TAŬBIN

The Silence

Poems by Jana Hulciajeva.

Jana Hulciajeva

*
Думаеш, калі ты зменіш мову — нешта зменіцца.
Калі пачнеш казаць пра пяшчоту іншамоўна-роднымі —
гожымі, свежымі, утульнымі — словамі,
яе стане больш ці, наадварот, зменшыцца
ўзровень яе ў тваёй крыві, у тваіх вачах,
праз якую нічога больш не бачыш, не адчуваеш.
Думаеш, калі пачнеш рыфмаваць —
зрытмізуецца твая арытмія,
зрыфмуецца ўсё ў тваім жыцці празаічным.
Думаеш, калі заменіш займеннік "ты" на "я",
кажучы пра сябе, — станеш іншай,
сабою.
Думаеш, калі пазбавішся страху страціць,
яшчэ большага — знайсці, —
пазбавішся неспакою, пазбавішся нервовай
думкі пра заўтра, абыякавасці да сёння.

Думаеш, што заўсёды можна замяніць
сапраўднае — думкай пра сапраўднае…
Думаеш, нешта зменіцца,
калі ты пра гэта скажаш
якою заўгодна моваю,
ці калі не скажаш увогуле.
Калі цішынёю,
суцэльным нябытам,
прывідам
станеш —
і адгэтуль будзеш маўчаць,
пражываючы лёс і не вар’яцеючы
ад перапоўненага любоўю
самотнага
сэрца.

студзень 2018

*
Бо шчырасць твая — не твая,
не твой выбар і не тваё геройства.

І любоў твая — не твая,
не твая пяшчота ідзе на забойства
тваёй (так, тваёй!) адзіноты.

І давер твой — зусім не твой,
не табе яго і выракацца.

Цеплыні мора — не, не тваё,
не табе вырашаць, калі выбірацца
на бераг холаду і сумневу…

Бо ўсе тыя спевы, што носіш у сэрцы, —
не твае,
не твае:
каб імі сагрэцца, іх неба пазычыла
табе — тваім айсбергам антарктычным,
тваім птушкам бяскрылым і безгалосым,
тваёй хадзе па вострых каменьчыках босай.

люты 2018

*
Выдаём сябе
за сонечныя батарэі:
нібы без шчодрасці сонца
нам не выпрацаваць ані вата энергіі.
Выдаём сябе за студні:
жывая вада — толькі на глыбіні.
І не плюйце.
Выдаём сябе за маякі:
стаім на самотных скалах, свецім
у цемру, не пытаемся: каму? навошта?
Пабудавалі — свецім, прыгожыя.
Выдаём сябе за пустэчу:
напоўніце нас – будзем поўнымі.
Выдаём сябе за люстэркі:
які ты — такі і я.
Выдаём сябе за вецер:
з зоны высокага ціску
збягаем у зону нізкага.
Так лягчэй трываць.
Бачыш, і мне лягчэй выдаваць
сябе за штосьці іншае —
толькі не за чалавека, што мусіць
выпрацоўваць энергію нават без сонца;
быць жывым перадусім на паверхні,
а ў глыбіні чужую знявагу
раз назаўсёды забыць;
быць кішэнным ліхтарыкам, ці запалкаю,
бо ні мора, ні скалаў – толькі патрэба ў табе тут і зараз;
быць поўным, шчаслівым сваёй жа любоўю,
нават калі яна толькі твая;
праціраць не сябе, люстэрка, але вочы свае,
каб убачыць сябе ў Іншым;
быць не ветрам, але —
паветрам,
вадою,
сонцам самім
для кожнай жывой травінкі
ў сэрцы бліжняга.

сакавік 2018

*
L’apathie

Цела кліча: яно не жыве ад яе асобна.
Дух мой кліча, ён прызнае: без яе — несумленна.
Розум кліча: яму нудна, вусцішна, безнадзейна.
І я клічу, гукаю цябе, о душа мая:
вярніся, малю цябе, прыміры нас усіх!..

як нам быць без цябе?
як ствараць без цябе?
як кахаць?

Мая душа
немаччу з’едзена.
Мая душа
веданнем скавана.
Мая душа
ні на што
не прыдатна.

Не нарадзілася яшчэ.
Ці не ўваскрэсла.

сакавік 2021

*
Голас мой спачатку
адабраў жывёльны
жах, я —
змоўкла.
Пасля
яго трымала пры сабе
трывога, я —
маўчала.
Пасля
ім скарысталася
каханне: Не будзь, напрыканцы сказала,
узрушанай, такой
узнёслай, шчыра-простай, —
я замаўчала.
Пасля —
расчараванне
мой голас трымала ў
палоне —
я толькі і рабіла,
што маўчала.
Пасля —
сумленне
наступіла мне
на горла — так
натуральна, так
да месца.

— Ці я вам вораг? — пытаў мой голас,
пытаў мой голас: — Ці я злачынца ?

І вось цяпер
прамовіць:
" г о л а с . . .
прамовіць:
. . м о й "
— нат больш няёмка,
чым распрануцца
перад чужымі.

Што ёсць цяпер ён?..

назапашаная
сіла
маўчання

лістапад 2023

*
Las condiciones del pájaro solitario son cinco:
la primera, que se va a lo más alto;
la segunda, que no sufre compañía, aunque sea de su naturaleza;
la tercera, que pone el pico al aire;
la cuarta, que no tiene determinado color;
la quinta, que canta suavemente.
«Dichos de luz y amor» San Juan de la Cruz (1542-1591)


— Чаго ты шукаеш, самотная птушка?
— Паразумення. Па-за кантэкстам,
па-над досведам уласным,
проста з прыняцця.
— Няма яго, яго больш няма.

— Цяпер што шукаеш, гаротная птушка?
— Маўчання спагады. Не тэкстаў,
не трэнаў заўчасных
і не пракляццяў.
— Не знойдзеш… іх тут няма.

— Ізноўку шукаеш, птушка сівая,
ляцела б дадому!..
— Была я
і дома, і там не знайшла,
і дом той згубіла,
й не мела ніколі…

— Якой новай долі ты звонку шукаеш?
Якой свежай волі шукаеш ты — звонку?

Птушка маўчала.

*

Калі ты кажаш : Ma femme est poétesse,
яны пачынаюць табе тураваць:
Vous écrivez donc des poèmes.
Асцярожна, шапчу табе, акуратна,
мы ведаем добра, што гэта няпраўда,
ведаем напэўна, што я з імі раблю
і што яны робяць са мною.

Ainsi, lorsque tu liste : Voici ma femme, elle est
poétesse, écrivaine, traductrice... я раблю
тры глыбокія ўдыхі,
тры высокія скокі,
(не заўважаеш, як я запыхалася) —
і вяртаюся на зямлю.

...Чаму з трох emploi (з чатырох: l'être humain avec)
ты перадусім абіраеш мне ролю паэткі?
Parce que tu l'apprécies par-dessus tout,
la poésie. Mais moi non.
У мяне з ёю адносіны іншыя:
тры глыбокія скокі,
тры высокія ўдыхі...
non, je n'y parviens pas.

Ты проста апошнім часам яе мала чытаеш
(tout est comparable) — я ж амаль згубілася ў ёй.
Tu te souviens à quel point cette mort est tendre,
у вершы,
пад цяжарам,
пад бязважкасцю верша?
Чужога. Харошага. Peu importe rimé ou non.

Il m'immobilise, il m'anesthésie,
il me fait tout oublier pour un instant,
зусім як пяшчота тваёй далоні на маім цемі,
як цяпло тваіх вуснаў на маёй скроні…

Alors, c'est toi, mon soleil,
c'est toi-même, la poésie.

Laisse-moi trépasser.

Je reviendrai
en souriant.

студзень 2024

Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading