай метафары, наадварот — гэта нібыта разбурэнне любых магчымых вобразаў, якія заўсёды ёсць абагульненнямі, праз дэталь, будзёнасць, важнасць толькі для аўтаркі, не-паэтычнасць. Вершы яе, нібы каменьчыкамі, перасыпаныя самым дробязным чалавечым побытам, іх можна перабіраць гэтаксама, як мы перабіралі ў старых савецкіх шкатулках гузікі, якія нашы мамы зразалі са старых палітонаў, блузак і кашуль і складвалі “пра запас”.

Але ў кожным вершы побач з гэтым максімальна дэталізаваным “сёння” абавязкова будзе скразіць вусцішнае “ніколі”, экзістэнцыяльны жах перад агромністым і неназваным наваколлем. “Видишь ли, деточка, оно вокруг. И твоя бабушка всегда знала это”. “Гэта” па імені не называецца, хаця з кантэксту (не вершаванага, а нашага з вамі гістарычнага кантэксту, у якім мы ўсе жывём) раптам разумееш, што “гэта” — вайна, ці гвалт, ці забойства, ці эміграцыя, ці смерць — што заўгодна, агромністае, безаблічнае, неназванае. Яно ахінае сабой увесь гэты маленькі, слабы сусвет кубачкаў, аловачкаў, гузікаў, плюшавых зайцаў і рукавічак. І гэты кантраст “сёння” і “ніколі”, названага роднага і неназванага чужога, відавочная слабасць нашага свету і відавочная непераможнасць варожага — і складаюць тую самую трапяткую, ненадзейную тканіну верша, у якім пахне чымсьці родным — і чымсьці незваротным.

Усё у вершах Ліны Казаковай адзначана гэтай пячаткай крохкасці, слабасці, ненадзейнасці, мімалётнасці: і Мінск, якога ўжо няма, і дзіцячы садок, які быў незваротна даўно, і дзяцінства нейкага хлопчыка, які сёння стаў забойцам, і той свет, які мы любілі, а ён памёр, і любое наша сёння, у якім мы ніяк не можам атабарыцца, зачапіўшыся хаця б за рэчы, што стаяць і ляжаць навокал на сваіх звыклых месцах. Але і гэтыя рэчы, адзінае непахіснае ў рухомым сусвеце, тут толькі сёння — іх таксама паглыне тое самае неназванае альбо “заўтра”, альбо “ўчора”.

І мне было важна паспрабаваць, як гэта загучыць па-беларуску.

Насамрэч добры верш нацыянальнасці не мае. “Ітака” Кавафіса альбо “Рамансэра” Гарсія Лоркі — здавалася б, наскрозь грэчаскі ці іспанскі тэкст, — у добрым перакладзе працінае і беларускае сэрца, а “Райсн” на ідышы ёсць сапраўдным гімнам Беларусі. Але калі ўжо не аддаваць Казакову ніякай іншай літаратуры, акрамя як сваёй, варта паглядзець, як загучыць гэтая тонкая струна і на нашай скрыпцы.

Напрыклад, вось так:

***
З яркага холаду ў цёмны ступае бібліятэкар.
Там сябручкі яе — школьнікі, кніжнікі задарма.
За светлафорам — дрэва, гастраном і аптэка,
Богу цікава думаць, што Бога няма.
Яна расстаўляе кубкі і выкладвае печыва,
Абагравальнікам кволым зрынуты свет спякло.
Бібліятэкар уздыхае па тым, што здавалася вечным,
Калі і святло няпраўда — задзьмі святло.

***
Я пакуль што не ведаю родную мову Лі́лі,
Трэба спытацца ў Ка́рмэн.
Ціхую гадзіну тут называюць "квайет тайм"
Лілі з’ядае дабаўку, шклянку на месца стаўляе,
Коскі яе мільгаюць то тут, то там.

Ужо парасклалі маты і кожнаму выдалі коўдрачку,
Лілі вымыла ручкі, Лілі хутчэй бяжыць.
Хавае пад коўдру кніжку, хавае лато і вавёрачку.
З Лілі ў нас праблемы — Лілі не спіць.

З Лілі трэба сядзець, каб іншых не расштурхала,
І, хаця па-ангельску з Лілі не пагаварыць,
Што для яе і колькі я тут наперакладала...
Вось зараз "сароку-варону" — а Лілі не спіць.

Каша? Нібыта "поррыдж", так і кажу ў задуменні,
Забыла, як будзе сарока — няхай "літл бёрд" іт із,
Малюю на ручцы колца — і Лілі мая ў захапленні.
Дзеці даўно паснулі — а Лілі не спіць.

На сценах вясёлыя мордачкі, залатыя агеньчыкі,
Я напускаю строгасці, у голасе сум імжыць,
Загінаю ёй пальчыкі, пакідаю мезенчык —
"А гэтаму кашкі не будзе, бо Лілі не спіць".

Хутка, ды не, няхутка скончыцца казка наша.
Я ў вайбер сваім гукаю, і сэрца маё баліць.
Лілі заплюшчыла вочкі, каб даць птушанятку кашы,
І цягне наноў далоньку — Лілі не спіць.

Гэтае практыкаванне з перакладамі адкрыла для мяне яшчэ адну ўласцівасць паэзіі Ліны Казаковай: своеасаблівы “наднацыянальны” сінтаксіс, нулявы ўзровень мовы. Тут амаль няма характэрных для рускага паэтычнага сінтаксісу дзеепрыметнікаў і грувасткіх дзеепрыметнікавых зваротаў, дзеепрыслоўяў, царкоўнаславянізмаў, відавочных алюзій альбо цытат. Даволі частыя для ейных вершаў англамоўныя ўкрапіны, напісаныя альбо лацінкай, альбо нават транслітараваныя кірыліцай, глядзяцца гэтаксама натуральна, як і агульны рускі тэкст. Мова тут такая ж няўлоўная і празрыстая, як і ўся паэтычная тканіна: нібыта праз імгненне рассыпецца і знікне, і пакіне па сабе толькі лёгкі — нават не водгук — а памяць пра яго.

І вельмі лёгка такую Ліну Казакову забраць сабе — у тое незаўважнае месца ў чытацкім сэрцы, дзе ў акно даўно мінулага жыцця ледзь прыкметна цягне свежасцю з ціхаплыннай рэчкі.

Вера Бейка

Набыць зборнік Ліны Казаковай “Лілі не спіць” можна тут:

крама выдавецтва “hochroth Minsk”.

Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading