пятля 1.
/адзінка/
вобраз можа змяшчаць калідор
плед у клетку расце над маёй
галавой скрутак у татавых руках
у сярэдзіне капрызіць немаўля
малодшага брата прывезлі з бальніцы
маю два з паловай гады няпоўны метр росту
і першы ў жыцці ўспамін
іншы шэры плед ужо чакае на падлозе
звісае адтуль сагнутае калена
ненатуральна застылая далонь
я б хацела сцерці засохлую кроў з твару
апошні ўспамін жыцця
/двойка/
мы жылі ў тым самым горадзе
на двух яго канцах і на двух
супрацьлеглых прыпынках ментальнай мапы
ўжо даўно не слухалі тую самую
музыку даўно згубілі пытанні
што адпавядаюць адказу калі пісала
дысертацыю пытаў калі скончу доктарскую
калі скардзілася на дзяцей сам
здаваўся вечным дзіцём але
калі засумавала па снегу вывеў
з гаража карсінку* і паехалі ў горы
/шасцёрка/
мы жылі на двух канцах горада і так рэдка
сустракаліся што падарунак на дзень народзінаў
несла яму цягам чатырох месяцаў і занесла
да адкрытай труны разам са жменяй зямлі
не змагла ні развітацца ні падрыхтавацца
да таго што зараз пастаянна яго сустракаю
амаль кожны дзень на вуліцы на прыпынку
трохі згорбленага ў змятай вятроўцы
зануранага ў думкі ў акулярах і з торбаю праз плячо
бясконца чакае на пятлі на чарговы трамвай
пятля 2.
/ камбінацыі / клавіш /
вобраз можа змяшчаць горад неба сонца птушак звяроў
вобраз кола трамваяў аўтобусны прыпынак стаянка таксі
можа балкон на трэцім непалітыя расліны настойлівыя галубы
змяшчаць дзіцячы пакой адкрытае піяніна лега на падлозе
вобраз дзеці што граюць у тэлефоне дарослыя што глядзяць серыялы
можа жанчына сыходзіць з самалёта мужчына кіруе аўто
змяшчаць сапсуты настрой зламаная рука зламаны кантрабас
вобраз пахіленыя галовы камбінацыі клавіш сцішаныя галасы
можа жанчына сядзіць за сталом мужчына сядзіць у фатэлі
змяшчаць плошча мора людзей плакаты раскрытыя парасоны нешта нейкае
вобраз чарга да касы чарга на рэгістрацыю чарга да акна
можа старое аўто перапоўнены шпіталь закінутыя могілкі
змяшчаць космас які можа змяшчаць экран які можа змяшчаць
вобраз які нічога не змяшчае нічога не даводзіць нічога не значыць
на фоне для алгарытму што адчувае назірае апісвае лічыць
зямля неба
кабінацыі клавіш
вада паветра
пятля 4.
/ твой / хлопец / абірае / баха
адзінота ў адносінах раніць мацней
бо нікому нельга нічога расказаць
усе сяброўкі думаюць што ў вас лепей
усе прыхільнікі змянілі адрасы
ўсе серыялы ўжо перагледжаныя разам
усе аліўкі з’едзеныя а косткі выплюнутыя
ўсё начынне сабранае са стала і памытае
адзежа знятая з сушылкі і складзеная стосам
усе дзеці спяць пакладзеныя ў свае ложкі
свае і сумесныя іншых у планах няма
проста так цырульнік і намаляваныя пазногці
проста так поўня поўнач і смутак
твой хлопец абірае баха і чытае яго біяграфію
замест таго каб маляваць замкі на тваім жываце
пятля 5.
/ тая / жанчына / то / не
вобраз можа змяшчаць
жаночае цела на беразе
ці жанчына тоне
іначай чым мужчына
жанчыны тонуць сціпла
жанчыны тонуць годна
жанчыны ўвогуле тонуць
радзей бо хіба што
не знойдзецца жанчыны
якая пасля сёмай бутэлькі піва
скача з мола ў
ваду тэмпература якой два
наццаць градусаў каб
уразіць
каляжанак жанчына перш як
патануць адшаруе рондалі
нафарбуецца
набярэ поўныя кішэні
камення і толькі
тады ідзе
проста на
дно
*карсінка - Opel Corsa
The image may contain
Poems by Polish poet and translator