што становіцца яўным
пад павекамі невядомыя раней вобразы
у снах рака
свет у якім можна злізваць кроплі поту з іншых людзей
спрабаваць быць чымсьці большым
за слабое і бледнае слова
шукаць кшталт шукаць форму
надаваць сабе форму
дзевяностыя
найвялікшыя плюсы сталення ў дзевяностыя
былыя Just 5* і прывід канца часоў
на жаль, праз абнаўленне прагнозаў
гэты дзень усё больш аддаляецца
як вышываць тут без вуды закінутай у будучыню
без закатак без нарыхтоўкі дроваў
я сяджу на Плантах** размаўляю з вожыкамі
не магу ці не хачу ўцякаць з Кракава
прынамсі тут у мяне ёсць месца
(я мяркую) на Батавіцкіх*** могілках
* Just 5 — польскі бойз-бэнд 90-х
** Планты — адзін з найбуйнейшых гарадскіх паркаў у Кракаве
*** Батавіцкія могілкі — могілкі ў Кракаве
пра кончыкі галінак
у сакавіку ўвечары калі ўжо цёмна але яшчэ не зусім
быць лініяй быць пунктам судакранання
на пакупніцкай сцежцы ў птушак
на мяжы паветра паміж пустэчай і сутнасцю
станавіцца ўключаным у сябе надаваць вагу форме
форма алешыны форма таполі
іголкі вожыкі грыбы растуць на вачах каля грузавікоў і легкавушак
(з вясны машыны таксама вырастаюць)
чалавечыя дзеці будуць вішчаць ад шчасця і фоткаць
верш напісаны каля габрэйскіх могілак у Цешыне
1. першая спроба
вуліца Буцэвіча
а потым Галжаская
затым павярнуць налева
дарога прыемная
яркія аблокі ўдалечыні
цёмныя хмары над горадам
роўна пастрыжаная загарадзь
месца нацыянальнай памяці
забаронена выгульваць сабак
ці можна паліць на могілках
ці варта пісаць радасныя вершы
бо такое святло б'е з плюшчу
з прысадзістых надмагілляў
хтосьці хто тут ляжыць
калупаўся у носе
хадзіў нацянькі
адважна маладушна часам ляніва
яркія аблокі ўдалечыні
цёмныя хмары над горадам
ты была прыхаднем
ты была выпадкам
удалечыні рака цягнік
гараджане не адрозніваюць птушак
штосьці свіргоча шчабеча вой сірэн
закінуты домік слімака прарос пустазеллем
2. кідок вуды
тут прыгожа але гэта нічога не значыць
напрыканцы ліпеня ішоў дождж
таму мусіць буяць зеляніна
(даследую скалістасць раструшчаных надмагілляў)
ці з'яўляецца перажыванне каштоўнасцю само па сабе
правесці праз мост двух хлопцаў-падлеткаў
крапіва кусае праз тканіну штаноў пячэ вельмі пячэ
на вочы наварочваюцца слёзы
не плач ты не дзіця
(каменнае сэрца каменны пагляд)
(быць сухім позіркам
у плітах каменных надмагілляў)
Пераклад з польскай Дар'і Бялькевіч
Shaping yourself
Poems by Polish-Peruvian poet Alheli Malaga in Belarusian translations