TAŬBIN

KOMOREBI

Poems by Belarusian poet Alena Babich

Alena Babich

ph Nadzia Bancarevich

______________________________

На ампіры
шэрым-прышэрым
заход адбіты,
адлюстраваны
на барвяным
чайчыным чэраўцы.

Па рэчышчы — хор вераса,
лускою пляскатай
грае свіслацкі цмок,
верасень
прыкры смак
разводзіць белаю гарбатай.

Лета кленчыць,
высахлае як поўня,
спаленае пад сонцам,
попел жніўня
льецца на плечы
праз парасоны.

______________________________

Мы выпесцiлi сад, каб назiраць гульню
галля i сонца.
Перамагчы звычайнае звычайным —
aбы адно не нудна,
aбы не шэра.
I дзiкiх дрэваў насадзiлi ўздоўж:
таполяў, клёнаў, лiп, ялiн для спуду.
Нiякiх яблынь i зусiм пладоў —
ствалы i лiсце, каб яно гучней шуршэла.
Хоць пуста, ды прыгожа грае спрэс
наш сад — халаднаваты, светлы лес.

Таполя пахне горкiм, цёплым пылам
i гойдае. Таксама ты мяне
на ваганцы, якую я зрабiла.

______________________________

Бруснiца мая сакавiтая, ружова-бэзавая
тоне за кранамi, тоне за кратамi, за гаманкiм клёнам.
Ды хутка iмху залатога кранаецца ў сонна-блакiтных Карпатах.
Там цмока старога ялова-гарбатага цiхага
казыча малымi гуллiвымі промнямi, быццам
Эас умiльна вiтае i песцiць дзiцё Адысея.

Хто нарадзiўся ў сонцазаходзе памiж нечаканым
колерам неба i ягадным пахам зямлi, разумее:
нешта адно з iх абраць немагчыма: здаецца i тае,
пакорлiва падае ўнiз у чаканнi сустрэчы
з часам няспрытным, што сам невымерна
прагне карпацкага ранку, i сам да яго завiтае.

Заходамi цешыцца можа й бязглузда, аднак жа
ратуе, жартуе i лашчыць, знiкае, лiецца адзiнае сонца тут i там.

______________________________

Барвенак

Барвенак здаўна прыпыніўся ў куце на надворку —
Дыванiк глянцава-пруткага зелля пад хмарай язміну.
Бабуля палола барвенак без шкадавання, яго не трывала, казала "смецце".
Калі ў нас бабуля памерла, дыванiк саткаўся ў вялізны абрус,
і цягам самае першай вясны захапіў нечаканы кавалак прасторы.

На могілках у вёсцы таксама хапае барвенку.
Ён разам з брусніцамі тут гаспадарыць як першы стыліст надмагілляў,
і дзіўна па контуры атачае сінімі кветкамі прастакутнікі
самых старых, апалых у зямлю, пахаванняў —
незаўважнае раптам стае відавочным..

Толькі дыхне красавік, а барвенак адразу
забытае робіць няўхільным.

______________________________

Пацук, што хутка з карабля не здолеў уцячы,
святкуе п’яны феерверк распаду.
Занадта цяжкi дым, занадта смех глухi,
занадта моцнае вiно ў паветры лiстапада.
Яго з пякельных рук пакорна п’еш, глядзiш,
як Бог здымае пра цябе кiно
i круцiць для цябе ж.
Шукаеш вечнай праўды там, дзе сам ты — шалi.
Тытанiк — карабель i баль,
ты абiраеш гразкi боль, а я — на чашы балю.
Пайду далей, удыхну, як лiсце лашчыць ногi,
i хлебнай кавы гiшпанскi смак,
i дождж уяўлю сукенкаю з манет,
i прыкры запалю сандал, i буду слухаць як
айцiшнiкi, а з iмi богi
у лiстападзе пакiдаюць свет.

______________________________

Выдыхі — гэта адзіныя лекі супраць
смерці, кахання, надвор’я, жадання, часу.
Часткаю лёгкіх, цяжкай душы часткай
выдыхнуць можна немач, цяжар, адсутнасць.

Так рэпетуем доўгі апошні выдых,
той, што сам на сам робіш з самім сабою
без спадзявання, публікі, сябра, зброі,
каб перайсці у стан суцэльных ад стану бітых.

Там дзе аскепкі словаў і слоўнік думак,
між асцярогай мовіць і сорамам скаргі,
выдыху маці — няўхільнасць, айцец — адказнасць,
іншага выдых ратуе ад нашага суму.

Выдых ёсць выбух, і ты асуджаны на яго, расстрэльны.
Гэта замена палёгкі, ілюзія справы, ахвяра дню,
быццам у пекле на выбліск знікае сцяна агню,
калі пра жраца ўкленчыць святы пустэльнік.

Былі б нават словы, ім не выказаць усё адно
тое, што абвяшчае выдых, калі валодае здрадна
горлам, ды для знямелых толькі адна парада
годная існуе — дыхаць роўна.

______________________________

Летнiя зномы

у спякоту жук сунецца па сцяблiне
наверх да кветкi пiвонi —
шукае гатэль, каб прабавiць ноч
зачынена — вось гэта нумар!

*
Пруткi дождж сустрэў маладога харта,
гуляе з сабакам у дартс:
простымi дроцiкамi ўбiваецца ў кудлы.
Лiецца, вiецца вада,
i праз кучаравую поўсць
сама стае кучаравай.
Дык што, хорце, скачаш, бы на Вялікдзень,
дождж зменiць цябе альбо ты дождж?

*
З сабакам гуляць – толькi бегаць.
Што там: iдзi, стой, зноўку iдзi, i гатова.
Кот жа — стварэнне панскага кшталту,
высокага рангу —
Шпацыр з катом патрабуе дрэва.
Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading