Верш у прозе "Desiderata" быў напісаны ў 1920-х гадах, калі яго аўтар, амерыканскі паэт і юрыст Макс Эрман (Max Ehrmann, 1872–1945), пакінуў сваю юрыдычную практыку і цалкам аддаўся творчай працы. Упершыню тэкст быў апублікаваны ў 1933 годзе ў часопісе "Michigan Tradesman", але вядомым ён зрабіўся толькі пасля смерці аўтара. Пачынаючы з 1960-х верш актыўна распаўсюджваўся ў розных асяродках і супольнасцях, у тым ліку рэлігійных, часам без указання аўтара. Зрабіўся культавым сярод хіпі як гімн міру, любові і ўзаемаразумення, выкарыстоўваўся таксама ў групах ананімных алкаголікаў і з таго часу разышоўся ва ўсім свеце. У польскім перакладзе Анджэя Якубовіча верш зрабіўся папулярным дзякуючы створанай паводле яго песні кабарэ "Piwnica pod Baranami" на музыку Пятра Вавэльскага.

Само слова "desiderata" – гэта множны лік ад лацінскага "desideratum" – "тое, чаго жадаеш ці прагнеш". Верш напісаны ў выглядзе пажаданняў сябрам на Каляды, першапачаткова суцэльным тэкстам, але ў 1970 годзе яго раздзялілі на абзацы ў выданні "Pro Arts" і "Crescendo Publishers" для лепшага ўспрымання. Ужо колькі дзесяцігоддзяў тэкст цэніцца за сваю цёплую інтанацыю і абраныя аўтарам выразныя фармулёўкі, якія маюць у тым ліку тэрапеўтычнае гучанне. То хай гэты верш зробіцца нашым калядным віншаваннем для беларускіх чытачак і чытачоў і хай гэтыя пажаданні спраўдзяцца – як спраўдзіцца ўсё тое, што мы зычым адно аднаму ў гэты святочны зімовы час.

Макс Эрман

Desiderata
(Пажаданні на Каляды)

Спакойна ідзі праз галас і спешку і помні, колькі міру можа хавацца ў маўчанні. Наколькі магчыма, будзь у добрых стасунках з усімі, але сябе не зракайся.

Кажы сваю праўду спакойна і ясна і слухай іншых, нават дурных і бяздумных – у іх таксама ёсць свая гісторыя.

Пазбягай шумных і агрэсіўных – яны раздражняюць дух. Калі захочаш параўнаць сябе з іншымі, цябе чакаюць пыха ці горыч, бо заўжды знойдуцца горшыя і лепшыя за цябе.

Радуйся сваім дасягненням гэтак жа, як і планам. Не страчвай цікавасці да ўласнай працы, хай сабе сціплай, бо гэта тое, што ты напраўду маеш у зменлівым часе.

У справах будзь асцярожны, бо свет поўны махлярства. Але не будзь сляпы да сапраўднай годнасці: многія імкнуцца да ідэалаў, і жыццё ўсюды поўнае гераізму.

Будзь сабой. І перадусім не ўдавай прыхільнасці. Але і не стаўся да любові з цынізмам, бо ў часы сухмені і расчаравання яна такая ж трывушчая, як трава.

Зычліва прымай парады гадоў і ўдзячна выракайся спраў маладосці.

Гадуй сілу духу, каб яна ахавала цябе ў раптоўным няшчасці. Але не мардуй сябе змрочнымі ўявамі. Многія страхі нараджаюцца са стомы і самоты.

Жывучы ў здаровай дысцыпліне, стаўся да сябе з пяшчотай. Ты – такое ж дзіця сусвету, як дрэвы і зоркі, і маеш права быць тут.

І, усведамляеш ты гэта ці не, сусвет, без сумневу, крочыць наперад так, як мусіць. Таму жыві ў згодзе з Богам, чым бы Ён табе ні здаваўся. І якімі б ні былі твае турботы і памкненні, у гармідары жыцця захоўвай мір у душы. Гэты свет – нават з фальшу, утомнай працай і разбітымі марамі – усё ж прыгожы. Не маркоцься. Імкніся да шчасця.

Пераклала з англійскай Ганна Янкута
Пажаданні на Каляды