паэтычны свет Дзмітрыя Рубіна, або Рэвальвер-2

Хто сказаў, што рэцэнзія павінна пачынацца з нейкага грунтоўнага ўступу ці хаця б з пункту "1"? Я пішу "Рэвальвер-2" як адказ пісьменніку, які, відавочна, пра чытача не дбае. У кнізе Рубіна нельга знайсці "праграмных" вершаў, звыклых да крытычнага погляду прыëмаў, стылëва выверанага радка. Вой, якія разумныя словы! Толькі навошта яны ў свеце, гранічна раздробленым, знішчаным ушчэнт? У краіне, дзе не да… Далей ты ведаеш.

Часам здаецца, што вось-вось – і мастацкі свет, які адлюстраваны на старонках кнігі, атрымае дакладныя рысы: каардынаты для чытача. Але ўрэшце спаткаем… выпадак. Гэта формула героя і мастацкага ўніверсуму, бо не ўзнавіць, не хаця б намеціць крокі да пераадолення раздробленасці немагчыма. Выпадак – абрыс лірычнага героя ці тое, што можна назваць "сацыяльна-псіхалагічным" абліччам. Вядома ж, гэта сучаснік, жыхар горада, які захлынуўся дымам і жахам. У такіх абставінах захлынуліся абодва – горад і чалавек. Апошні пакідае сабе толькі глыток свежага паветра, нібы шлейф успамінаў, стары скураны плашч ці прабіты цыліндр. Свабоду. Але ці магчымая яна зараз? Ці дачакаемся свайго Забрыскі Пойнт, калі гэтым светам кіруе белая пустэча?

Менавіта зімовая эмацыйная атмасфера кнігі. Здаецца, чытач замаруджваецца, замыкаецца ў нейкім коле, дзе рухацца немагчыма. Толькі дыхаць. Таму і свабода, якую пакідае сабе герой, ― жахлівая. Хіба не памятаеш, што ў яго руцэ рэвальвер?
Калі звярнуцца да тэксту, атрымаем:


У глотку залілі бетон
Гэта фундамент зверху паставяць дом
Пасярод дому будзе ляжаць вянок
Штучны ляжаць вянок
А побач сляды жывых ног
Добра бетон не ртуць
Добра няма вайны
Нават сярод вайны
Добра што стогн не звон
Нават калі і звон
Толькі б паветра глыток
Поперак горла вянок
Кепска бетон не ртуць
Я бы набраў за рэбры
Поўныя лёгкія срэбра


Дзіўныя адносіны са светам, праўда?

Усë, што аказваецца вакол героя, дзіўным чынам трапляе пад абстрэл яго свядомасці, і тады "аблокі разрываюцца ў небе / Каб зноў сабрацца і маўчаць пра тое / Як разарваным быць", "Кладзецца снег / Адразу ўздоўж дарогі / Тварам уніз / Рукі за галаву / Зубы на паліцу". Я запісала гэта праз рысачку, парушыўшы паэтычную страфу, але хіба не тое самае робіць аўтар з уласнымі вершамі?

Вось ëн парушае рытм, ламае яму хрыбет балючым "але":


Ішла Смерць
Маленькая
Нібы зорка ў бязнеб'і
Ішла Смерць
Тоненькая
Нібы хрыбет немаўляці
Не сустракалі Смерць
Не давалі ёй хлеба і солі
Яйка і масла
Не расчынялі перад ёй дзверы
Але
Самі ішлі за ёй
Вёска маўчала
Пустымі вачніцамі
У спіны


Аўтар пазбаўляе радкі знакаў прыпынку, разбівае на сугучныя кавалкі, прапануе чытачу трэш-вызваленне ад пэўнага сэнсу і замкнëнай свядомасці:


Не
Вер
Боль
Шшшш
Болю
Блю


Або хавае жах разламанага ўшчэнт свету пад атласам афарызму, які зіхаціць нечаканымі сэнсамі, парадоксамі: "У лужыне ля пад'езду / Пахавалі неба", "Замест люстэрка / Разбіў сабе твар / На шчасце", "Ля дому ліхтар / Будзе свяціць усю ноч / Мне б яго смеласць". Можна згадаць, што нешта падобнае было ў Алеся Разанава, але хіба ў такіх абставінах, калі нельга закалыхваць абсурд і застаецца толькі ўскочыць на яго хвалю?

Таму дакучлівым, няспынным лейтматывам праглядвае са старонак гвалт, сацыяльная постаць абсурду ў краіне, дзе… Далей ты ведаеш. Бо навокал, як і ў крыві лірычнага героя, ідзе вайна, водбліск якой апальвае думкі і твары, таму немагчыма пісаць пра нешта мірнае, іншае, зямное роўным складам, інакш. Сярод вершаў "сацыяльнай" і "ваеннай" тэматыкі вылучаюцца "Каму цікава чытаць пра гвалт…", "Куды ты ідзеш амапавец…", "Неба было такім мірным…", "Людзі чужой калонай ідуць па чужой краіне…", але праблема шырэй, бо пралягае ў сферы адносінаў з сусветам.

Ці не таму радок скочваецца ў лагчыну бязглуздзіцы? Гэта аўтар спрабуе знайсці паэтычную мову, адпаведную наваколлю. І тады некуды па-за банальнай логікай скочваюцца ўспаміны пра памерлага паэта ("На пахаванне прыйшлі ўсе…"), размова па тэлефоне ("Прывітанне / Толькі давай не пра прэзідэнта…"), сустрэча калі пад’езда ("Калі падыходзіце да нашага пад'езду…"). Глядзі, які выразны абсурдысцкі сюжэт атрымаўся.
Але.

Я тут падлічыла, колькі раз на старонках ў розных варыянтах сустракаецца лексема "гвалт". А "смерць" – і таго болей…. Чаму ж ты пакідаеш у гэтым свеце ўласны паэтычны рэвальвер, гатовы да дзеяння? Бо прачытаць ўсë гэта адразу і прачнуцца – немагчыма.

Не вельмі ратуе і нац-арт, замяшаны на чорным гумары. Гэтыя саркастычныя ўвасабленні дзеячаў "белліту", якія імкнуцца прыстасавацца да сацыяльных абставін ("У магілах / Беларускіх пісьменнікаў…", "Пасля смерці / Аўтар змяніўся…"), нагадваюць Хармса, Зошчанку, Мрыя. Але бліжэй за ўсіх табе Кафка.

Пра дзяцей. Сапраўды шкада, калі нармальная "чалавечая" будучыня немагчымая і застаецца толькі творчая аўтарэфлексія:


Мае дзеці
Нікога не заб'юць
У мяне не
Будзе дзяцей
Толькі тэксты
З якіх вырастуць людзі
Якія нікога не заб'юць


Ці дачакаемся свойго Забрыскі Пойнт ў краіне, дзе?.. Я не ведаю. І як пра гэта пісаць іншымі словамі – таксама. Напэўна, так, каб не стрэліць. І ты пра гэта ўжо напісаў.

Набыць кнігу Дзмітрыя Рубіна "Выпадак" у электронным варыянце можна ў Google Play Books і Apple Books. Папяровы асобнік зборніка можна замовіць у выдавецтве "Skaryna Press".

"Ішла Смерць Маленькая":



Дзмітрый Рубін
Алена Лепішава