TAŬBIN

It is raining in Minsk

Poems by Lesia-Stefania Michalevich

Lesia-Stefania Michalevich

***

контрактова площа — з наголосом на «о»,
у навушниках соліст гурту бумбокс побажає доброго ранку.
богдан знов не приїде — доведеться спускатись в метро.
і працягнецца наша з табой, дарагі, нескінченна гульня ў маўчанку.

мне сямнаццаць — Кіеў, лета, тусоўкі, слёзы,
цыгарэты без пашпарта, заўтра будзе канцэрт Луны.
«крута, пэўна, тут жыць» — вось такая іронія лёсу:
я тікаю в країну, де йде війна, з тієї, де немає війни.


***

ты — мой сонечны зайчык, шчаслівы трамвайны квіток,
першы снег, валянцінка ад хлопца ў дзіцячым гуртку па танцах,
свежы подых у месцы, дзе неба зацягвае смог,
самы шчыры і радасны смех у краіне, дзе нельга смяяцца.

ты — нібыта адліга, што ў лютым малюе вясну,
як дастаць той білет, што вучыла за ноч да іспыту!
як прачнуцца ў нядзелю - і зноўку салодка заснуць,
як ніколі не думаць пра свет, што можа не вытрываць.

ты — у траўні пад вокнамі палка квітнеючы бэз.
водар лецішча, рэчкі і яблыкаў, наламанай сухой саломы.
як парэчкі есці з куста і на ровары ехаць праз лес,
як усё перажыць
і, нарэшце, вярнуцца дадому.


***

у свеце, дзе для маёй любові бракуе месца.
у безлічы ўсіх старанна схаваных падтэкстаў,
знаходзяцца ўрэшце словы
і пішуцца кнігі,
для тых і пра тых, каго забралі за тэксты.

у гэтым кантэксце даўно не існуе
горшага й лепшага.
але спяваюцца песні — праз сутаргу ў горле — пішуцца вершы.
і адбываецца
нешта.

мы молімся ў пошуках выйсця з суцэльнай цемры і вусцішнай бездані,
думаем, што вось-вось задыхнемся — а потым
клянемся, што вернемся.

вернемся.
у краіну бяскрайняга неба і самага зыркага месяца,
што свяціў насуперак усяму і дагэтуль свеціць.

для маёй любові пакуль што бракуе месца.
некалі для яе
ня хопіць
свету.


***

пакідаю табе нататку:
у менску ідуць дажджы? я не там, але ўсё яшчэ правяраю прагноз надвор’я.
у бабулі на лецішчы, хіба, скончыліся суніцы і пачаўся сезон ажын?
гэта проста дарэчы: я даўно не ем ягады. ды і лецішча не любіла ніколі.

а бабулі? бабулі пісала, вось, літаральна ўчора. ёй заўжды цікава, што ў нас з грашыма і ці мы здаровыя.
я прыдумала для яе ўжо сотню гісторый пра сяброў, што купляюць машыну, пра наш адпачынак на моры…
а насамрэч? я ўжо больш за тыдзень не хачу выходзіць з пакою.

без
ніякай
нагоды:

у мяне па правым баку — квінтэсэнцыя ўсіх невымоўных мрояў,
а па левым — варшаўскае сонца вось-вось прадзіравіць фіранку.
гэты горад — ён… пра мяне. на ўсе 0,02 адсоткі.
на астатнія — я дагэтуль хачу дахаты.

я сумую жудасна. толькі ты так умееш слухаць.
і чытаць між радкоў у нататках пра нашыя справы:
усё добра. я шмат думаю (шэптам сабе хлушу) і чакаю.

дарагая.
я вельмі
чакаю
цябе
ў варшаве.
Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading