Сабіна Брыло. "У конца края"

Чамусьці менавіта гэты зборнік я адкрывала з той злачыннай цікавасцю, у якой прыстойныя літаратуразнаўцы не павінны прызнавацца нават самім сабе.

Я даўно ведаю і чытаю вершы Сабіны, ёсць у мяне сярод гэтых заўсёды кароткіх, ёмістых мініяцюр свае любімыя і свае "настольныя", якія рэгулярна згадваюцца ў тых ці іншых жыццёвых выпадках, і, безумоўна, у мяне ёсць цалкам легітымныя літаратуразнаўчыя ракурсы, з якіх можна было б разглядаць і новую падборку, што выйшла ў нашым выкшталцоным выдавецтве "hochroch Minsk" у Берліне. Але менавіта зараз мне хацелася прачытаць гэтыя вершы зусім іначай, не так, як звычайна.

Абвінавацім у гэтым выдавецтва: у анатацыі да зборніка вядзецца аб тым, што "для этой книги автор отобрала небольшое количество коротких поэтических текстов, написанных в период с 2019 до 2023 года". Гэты перыяд для кожнага з нас — не проста выпадковыя даты. Думаю, большасць беларускіх чытачоў, і асабліва чытачоў паэтычных зборнікаў (як вядома, гэта чырвонакніжны від чытача), маглі б сказаць, што гэта самы цяжкі ў іх жыцці перыяд. І мне як чытачу было вельмі важна пачуць голас паэткі, з якой мы разам жывем у гэтым самым часе. Мне было важна пабачыць, якім адлюструецца гэты час у яе ёмістых, максімальна канцэнтраваных па думцы вершах.

Паэт не мае перад чытачом аніякіх абавязкаў — і ўжо тым больш не мае абавязкаў адлюстроўваць час. Болей за тое: калі ён раптам ў ХХІ стагоддзі паставіць адлюстраванне часу сваёй акрэсленай мэтай, баюся, яго закідаюць шапкамі ў любой сацыяльнай сетцы. Паэзія вам не аналітычны канал на ютубе, скажуць прыдзірлівыя крытыкі — і будуць мець рацыю.
Між тым — а што ёсць паэзія, як не люстэрка часу? Так ці іначай, пэўныя словы складаюцца ў пэўныя радкі толькі ў канкрэтны момант, выяўляючы ў гэтым моманце нейкія асаблівыя сэнсы. Офтоп: вось чаму я думаю, што любыя перапісаныя, праз некалькі гадоў ад нараджэння адкарэктаваныя вершы заўсёды горшыя за няхай сабе нязграбны, але першы варыянт.

У люстэрку Сабіны Брыло цяперашні кляты час выглядае часам перад канцом — як і абяцана ў назве зборніка.

Дарэчы, тое самае пачуццё, здаецца, зведала і ілюстратарка Ганна Балаш: зборнік распачынаецца малюнкам, на якім чалавек (ці чалавечыца) цягнецца зазірнуць у высокае акно, аздобленае лёгкімі вясновымі фіраначкамі, але зверху да рамы спускаецца суровая вяроўка, а сонца за шыбай выглядае на пятлю.

Собирать камни и ждать смерти —
было вначале
но появилось слово
и стало можно
смерти ждать
и собирать камни
болтая.

Мне падаецца, у гэтым ёсць нейкая гранічная і няшмат каму даступная шчырасць: сябры, усё вельмі кепска, надзеі няма, але давайце, прынамсі, бавіць час у ненавязлівым, нязлым і прынцыпова бессэнсоўным занятку. Бо "болтовня" — гэта не гутарка, не роздум, не гістэрыка, не плач і не скарга. У гэтай паэтычнай прапанове "ждать смерти" — нуль пафасу, нуль апакаліпсу, нуль маны. Ніяких дарэмных спадзеваў. Можна было б праваліцца ў дэпрэсію (беларускі чытач у гэтым надзвычай спрактыкаваны, і беларускія літаратары нас рэдка расчароўваюць у сваім уменні нагнаць песімізму). Але паколькі ў вершы ўтрымліваецца відавочная адсылка да Старога Запавету — цяперашні час па волі аднаго толькі радка працягваецца ажно да Аўраама. Так што няма нічога новага на Зямлі, і тое, што мы цяпер успрымаем катастрофай, ёсць усяго толькі чалавечая паўсядзённасць у чаканні канца. Калі пашанцуе з добрай кніжкай — тады "болтая". Што ж.

Господи, как не хватает твоего Иисуса.
Не в церкви, распятого, а лично мне — для утешения.
Живого, здорового, с парой часов свободного времени,
с отключенным телефоном, в тапочках для гостей у меня дома.

Гэты звычайны Сабінін Ісус вандруе з верша ў верш — пераважна якраз ў тапачках. То лірычныя гераіня цалуецца з ім на кухні, то пабачыць яго сярод вулічнага натоўпу — выглядае на тое, што і Сын Божы, стаміўшыся за дзве тысячы гадоў, бавіць чарговыя клятыя часы без пафасу і апакаліптычных настрояў побач з добрымі, але такімі ж бяссільнымі, як і ён, людзьмі. Не думаю, дарэчы, што тут утрымліваецца будзь-якая абраза пачуццяў веруючых: калі б Ён быў усемагутным, дзіўна выглядаў бы пасярод цяжкіх часоў са сваёй заўсёднай бездапаможнасцю. А так — у тапачках — Ён вельмі падобны да нас, створаных, як мы ведаем, на Ягоны ўзор. Такі сапраўды можа суцешыць. У такога хочацца верыць.

Ды і самі часы — што і казаць, надзвычай цяжкія — у вершах Сабіны таксама ходзяць у тапачках.

Время пришло
говорит: ну что,
ты не готов
а я пришло.

Ты говоришь:
Заходи, садись
не предупредило
Теперь жди.

Сапраўды, вельмі знаёмае пачуццё: бам-бара-бам, барабаны гудуць, трубы трубяць, "время выбрало нас", яно кліча пад сцягі і гарматныя стрэлы, а мы не гатовыя. Мне падаецца гэта выразнай асаблівасцю нас цяперашніх: гэта не мы чакаем, а час чакае, пакуль мы падрыхтуемся. Гэтае адчуванне міжчасся, боўтання недзе ў паветры, спыненых гадоў — вы заўважылі 2023-ці? Куды ён падзеўся, якім ён быў? І гэта нават не ён сядзіць на канапе ў чаканні, гэта яго папярэднікі застыглі побач з намі, у нашых кватэрах і стараюцца трымаць роўна спіну, бо ў гасцях, і ўсім няёмка, але як ёсць.

А мы не гатовыя ўсё адно.

Дай мне задание, командир
я скажу: есть
и будет исполнен долга
мой шаг негордый
мой неказистый вид

Гэта падаецца вельмі важным: у той час, калі навокал вокамгненна расчалавечваюцца цэлыя народы, калі менавіта на расчалавечванне працуюць прапагандысцкія машыны дзяржаў — зачалавечыць, вярнуць у нармальны, неказісты і нягорды выгляд усіх тых, каму аддалі загад, і нават тых, каму не аддавалі. Вярнуцца ўсім — да сваіх салатаў і рассцеленых пасцеляў, абуцца ў тапачкі, абтрэсці з сябе шалупінне любога пафасу, любых слоганаў і лозунгаў, не тое каб стаць нейкім абстрактным гучным "Дабром" — а проста вярнуцца па хатах і заняцца звычайнымі справамі. І Хрыстос побач — нераспяты, і п’е каву.

Час глядзіцца ў люстэрка вершаў — і не пазнае сябе. Ён у ім зусім звычайны, чалавечы час, такі, як заўсёды. І ад таго — нястрашны. У дэкарацыях, прапанаваных яму Сабінай, яго штыхі, шлемы і латы нагадваюць цырк альбо школьную самадзейнасць — але з-пад жалезнага налобніка на нас глядзяць вочы вельмі стомленай, няшчаснай істоты, якая хоча таго самага, чаго хочам і мы ўсе — суцяшэння. І час гэты цягнецца столькі, колькі жыве чалавецтва, і турботы ў нас — адны на ўсіх.

Живые выталкивают
других живых
из жизни.
"Удерживайтесь, пока можете!
держитесь за нас!" —
кричат мёртвые.

Я гляджу ў люстэрка вершаў — і пазнаю наш час. Калі сапраўды абтрэсці яго ад лушпіння пустой аналітыкі, інфашуму, ІПСО, маны, асабістых амбіцый, гучных заяў, пагроз, яшчэ раз маны, і яшчэ раз, і яшчэ — гэта сапраўды чарговы канец краю, за якім будзе яшчэ адзін — як і спакон свету, пакуль мы "болтаем".

Возьми надежду, всяк сюда входящий.
Используй аккуратно и по делу.
Не рви, не пачкай, не ломай детали.
На выходе оставь ее другому.

Замовіць кнігу Сабіны Брыло "У конца края" можна тут:
berlin@hochroth.eu

Час глядзіцца ў люстра і (не) пазнае сябе



Сабіна Брыло
Вера Бейка