* * *
Прывітанне, жыццё! Як жывецца табе ў гэтым жыце
на палях залатых?
Мабыць, мела ты рацыю: нельга чакаць адкрыццяў
на вакзалах пустых.
Цягнікі ўсіх развезлі — на дачы, у вырай, у бездань.
Змоўклі ўсе галасы.
І прыйшлося ісці пехатою па рэйках жалезных,
і распытваць лясы,
і распытваць палі з іх маўчаннем пшанічна-жытнёвым
пра жыцця майго след.
І вучыць як замежную тую таемную мову,
якой шэпча Сусвет.
27 лютага 2024
* * *
Зрабі інтанацыю роўнай: не трэба надрыву.
Хай стане аповед свабодным ад штампаў уплыву.
Хай лямпа высвечвае толькі няроўнасць паперы.
Стылістыка белага фону выхоўвае меры,
і рытму, і слоў пачуццё… Ці бясслоўя, мажліва.
Бясконцасць сінонімаў цішы збірай беражліва.
Мастацкага метаду сцюжы падлічвай прыкметы
(не белыя вершы, а белая проза Сусвету,
не мінус-прыёмы, а проста па Цэльсію мінус —
у шалік схавай сваю надта разумную міну).
Марозная проза жыцця — шматзначнасць прагалаў,
скразняк рэтардацый і насцеж адкрытых фіналаў…
9 студзеня 2024
* * *
Карэнне сонна мацае зямлю,
а голле стынь прасторы абдымае.
Праз сон я чую свет: я чуйна сплю.
Што снілася — раскажа лісце ў маі
на мове, зразумелай толькі мне.
У сне былі на іншай мове словы…
Калі ёсць лісце — не абавязкова
ўсе ведаць мовы: веданне міне,
а застанецца памяць снегу ў сне.
12 студзеня 2024
* * *
Люблю дэпрэсіўны пейзаж значна больш за дэпрэсію.
Мастацтва хавае ў сабе пахавальных працэсій
сцэнар. Гэта хітрая сутнасць прароцкіх жаргонаў.
Так Ян Багаслоў зашыфроўваў у лічбах Нерона.
Так кожны паэт зашыфроўвае побыту скрыгат
у рытме і рыфме. Каб свет перакласці пакрыху
з жаргону бяссэнсіцы на зразумелую мову,
каб хтосьці з аматараў сэнсу пачуў хоць палову.
23 студзеня 2024
* * *
Я навучу цябе павольна жыць.
Дарма што час заточвае нажы,
жыві, як жвір на сонным узбярэжжы:вада і сонца, хвалі і прамень…
Ідэйны змест жыцця — марудны цень:
ён ходзіць па Сусвеце толькі пешшу.
Чытай павольна тэксты цішыні.
Тырчаць па-над абрывам карані
сасны — як сімвал той бясслоўнай ролі,
што драматург пакінуў для сябе.
Па-над абрывам прыпыні свой бег.
Па гэтым болі рухайся паволі.
15 сакавіка 2024
Пасляслоўе
Не фігуры, не рыфмы, не тропы —
толькі ветру таемны шыфр,
толькі паўзы пасля шматкроп’яў,
толькі цішы снежная шыр.
Толькі там, за рытмам і метрам,
за страфой, за сцяной, за мяжой, —
шыфрам ветру, голасам мэтра…
Немагчыма… няможна… няўжо…
27 сакавіка 2024
Новы зборнік Алеся Дуброўскага-Сарочанкава "Пешшу" можна набыць тут:
"Skaryna Press"
Texts of silence
Poems by Alieś Dubroŭski-Saročankaŭ