TAŬBIN

Such a short life

Poems by Hanna Sieviaryniec

Hanna Sieviaryniec

Hanna Sieviaryniec

***
Нямыя, глухія і невідушчыя,
І моцы ўжо не стае.
Але, як звер, што блукае ў пушчы,
Я ведаю сховы свае.

Гарачае сонца, пякельныя нетры,
Чужое мне песні пяе.
Але, як птушка, што мкне ў паветры,
Я помню гнёзды свае.

Тут мае сцежкі, тут мае стрэхі,
Мае палі і бары.
Як рыба, што плавае ў сініх рэках,
Я чую свае віры.

Як яно хутка ідзе, змярканне.
Страшна, ды што з таго.
Пчала, памажы дачакацца рання
Ля роднага вулля майго.

17.09.24

***
Такое кароткае жыццё. Такое кароткае.
Але ж запомніцца: некалькі вершаў і трагічная смерць.
Апантаныя ўчэпяцца,
знойдуць вострыя артыкулы,
скандальныя дзённікі,
невядомыя фота,
Вось спасылкі, тут і тут, калі ласка, можна ўсё паглядзець.
І ўсё там будзе не тое, бо не будзе галоўнага:
Паварот шэрай дарогі і на ўзбочыне грыўка травы.
І як згубіў галаву ад паху яе мядовага,
Так, як нават ад гарэлкі не губляў галавы.
А самае важнае, дзеля чаго ён і быў народжаны,
І тое, дзеля чаго варта было б жыць да ста,
Гэта тое, што маліны трэба есці толькі прыгоршчамі,
І толькі сонечным ранкам, і толькі з куста.

09.09.24

***
- А дзеўчыне той, як пабачыш, скажы,
Што без яе мне ніяк ня жыць,
І як бы хто іншае ні варажыў —
А я па вясне вярнуся.
А раптам вайне сто год ісці,
І сцежка мая зарасце у трысці,
І ў гэтым свеце яе не знайсці —
На тым я з ёй і абдымуся.
- А раптам цягнуцца сто год вайне,
І як на тым свеце і памяць міне,
То як ёй цябе пазнаць па вясне,
Як жа яна не памыліцца?
- Скажы ёй, што лёгка пазнае мяне,
Скажы, што адразу пазнае мяне,
Скажы, што дакладна пазнае мяне
Па дзірачцы на патыліцы.

25.07.24

***
Цётка Надзя забылася памерці
Недзе ў тысяча семсот нейкім бог ведама годзе,
Ужо ледзь тахкала сэрца,
Ужо нічога не зробіш у гародзе,
Ужо адпачынку прасіла цела,
Але яна неяк ператапталася, перацярпела,
Потым не было як, потым не было калі,
Дні беглі, тыдні гулі,
Часу нібыта было і шмат, але яна так і не мела хвіліны,
Прапусціла і дзявяты дзень, і саракавіны,
А там чарніцы пайшлі й маліны,
А там карове трэба накасіць, а там і жаць,
А хлеба спячы, а мыць, а праць,
Увайшла ў звычайны рытм —
І ўсё на тым.
І калі аднойчы прыехаў ротмістр у сувязі з царскім указам
Усіх тутэйшых занесці ў рэвізскую сказку,
І спытаўся, схіліўшыся над лістом:
"Сколько лет, старуха?" —
Разгубілася, махнула рукой і сказала: "Сто".
І цяпер у кожным перапісе гэтае вёскі
Яна ідзе адразу на першай старонцы,
І кожны перапісчык, стомлены і галодны,
Адное і тое ж пытаецца, ужо й не смяецца ніводны:
"А этой — сто?" — "Сто".
І рыпне пад кропкай стол.
Так і пайшло зноў па коле: Піліпаўка, Вялікдзень, Сёмуха,
Зацвітае чаромха, адцвітае чаромха,
Бульбу выкапалі, бульбу пасадзілі,
Дзеці дзяцей сваіх дзяцей нарадзілі,
Палёгка, вайна, палёгка, вайна, палёгка, вайна,
І ўжо зблыталіся імёны тых, па кім галасіла яна,
Што-што, а галасіць цётка Надзя ўмела спраўна,
Нават клікалі яе то да Яна, то да Івана,
І так прычытвала яна хораша, так — казалі — красіва,
Што кожны хацеў бы, каб і па ім менавіта яна галасіла.
Ах ты сокал мой, ты ж саколічак,
А што ты не падымешся, не скажаш словачка.
А не прыйдзеш ты дахаты ўзімачку,
А не прыйдзеш ты дахаты лецечкам,
А не пойдзеш ты ножкамі па сцежачцы,
І не бразне за табою клямачка.
За гэта і гасцінца ёй давалі, а іншы раз і грошы,
То быў са старой для сям’і прыбытак, і часам харошы.
А недзе там, за вёскай, то блізка, а то далёка,
Вайна, палёгка, вайна, палёгка, вайна, палёгка,
Скідалі цароў, кроілі межы, на сходах галёкалі,
Коні, палутаркі, аўтобусы, тэлефоны,
Рабыня Ізаура, студэнты з магнітафонамі:
- А як вы галосіце, цётка? Нам бы хаця б адно нешта, як узор?
- Так жа не можна… Сёння ж ніхто не памёр…
А неяк увечары цягнулася цётка з травою з рэчкі,
Бачыць — стаіць яна, чаканая госця, ля веснічак.
- То, можа, па мяне нарэшце?
Махнула рукой:
- Ды кінь ты. Няма мне іншага клопату, як з табой.
- Паслухай. Не маю ўжо сілы матляцца па свеце.
- Ай, цётка, без цябе мо жыць можна, ды як памерці?
І паплялася далей па вёсцы, туды, дзе былі ў яе справы.
І сонца ўсміхалася злева, а цемра — справа.

19.07.24

***
І ніяк не памерці, пакуль не памерла мара,
Што цябе і мяне пераўпарціць і перажыве,
Рассыпаюцца косткі ў попел штодзённых пажараў,
А над імі ў пякельным паветры яна плыве,
Не спыняюць яе ані краты, ані магілы,
Яна ветрам імчыць і гудзе па-над борам уначы,
Яна б’ецца ў сэрцы, і зноў не хапае мне сілаў
Ні забыць, ні спыніць, ні разбіць, ні стрымаць, ні ўцячы.
Ты стагоддзямі рвеш нашы грудзі, адчайная мроя,
Ты пятлёй успаўзаеш на шыю, праломваеш скронь,
Засыпаеш пяскамі сваіх абаронцаў і вояў,
Раздзімаеш з папераў бязлітасны чорны агонь,
Ад цябе не схвацца ні ў неба, ні ў пушчу, ні ў нетры,
Ты каханне, што б’е без шкадобы любога пад дых.
І ніяк не адмовіцца дыхаць тугім паветрам,
Што саткана з гарачай надзеі памерлых тваіх.

14.12.23

***
Няма ані эліна, ані іудзея,
Ні правіны, ні подзвігаў,
Ані расчаравання, ані надзеі,
Ані забыцця, ані водгулля,
Ёсць халодны вечар і чорнае неба на горадам,
Ланцужок агнёў на далёкай трасе,
Нехта шчэ паліць лісце, і цягне куродымам,
І апошнія вокны свецяцца ў школьнай класе.
Нехта там дапісвае цяжкую кантрольную
На самым пачатку сваіх няпростых шляхоў.
Там матэматычка, змірыўшыся з непазбежнай тваёй няздольнасцю,
Глядзіць у акно на ланцужкі аганькоў.
Яны выйдуць разам у лістападаўскі вецер,
І вахцёрка замкне за імі апусцелы дом.
Яго чакаюць бацькі, яе — дзеці,
Але спачатку горад, што дыхаў за чорным школьным акном.
І толькі цяжкая стома, цяжкая стома,
І далёкая траса, і бязлітасны лістапад.
Ланцужок машын цягнецца са сталіцы дадому,
Каб заўтра ўранні гэтак жа сама паўзці назад.

21.11.23

***
Ты пытаешся чаму я маўчу і чаму не спыняю войнаў
Ну па-першае я і праўда не маю такіх паўнамоцтваў
А па-другое паслухай вы так доўга жылі ў спакоі
Што згубілі арыентацыю ў прасторы і патрэбу ў вышэйшай моцы
Вы пачалі руйнаваць межы дабра і зла
Вы прыдумалі што яны не існуюць аб’ектыўна
Ну слухай ну нешта ж мусіла вам паказаць
Анёла на плячы і д’ябла за спінай
Паслухай хіба не ты казала што разуменне дабра залежыць ад пункту гледжання
Хіба не ты спрабавала зразумець забойцаў і дараваць крадзяжу
Ну ты ж ведаеш у мяне ўсё зафіксавана і з розных бакоў пацверджана
Дый ты сама ўсё памятаеш што я тут табе кажу
Цяпер глядзіце адчувайце і я з вамі таксама яшчэ раз адчую
Ці існуе аб’ектыўна рай і ад
Чакайце дна вось яно скажу па сакрэце сапраўды не існуе
Чакайце калі вернецца тое што ніколі не вяртаецца назад
Я ўжо таксама ці верыш сплакаў усе вочы
Стомільённы раз за апошнія дзве тысячы гадоў
Хто б спытаўся мяне тады ці хочаш альбо нават ці гатовы ты Ойча
Глядзець на ўсё гэта са сваіх бясконцых крыжоў
А яшчэ скажу табе цяпер ужо можна
Ты ўжо дарослая і на скронях тваіх серабро
Зло ніколі і нікім не будзе канчаткова пераможана
Але вы можаце зрабіць так
Каб пераможаным не было і дабро.

20.10.23

***
Я з імі цяпер упоравень,
Па кудзелі і па мячы.
Не верце, калі мы гаворым,
Верце, калі маўчым.
Слухайце нашу цемру,
Дыханне зерня ў раллі.
Верце крыжам і каменням,
Што з нашай растуць зямлі.
Верце спечанай сцежцы,
Што з горада ў лес цячэ,
Пустому лісту ў канверце
І вершу верце яшчэ.

21.06.23

Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading