Вера Бейка
Пчолы на асфальце

Прэміяльны "Рой" Юра Пацюпы

У чым увогуле задача літаратурнага крытыка? Некаторыя думаюць, што яна ў тым, каб абвясціць прысуд аўтару: маладзец ён ці графаман. Такая крытыка заўсёды суб’ектыўная і ніколі не выходзіць па-за межы карпаратыўных ці асабістых чалавечых прыязнасцей. Іншыя думаюць, што крытыка — частка піяру, і кожная кніжка, у якой ёсць хаця б невялічкая, але рэцэнзія, мае больш правоў на існаванне, чым тая, у якой рэцэнзій няма. Такія рэцэнзіі пішуцца за грошы ці за добрае стаўленне, і таксама аніяк не спрыяюць развіццю літаратуры.

Мне ж падаецца, задача крытыкі — у выяўленні контрапунктаў кожнай кніжкі, што выйшла ў свет, у пазначэнні кірунку, у якім яе добра было б прачытаць, у суаднясенні канкрэтнай кнігі — і агульнай плыні, у змяшчэнні гэтай кнігі ў пярэсты і некантраляваны працэс нацыянальнай творчасці.

З гэтай мэтай я і працягну.

Зборнік Юра Пацюпы "Рой: тэксты і інтэрпрэтацыі" атрымаў сёлета галоўную паэтычную прэмію Беларусі — Стральцоўскую. Рашэнне журы суправаджалася ёмістай фармулёўкай: "За захаванне класічных літаратурных традыцый, за самабытнасць і багацце паэтычнай мовы, за новыя адкрыцці ў даследаванні даўняга беларускага пісьменства".

Фармулёўка, як на мяне, даволі небяспечная — такая суправаджае выданні, так бы мовіць, літаратурных пенсіянераў, чые заслугі перад літаратурай вырашылі хоць як адзначыць. У часы, калі класічныя літаратурныя традыцыі не толькі руйнуюцца натуральным чынам, але і публічна высмейваюцца лідарамі літаратурных думак. Ці не Альгерд Бахарэвіч з трыццаць гадоў таму распачаў чарговы паход супраць Купалавых і Коласавых традыцый? Паход, які распачынае кожнае маладое беларускае літаратурнае пакаленне ад самых міжваенных часоў, распачынае вось ужо сто з гакам гадоў і ўсё ніяк не завалодае гэтым Граалем, бо традыцыя ўсё жыве і жыве, і нават ганаруецца прэміямі.

Сказаць напраўду, у некаторым выкананні гэтая вершаваная традыцыя псеўда-Купалы і тыпу-Коласа ў колішняй нашаніўскай рэдакцыі абрыдла і мне: і па сёння можна сустрэць у друку і сеціве прымітыўныя чатырохрадкоўі ямбам альбо харэем з зарыфамаванымі "не зракуся Беларусі", роднай старонкай, сінім небам і неабсяжным полем, альбо, калі без палітыкі, то з яварам і калінай, з векавечнай прыпеўкай "я адзінокі воўк, а сусвет мне пустэльняй", з цяжкой доляй песняра і неабгрунтаванай верай у светлую будучыню. Некаторыя з аўтараў гэткай "класічнай традыцыі" нават маюць сур’ёзныя пасады ў сферы беларускага кнігавыдання, некаторыя нічога не маюць, акрамя нейкай колькасці экзальтаваных прыхільніц "сардэчных прыгожых радкоў", у любым выпадку, традыцыю захоўваюць. То гэта сумнеўны, як на мой погляд, камплімент.

Між тым, адкрыўшы зборнік "Рой", першым, што я пабачыла, якраз яна і была — класічная літаратурная традыцыя.

На дарогу краскамі ляглі
Тыя, што адбытавалі ў свеце
І да берагу любові прыплылі,
І сцягі змяшаў з зарою вецер…

Ці вось так:

Трава, спавітая расой,
Каменне ходнікаў кранае,
Тваё каханне нібы сон,
Твой сон ружовы там лунае…

Ці такое вось, прыкладам:

Я іду праз сусветы самотнай хадой,
Дзе па мне застаецца — самота, самота,
І паўсюль сустракаю самоту з бядой,
І сляды зацякаюць чырвонай лістотай…

Прагартаўшы некалькі старонак, я засумавала — і перамясцілася па змесце ў раздзел "Інтэпрэтацыі".

І вось тут ужо — зачыталася.

Ах, гэтая гарадзенская школа літаратуразнаўства! Значна больш распаволеная, зіхоткая, культуралагічна насычаная, чымся мінская. Гарадзенцаў цікавяць канкрэтыка тэксту, лінгвістычныя стратэгіі і тактыкі, быццё асобных паэтычных і празаічных методык і прыёмаў, а не грувасткія напластаванні прыгожай бяссэнсіцы кшталту "канцэптаў" і "лейтматываў", якімі з году ў год займаюцца і студэнты, і навукоўцы на мінскіх філалагічных кафедрах. Чытаць гарадзенцаў, з іх дасціпнасцю, хуткасцю навуковай думкі, нешаблоннасцю разважанняў і грунтоўнымі аргументамі з рэальнага жыцця, а не з галоваў аспірантаў, прыгнечаных абавязковым спісам публікацый у рэцэнзаваных выданнях — чыстае задавальненне! Чытаць "з’ясненні і дазнанні" Юра Пацюпы — чыстае задавальненне ў квадраце.

І спрэчнае, але ж плённае даследаванне плыняў беларускага рамантызму, і хвацкі, ажно займае дых, і паралельны разгляд лірычных стратэгій Жылкі і Дубоўкі, дзе кожная выснова шматкроць абгрунтаваная тэкстам і кантэкстам, а не межамі даследчыцкай фантазіі, і смелы, небанальны разгляд пралетарскай літаратуры як феномена — уся гэтая надзвычай бадзёрая, стылістычна хуліганская, дынамічная і захапляльная інтэпрэтацыя вядомых і невядомых тэкстаў і з’яў не на жарт хвалюе чалавека, які хоча ўсур’ёз пагутарыць пра гісторыю беларускае літаратуры — і не проста абмяняцца ўздыхамі і ныццём пра "трагічны шлях" альбо "каланіяльнасць", але і паспрачацца — можа, нават і занадта горача, але з сэнсам. У кожнай са сваіх літаратуразнаўчых прац Юр Пацюпа задае надзвычай здаровы тон магчымай гутарцы альбо спрэчцы, бо ў адказ на ягоныя занадта смелыя высновы альбо нечаканыя абагульненні ты вымушаны падбіраць і аргументы, і контраргументы з літаратурнай і гістарычнай рэальнасці, а не ўласных густаў альбо ўяўленняў.

І вось, начытаўшыся ўдосталь гэтага бліскучага літаратуразнаўства, наспрачаўшыся завочна і надзівіўшыся адкрыццям, я вярнулася да "класічнай спадчыны", увасобленай у вершах.

О дзіва! Яны былі зусім іншымі.

Тут я мушу зрабіць адступленне і крыху паразважаць афтоп вакол вядомай калялітаратурнай тэмы: ці павінны мы адасабляць тэксты ад іх аўтараў і ўспрымаць твор мастацтва асобна ад таго чалавека, які іх напісаў? Ці важна для нас, што "Мая Бесядзь" напісана Куляшовым, а "Маланка жне, гром малоціць" — Разанавым? Ці важна для нас тое, што Караткевіч альбо Стральцоў не ўстрымліваліся ад алкаголю і ў побыце размаўлялі па-руску? Ці ўплывае гэта на наша ўспрыняцце іх тэкстаў?

Думаю, у некаторых выпадках для нас вельмі важна, хто піша верш. Шырока вядомы класічны эксперымент з безыменнымі паэтычнымі тэкстамі, якія былі запрапанаваныя літаратурным крытыкам з мэтай папрасіць незалежнай ацэнкі. "Спачатку скажыце, хто аўтар, а тады мы ацэнім", — уголас запатрабавалі крытыкі.

Гэтак выйшла і з кнігай "Рой". Самі па сабе вершы зборніка не зрабілі на мяне будзь-якога ўражання. Але як вершы, напісаныя адным з самых дасціпных і арыгінальных беларускіх літаратуразнаўцаў — так, зрабілі. Напэўна, некаторыя шматжанравыя зборнікі ўсё ж варта выкладаць, разбураючы стэрэатыпы "спачатку вершы, а потым усё астатняе".

Бо цяпер мне стала цікава: а як ён сам робіць вершы, гэты фацэт-інтэпрэтатар? А якія словы ён сам будзе выбіраць са слоўніка, гэты хвацкі, зыркі даследчык?

І тады ўжо адкрыліся мне такія, прыкладам, вершы:

Надзенем гумовыя боты, якія хрумсцяць, як капуста,
І пойдзем туды, дзе з-пад хмары ляціць аж да вечара ліст,
Туды дзе ласі мухаморы ядуць, нібы тоўстыя лусты,
Дзе пальцы выкручвае холад і чэзнуць травы касмылі…

Там жа будзе зямля, "круглейшая за калена", блакітныя агуркі і зялёны мёд, кабыздохі, што не даюць заснуць, псіны, якіх не бярэ ані воўк, ані мароз — усё такое важкае, знаёмае, але нечаканае, смелае і менавіта дасціпнае — так бы я ахарактарызавала падыход Юра Пацюпы да слова. І якраз там, дзе ён не захоўвае, а разбурае класічную вершаваную традыцыю — там і ёсць сапраўдны смак гэтых вершаў. Як у вершы "Каляды ў Алкея і Асклепіяда": здавалася б, класічны памер (прынамсі, нагадвае гекзаметр), алюзіі на старажытную Грэцыю — але ж які дысананс паміж вонкавай класічнасцю і ўнутраным эксперыментам!

Тут жа, ў гэтых вершах, сустрэнуцца "сініня", "вехаць", "кнот", "каганец" і яшчэ безліч беларускіх слоўцаў, якія сёння, у эпоху мовы, адроджанай праз сацсеткі і ролікі нова-беларускамоўных папулярызатараў ЦікТока, не знойдзеш у кнігах. Як важна, што гэтых слоўцаў ёсць дзе набрацца — прычым з такіх прыемных рук! Гэтыя слоўцы — як пчолы на асфальце: гудуць і гудуць, нястомныя, у радках, важных не самі па сабе, а менавіта іхняй, слоўнай, лінгвістычнай прысутнасцю. Далібог, трэба пасадзіць студэнтаў — і каб выпісвалі усе гучныя, звонкія, харызматычныя словы, знойдзеныя Пацюпам, занатоўвалі ў слоўніку, складалі з іх свае вершы — можа, больш сучасныя па форме і больш смелыя па думцы, але ж аздобленыя, угрунтаваныя, аблюдненыя сапраўднай паэтычнай мовай.

То я дзякую і прэміі Стральцова, і выдаўцу Раману Цымбераву, і, безумоўна, шаноўнаму Юру Пацюпу за тое, што "я не самотная, я кнігу маю" — з якой можна спрачацца, здзіўляцца, натхняцца, іншым разам нават дзівіцца, адным словам, мець увесь спектр эмоцый, якія мусіць выклікаць у нас літаратура, тым больш — прэміяльная


Набыць кнігу Юра Пацюпы "Рой" можна тут:

kniger.by
knihi.by
"Акадэмкніга" (г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 72)
Юр Пацюпа