(зборнік Лусінэ “Ляці ляці сюрыкэн”)
Эпіграф да зборніка Лусінэ лаканічна тлумачыць: “Сюрыкэн — старажытная японская кідальная зброя з вострымі лёзамі, прызначалася для затрымкі праціўніка параненнем здалёк”.
Я б пашырыла тлумачэнне.
Японскі сюрыкэн — гэта зброя схаваная, патаемная. Ніхто і ніколі не ведае, дзе той сюрыкэн, колькі іх у ваяра і адкуль ён іх выхапіць. Сюрыкэны вельмі лаканічныя — два, тры, пяць сантыметраў у дыяметры, а калі сюрыкэн выглядае як мініятурны меч — крыху больш за дзесяць. Іх можна раскласці па кішэнях, а можна нават выкарыстаць як шпільку для валасоў. Ніколі не ясна, якім будзе гэты сюрыкэн: у выглядзе зоркі ці кветкі, а можа быць як сонца, альбо як рыба ці сняжынка. Сюрыкэны надзвычай прыгожыя, і стваральнікі іхнія — сапраўдныя эстэты.
Вастрыня ляза, невідавочнасць сэнсаў, нечаканасць вобразаў і эстэтызм — так бы я акрэсліла самыя яскравыя ўласцівасці вершаў Лусінэ, сабраных у невялікі зборнік.
Я раіла б чытаць яго з канца — там, дзе змясціліся пад адным загалоўкам “Хайку-паштоўкі з Партугаліі”, “Хайку з зімы” і яшчэ некалькі кароткіх, але вельмі трапных вершаў, сярод якіх найбольш уразіў мяне верш “Птушкі Сакартвэла”.
Працытую:
Мамін голас мае
Яшчэ і маму, за тры
Гады адвыкла
Гэтыя тры выкшталцоныя радкі, у якіх няма аніводнага выпадковага слова, а тыя, што ёсць, гранічна завостраныя і кінутыя трапнай рукой у самае пяшчотнае месца на шыі чытача, адразу нагадалі мне сюрыкэн.
Не магу сказаць, што кожны з вершаў зборніка зрабіў на мяне такое ж уражанне. Увогуле мне падалося, што ў іх вельмі шмат непрыхаванага практыкавання: а як спрацуе такое слова? А такое? А такі вобраз? А такая пабудова? Аўтарка перабірае прыёмы, рыфмы, гукі, спрабуе то адзін, то другі мастацкі сродак у адных і тых жа паэтычных сітуацыях, нібы намацвае найбольш эфектыўны шлях, і не заўсёды трапляе, але не кідае спрабаваць. Больш за ўсё гэта нагадвае харошую трэніроўку — метадычную, упартую, якую можа вытрываць толькі сам ваяр, а вось глядач/ чытач — не заўсёды. І трэба некалькі разоў перачытаць адну і тую ж старонку, каб пасярод манатоннага перабірання мастацкіх сродкаў не прапусціць захапляльна трапны кідок.
Вось як такі: “Я вырву ў словаў-падзёнак крылы”, альбо “любоў у маёй сям’і цягнулася цыбульнаю касою”, альбо “вы маглі быць роўныя богу, калі б ён схуднеў да вашай вагавай катэгорыі”.
Калі нехта хоча выкарыстаць супраць цябе сюрыкэн, ты і сам павінен быць чалавекам, які ўмее яго прычакаць, і таму вершы Лусінэ трэба чытаць гэтаксама ўпарта, як яна іх піша: тут не абыдзешся простым пачуццёвым успрыманнем. Калі згадаць умоўны падзел паэтаў на рытараў (тых, хто фармулюе) і рэтранслятараў (тых, хто адлюстроўвае), Лусінэ, канешне, рытар: не так лёгка супасці з ёю ў адчуванні сусвету і не так лёгка адразу вылічыць, адкуль ляціць у цябе той ці іншы вобраз, з якіх складнікаў ён створаны. Але, асцярожна перабіраючы радок за радком, верш за вершам, трапляеш нарэшце на тэму, якая яднае цябе з аўтаркай.
І гэта, канешне, мова. Ад даволі простага ў думцы і разуменні верша пра матчыну мову (“А што калі яна не матчына?” — пытаецца аўтарка, аднаўляючы папулярны некалі ў сацсетках выраз і дыскурс) да даволі трапнага ў лінгвістычным назіранні верша “Пішы па-чэшску”, дзе яна пачынае пісаць на іншай мове, “надрэзаўшы кончык языка”. Менавіта мову яна бясконца выпрабоўвае на эфектыўнасць, ад гуку (у шыкоўным з фанетычнага боку вершы “Полем гук гук гук у нікуды рух рух рух”) праз лексіку (у вершы пра сінонімы да слова “гора”) і да сінтаксісу (як, прыкладам, у вершы “Трыста слоў пра маю сям’ю чужымі вачыма”). Менавіта ўласцівасці мовы і ёсць мэтай упартых практыкаванняў аўтаркі, мова і ёсць яе сюрыкэн. “Порахам літар выслала прыступкі моўнага храму” — вельмі дакладны вобраз, якім можна апісаць зборнік цалкам.
Пошук моўнай эфектыўнасці Лусінэ вядзе крыху іншым шляхам, чымсьці ў нас прынята ў класічных узорах. Гэта не спроба адшукаць рэдкія альбо забытыя словы ў рэгіянальных слоўніках, не спроба адпавядаць жывому народнаму сінтаксісу, не спроба прытрымацца моўнай традыцыі прызнаных майстроў альбо адлюстраваць сапраўдную гаворку вёскі ці, напрыклад, каларытную мову міжваеннага часу. Мова Лусінэ — гарадская, адшліфаваная сацсеткамі, цалкам сучасная і даволі скупая, тут не вядзецца пра моўнае багацце альбо разнастайнасць канструкцый. Падаецца, яна працуе хутчэй на ўзроўні фанетыкі і марфалогіі: каб гучала і дакладна адпавядала граматычнаму значэнню — дзе прадмет, дзе ягоная якасць, а дзе рух і падзея. Так, напэўна, абвастраецца ўздзеянне слова на чытача.
І там, дзе атрымліваецца нарэшце ўзважыць зброю, разлічыць траекторыю, спрагназаваць паводзіны цэлі і дакладна адправіць слова ў мішэнь — там і здараюцца сапраўдныя радкі, якіх у зборніку відавочна больш, чым строгі крытык можа чакаць ад паэтычнага дэбюта.
Вера Бейка
Набыць зборнік Лусінэ “Ляці ляці сюрыкэн” можна тут: