(Пра кнігу Іллі Камінскага “Рэспубліка глухіх”)



Узаемадзеянне літаратурнай традыцыі і наватарства, спалучэнне
розных мастацкіх метадаў, жанравыя своеасаблівасці – усё гэта робіць «Рэспубліку глухіх» такім творам, які для многіх чытачоў будзе, хутчэй за ўсё, і блізкім і далёкім адначасова. Верагодна, адначасовасць супрацьлеглых уражанняў тут амаль нарматыўная, што само па сабе павінна нас моцна зацікавіць.

Але хочацца сказаць пра тое, што ні ў якім разе нельга абысці ўвагай, – пра адну не зусім яўную калізію твора. Гэта калізія мовы. Хтосьці адразу сказаў бы, што калізія – гэта супярэчнасць паміж чымсьці і чымсьці, супярэчнасць, якая ляжыць у аснове канфлікту твора. Што азначае словазлучэнне «калізія мовы»? Дзе тут тыя два суб’екты, паміж якімі можа быць супярэчнасць? Адказ даволі відавочны: у Рэспубліцы глухіх любая мова можа быць толькі замежнай, чужароднай, варожай або штучнай (звернем увагу на такія выразы ў творы, як: сяржант скрыгоча на мове сяржантаў;
мова, якую ніхто не разумее; я… без камуфляжу мовы; раты – паграбы ў цвілі слоў; майстраваць мову; стварыць мову). Адпаведна, мова ўступае ў канфлікт з самой прасторай (культурнай, анталагічнай, псіхалагічнай), а не проста з нейкай іншай мовай. Ёй, хутчэй, супрацьпастаўляецца маўчанне і цішыня (…сваё маўчанне расцягваў, / як мяхі акардэона; Што такое чалавек? / Зацішша між дзвюх бамбёжак; …гісторыя, расказаная пальцамі тых, хто танчыў перад Богам без слоў; Што такое маўчанне? Штосьці ад неба ў нас). Зусім не заўважыць гэты матыў у творы нельга, але ёсць небяспека не ўбачыць усю яго значнасць і сэнсаўтваральны патэнцыял.

Аднак перад намі тэкст, а тэкст можа быць напісаны толькі на мове. І гэта ўзмацняе названую калізію. Лёгка заўважыць, што мова твора выглядае дэканструяванай, адчужанай і даволі трапна можа быць акрэслена (па Лотману) як амаль мінус-прыём, а мы сказалі б – як не-прыём, які становіцца галоўным мастацкім прыёмам, канструктыўным у гэтым тэксце, і – парадаксальна – персанажам твора.

Цікава, што нашы сучаснікі-суайчыннікі схільныя, здаецца, не
заўважаць гэтую загадкавую калізію ў сваёй рэальнасці. Не заўважаць ці хаця б не асэнсоўваць. А калі нават мы і спрабуем асэнсаваць яе, то часта чапляемся за нейкія даволі спрошчаныя адказы. Культурная прастора, дзе любая мова з’яўляецца не сваёй ці не зусім сваёй, – хіба гэта не пра нас? Адна – замежная, другая – «як бы замежная», бо ёю трэба авалодваць, як замежнай. (Што, напрыклад, не перашкаджае камусьці называць матчынай нават тую мову, якою ён амаль не валодае ці якою ніколі не карысталася яго маці, – і гэта адзін з варыянтаў менавіта
спрашчэння нашай уласнай калізіі, бо так яна пераводзіцца на ўзровень лозунгаў, дэкларацый, штампаў.) У творы Іллі Камінскага «гараджане прыдумалі сваю ўласную мову жэстаў», яе, як было сказана вышэй, «майструюць» і «ствараюць». У адным эпізодзе яе майструюць «з жаху». Ці гэтае майстраванне, канструяванне нельга зразумець як ёмістую метафару,
якая можа апісаць і нашу сітуацыю?..

Перад намі твор, які сімвалічна расказвае нам шматузроўневы аповед (дзе верхнія, яўныя, узроўні павінны прачытвацца праз ніжнія, схаваныя, глыбінныя) – аповед пра нас саміх, хаця напісаны не беларусам, не ў Беларусі і не па-беларуску. А такое магчыма, бо нават і «выключныя» калізіі знаходзяцца ў рэчышчы агульначалавечай культурнай праблематыкі, тым больш што вобразнасць твора суадносіцца і з нейкімі зусім іншымі
гісторыка-геаграфічнымі рэаліямі.

І звернем увагу, што неардынарныя калізіі павінны адкрываць і неардынарныя магчымасці. Але нельга спыняцца на спрошчаных рашэннях.
Калізія мовы