Альгерд Бахарэвіч. "Вершы"

Часцей можна пачуць, канешне, выраз "проза паэта" – датычна сканцэнтраванага, беднага на словы, але эмацыйна багатага тэксту. Сапраўды, падыход умоўных "паэтаў" і "празаікаў" да слова розніцца: першыя заўсёды адчуваюць няўмольны дыктат формы, які існуе нават у выпадку з верлібрам, другія ўсё ж маюць і большы разбег, і шырэйшыя берагі. Мне заўсёды падавалася, што паэт – гэта спрынтар, а празаік – марафонец, і менавіта гэтым размеркаваннем сіл і дыхання, а не наяўнасцю чаго-небудзь кшталту рыфмы, рытму альбо спецыфічнай разбіўкі радкоў, я б тлумачыла розніцу паміж вершамі і не-вершамі.

Мы жывём у час, калі межы паэзіі і прозы бясконца рухаюцца, а жанравыя вызначэнні ператвараюцца ў гульню, але мне ўсё ж ёсць блізкім гэты кранальны старасвецкі падзел тэкстаў на вершы і не-вершы, прынамсі, таму, што гэта сапраўды мае сэнс – і ў гульнях аўтара з чытачом, і ў чытацкім успрыманні, і ў рэцэнзіі, у рэшце рэшт.

Я б вызначыла верш праз паняцце канцэнтрацыі: тэкст, у якім думка альбо настрой знаходзяцца ў максімальна спрэсаваным, сканцэнтраваным выглядзе, запакаваныя ў багатыя метафары альбо спецыяльным чынам падабраныя, сэнсава ёмістыя словазлучэнні. Верш заўсёды пакідае чытачу магчымасць самастойна раскручваць спружыну ягонага зместу, і таму паэт вастрэй адчувае сваю касмічную адзіноту, бо хто там як і што раскруціць – аўтару ёсць непадуладным. Проза ж пакідае значна меней шанцаў на інтэпрэтацыі – бо ў ёй шмат літар, тое-сёе можна паспець закінуць чытачу на роздум у тым выглядзе, у якім "хацеў сказаць" апавядальнік. Тады, напрыклад, вершы Сцівенсана мы будзем лічыць прозай, а мініяцюры Уладзіміра Сцяпана – вершамі. А?

На такіх крамольных думках злавіла я сябе, пакуль чытала зборнік Альгерда Бахарэвіча "Вершы" – і не кажыце мне, што ён не меў на ўвазе гульню з чытачом, калі даваў сваёй адзінай вершаванай кніжцы такую нібыта простую назву.

Але давайце згуляем, пане Альгердзе. Вершы – значыць, вершы.
Пачну з таго, што на старонцы 63 са мной здарыўся сапраўдны прыпадак: я рагатала так гучна, што перапалашыла суседзяў. Менавіта там, сярод цяжкіх роздумаў пра вечнасць і сучаснасць, раптоўна выскачыў адзіны, напэўна, сапраўды класічны "верш" пад назвай "Нямецкая мова".


О мілая сэрцу нямецкая мова!
Багацце тваіх невычэрпных крыніц
Для моцнага – новых памкненьняў аснова,
Для кволага ты – і апора, і зьніч.


Працягнуць гэты верш можа кожны, каго злавіў на васільковым шляху паміж дзяцінствам і юнацтвам бязлітасны школьны белліт, конкурсы чытачоў, "Дажынкі" і класічны "адраджэнскі" дыскурс пра матчыну мову. Тут вам будзе і "народы наўсцяж да свабоды", "зьведала зьдзек", "песьняю ліешся" – ааааааааа, літасці тваёй, аўтар, прашу, не магу столькі смяяцца!

Просты прыёмчык, але які дзейсны! Уся традыцыйная паэтычная луска, назапашаная намі пры чытанні таго, што нашы настаўнікі называлі "беларускай паэзіяй", адскочыла ад цела і пасыпалася на падлогу. Іншы раз такі "хук справа", няхітры, але адчувальны, ёсць адзіным спосабам прывесці чытача ў прытомнасць.

Тут я і стала чытаць Бахарэвічавы вершы як не-вершы, адгарнуўшы зборнік са старонкі 63 зноў на першую.

Фактычна, кожны з тэкстаў зборніка (акрамя ўжо згаданай "Нямецкай мовы) з’яўляецца накідам альбо спружынай сюжэту. Гэта не лірыка – гэта сапраўды эпас. Героі і апавядальнікі дзейнічаюць, змяняюцца падзеі, рухаецца прастора. Пры жаданні кожны з "вершаў" можна разгарнуць у прозу: і гэта будзе альбо гістарычная проза часоў Драздовіча, альбо інтэлектуальная аповесць-дэтэктыў пра таемную супольнасць лінгвістаў, альбо нават надпіс на картцы "Што мы можам зрабіць для перамогі" ў сацыяльных сетках. Сюжэтнасць гэтых тэкстаў яшчэ не ператварае іх у балады – але і не дае прачытаць іх як лірычны канцэнтрат.

Таксама не злоўжывае аўтар традыцыйнымі для паэзіі мастацкімі сродкамі: эпітэты, метафары, алюзіі і гіперспасылкі тут ашчадна дазаваныя, уводзяцца зрэдку і толькі з яснай, выразнай мэтай.


Не ўвайсьці ў вялікую гісторыю
Ва ўбранні палахлівай яшчаркі.
Не ўвайсьці ў замкнёную гісторыю,
Дзе і так стварэнняў розных досьць.
Не пускаюць іх у Тэрмідорыю,
Ні на крыж, ні ў Пілатаву прэторыю,
Толькі ў тую шчыліну, каторая
Домам зробіцца, пакуль не сціхне дождж.


Аўтар нібыта падкручвае і адкручвае той кранік, праз які ў ягоную вершаваную прозу паступае тое, што мы прызвычаіліся называць вершам: трэба падвысіць градус эмоцыі – дадае "паэзіі", трэба зменшыць – прыбірае, пакідаючы нам голы, не абцяжараны словапляценнем роздум. Так, гэтыя тэксты не блішчаць рознакаляровымі бурбалкамі, не дзівяць багаццем фарбаў. Ну, на тое яны і проза.

Так, у зборніку не хапае таго, з-за чаго мы прывыклі называць нейкія тэксты вершамі. Затое хапае новых захапляльных прыёмаў – здавалася б, простых, але дзейсных.

Прыкладам, выкарыстанне алфавітаў: кожны тэкст дадзены ў двух графічных сістэмах, злева лацінка, справа – кірыліца. Спачатку гэта ўспрымаецца як такі эстэцкі фінт, але калі ў кірылічных вершах (вы таксама з-за чытацкай лені чыталі гэты зборнік толькі на правых бачынках?) трапляюцца макаранічныя ўстаўкі ангельскай мовай – адразу глядзіш, як ён упісваецца ў радок на бачынцы злева. А і цікава ўпісваецца! Радок чужой мовы адразу "раднее", становіцца быццам сваім, уцягвае тутэйшую граматычную традыцыю ў нетутэйшую, падсвечвае сінтаксіс, а радок сваёй – аддаляецца, успрымаецца свяжэйшым. Нібыта на фотаздымак наклалі дарагі фільтр – і ён не падмяніў, але змяніў лінгвістычную рэчаіснасць. Дадаем сюды тэксты на бальбуце – і ў нас гатовая маштабная філалагічная гульня для аматараў чытаць літары як літары, а не як словы.

Ці рыфма. Харошая, класічная рыфма, ніякіх табе асанансаў ці там выкшталцона падабраных аманімічных формаў, усё для аматараў гладкіх вершаў: "пачвары-даляры", "думкі-чумкі", "трукачам-талмачам". Ну, максімум – "сутарэнні – на пене". Кшталту таго, што "вы хацелі рыфмы ў вершах – вось вам рыфмы ў вершах". Яно як бы і сапраўды супакойвае, але насамрэч дае магчымасць звярнуць увагу на разгортванне думкі (проза, проза).

Аўтар не быў бы самім сабой, калі б не заняўся дэструктыўнай, на першы погляд, задачай што-нішто пахаваць пад абломкамі разбураных стэрэатыпаў, зрабіўшы пры гэтым выгляд, што не разбурае, а стварае. Што ж, мы прымаем тваю гульню: няхай гэты зборнік будзе магілай вершаў.

Хаця гэта ж тут жа напісана: "Гэта проста гульня. Не магіла, а схоў".

У рэшце рэшт, харошы верш заўсёды ёсць сховам прозы. І наадварот.

Паэзія празаіка


Альгерд Бахарэвіч
Вера Бейка